Памятаем мінулае, верым у будучыню!

- 12:23Гродзеншчына

Сярэдняя школа № 5 Мастоў — установа, дзе паважаюць гісторыю і захоўваюць традыцыі, прывіваюць на рэальных жыццёвых прыкладах, а не навязваюць любоў да роднай зямлі. Ведаць гісторыю Беларусі і іншых краін, разбірацца ў сітуацыі і ўмець самастойна рабіць высновы, асвойваць новыя веды і быць грамадзянамі сваёй краіны навучэнцы класаў прававой накіраванасці вучацца кожны дзень. Патрыятычнаму выхаванню тут адводзіцца асаблівая роля. Невыпадкова на базе гэтай установы адукацыі працуе і міжшкольны цэнтр дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі.

Дырэктар школы Таццяна Лягеза.

— Наша школа працуе ў рэжыме развіцця адукацыйнай прасторы і стварае ўмовы для фарміравання і ўдасканалення фізічнага развіцця, псіхалагічнай бяспекі і камфорту, маральнага здароўя з мэтай павышэння культуры ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Асноўныя прыступкі на шляху станаўлення асобы навучэнца: вучань — патрыёт — грамадзянін, — адзначае дырэктар сярэдняй школы № 5 Мастоў Таццяна Лягеза. — Сёння ва ўстанове вучацца 854 школьнікі, працуюць 134 педагогі. Прычым радуе, што маладыя спецыялісты, адпрацаваўшы неабходны тэрмін, застаюцца ў калектыве. 29 педагогаў — выпускнікі нашай школы.

Ва ўстанове адкрыты класы спартыўнай і прававой накіраванасці. У спартыўнай зале ўстаноўлены скаладром. Дзейнічае вучэбная бізнес-кампанія “Нітка і іголка”. Установа мае статус “Зялёная школа”. Гордасцю школы з’яўляецца народны гісторыка-патрыятычны музей “Памяць”.

За дасягненні поспехаў у вучобе і творчасці 7 навучэнцаў школы ўдастоены стыпендыі імя Аляксандра Дубко. 5 навучэнцаў адзначаны прэміяй спецыяль­нага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Адзін навучэнец — стыпендыят фінскага фонду “Олві” за дасягненні ў спорце, чацвёра школьнікаў маюць 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні.

Гасцей школы віталі сёлетнія выпускнікі класа прававой накіраванасці — каманда актыўных, мэтанакіраваных, эрудзіраваных маладых людзей, якія дзейнічаюць пад дэвізам “Памятаем мінулае, захоўваем цяперашняе, верым у будучыню!”. Па словах саміх вучняў, іх галоўны прыярытэт — моцныя веды. Сярод вучняў класа — удзельнікі алімпіяднага руху, члены школьнага навуковага таварыства, пераможцы спартыўных спаборніцтваў.

Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталлі Сакута, адукацыйны працэс у прававых класах накіраваны на выхаванне дзяржаўнага светапогляду і законапаслухмянасці, фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі, прававой, палітычнай і інфармацыйнай культуры навучэнцаў, патрыятызму, любові да роднага краю, а таксама на прыцягненне ўвагі вучняў школы да прафесій прававой накіраванасці.

У сярэднім звяне вучні класа наведвалі факультатыўныя заняткі “Асновы прававой культуры”, сёлета на павышаным узроўні яны вывучалі матэматыку і рускую мову. Падчас вучобы больш гадзін выдзялялася для правядзення пазакласнай работы, накіраванай на прававое і грамадзянска-патрыятычнае выхаванне. На базе засвоеных прававых ведаў навучэнцы авалодвалі ўменнямі і навыкамі іх выкарыстання для ацэнкі паводзін людзей. Арганізоўваліся тэматычныя гутаркі на прававую тэматыку, сустрэчы з работнікамі суда, пракуратуры, інспекцыі па справах непаўналетніх. Было наладжана і цеснае супрацоўніцтва з Мастоўскім РАУС: вучні больш глыбока знаёміліся з работай міліцыі, для іх арганізоўваліся экскурсіі, творчыя конкурсы, патрыятычныя акцыі.

Мэтанакіраваная работ­а дала свой плён. Навучэнцы класа плануюць паступац­ь у Акадэмію МУС, Магілёўскі інстытут МУС, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС, Беларускую дзяржаўную акадэмію авіяцыі, а таксама на юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Як прызналіся самі навучэнцы, выхаванню грамадзянскасці і патрыятызму садзейнічала навучанне ў міжшкольным цэнтры дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі, які наведваюць вучні 10-х і 11-х класаў горада. Штогод тут вучыцца больш за 300 старшакласнікаў. Сярод задач цэнтра — падрыхтоўка старшакласнікаў да ваеннай службы ва Узброеных Сілах, ваенна-патрыятычнае выхаванне, прафесійная арыентацыя школьнікаў. Гэтыя задачы вырашаюцца ў цесным супрацоўніцтве з органамі ўнутраных спраў, раённым аддзелам па надзвычайных сітуа­цыях, Мастоўскай цэнтральнай раённай бальніцай.

У цэнтры створаны і абсталяваны кабінеты для вучэбных заняткаў, дзейнічае стралковы цір, ёсць трэнажорная зала. Наяўнасць сучаснага электроннага трэнажора “Скат” з галасавым абвяшчэннем вынікаў стральбы дазваляе ўмомант аналізаваць і выпраўляць памылкі навучэнцаў.

У ціры старшакласнікі набываюць першыя навыкі стральбы. Школьнікі вучацца разбіраць і збіраць аўтамат Калашнікава, начыняць магазін вучэбнымі патронамі, весці пальбу па нерухомай цэлі. Заняткі праводзіць настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі Іван Сарока. На базе цэнтра дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Юны стралок”. Можна было бачыць, што старшакласнікі страляюць дакладна і дастаткова шчыльна.

— Адна з задач дапрызыўнай падрыхтоўкі — маральна-псіхалагічная падрыхтоўка да ваеннай службы. Яна фарміруецца не толькі ў працэсе азнаямлення юнакоў з гераічным мінулым беларускага народа, вывучэння ваеннага заканадаўства нашай краіны, але і падчас практычных заняткаў па фарміраванні фізічнай культуры асобы. Гэтую задачу дапамагае вырашыць трэнажорная зала, абсталяваная дастатковай колькасцю сучасных трэнажораў, — расказвае І.В.Сарока. — Трэнажорная зала таксама з’яўляецца базай для падрыхтоўкі навучэнцаў да спартыўных спаборніцтваў. На працягу 5 гадоў установа займае лідзіруючыя пазіцыі ў кругла­гадовай спартакіядзе школьнікаў. Вучні не раз станавіліся прызёрамі раённай спартакіяды па зімовым і летнім мнагаборстве “Абаронца Айчыны”.

Сёлета ў кабінеце медыцынскай падрыхтоўкі заняткі праходзяць для 152 дзяўчат са школ горада. Дарэчы, за 3 гады звыш 40 выпускніц звязалі сваю будучыню з медыцынскай спецыяльнасцю. У працэсе заняткаў, якія праводзіць Галіна Абуховіч, навучэнцы набываюць практычныя навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі пры траўмах і няшчасных выпадках, у тым ліку і ў штодзённым жыцці. Для гэтага ў кабінеце створаны ўсе ўмовы. У распараджэнні настаўніка — метадычная і тэхнічная база, якая дазваляе арганізаваць эфектыўную работу на ўроку. Пры правядзенні вучэбных заняткаў выкарыстоўваюцца вучэбныя дапаможнікі пад рэдакцыяй І.Новік, сшыткі для практычных работ на друкаванай аснове, кантрольна-вымяральныя матэрыялы. Наглядны матэрыял у выглядзе стэндаў і плакатаў дазваляе сістэматызаваць атрыманыя веды. Па кожным уроку дзяўчатамі сумесна з настаўніцай распрацаваны і сістэматызаваны прэзентацыі, відэаролікі, дыдактычны і наглядны матэрыял. Навучэнцамі сабраны гербарый “Лекавыя расліны”, які выкарыстоўваецца пры вывучэнні адпаведнай тэмы. Шырокія магчымасці для эфектыўнага вывучэння прадмета прадастаўляе інтэрнэт.

Пасля заканчэння 10 класа дзяўчаты праходзяць абавязковую летнюю практыку, на якой адпрацоўваюць уменні і навыкі па аказанні першай медыцынскай дапамогі (у супрацоўніцтве з ЦРБ, раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа).

Удзельнікі прэс-туру ўбачылі фрагмент практычных заняткаў па адпрацоўцы навыкаў аказання першай медыцынскай дапамогі пры крывацёку па тэме “Хутчэй за “хуткую”. Дзяўчаты змадэлявалі вучэбную сітуацыю і ў парах адпрацавалі спосабы спынення крывацёку.

Адзінаццацікласніцы На­дзея Ціток, Наталля Русак і Валерыя Макарава расказалі, што медпадрыхтоўка значна паўплывала на прафесійны выбар. Заняткі ў цэнтры дазволілі канчаткова вызначыцца з прафесіяй, а веды, атрыманыя тут, дзяўчаты змогуць прымяніць як у жыцці, так і ў прафесійнай дзейнасці.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.