Памяць і боль

- 9:56Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Сёння ў Віцебску пачаўся веснавы этап маштабнага культурна­адукацыйнага праекта “Аўтацягнік памяці: Беларусь непакораная”.

Сумесны праект гарвыканкама і турыстычна-інфармацыйнага цэнтра “Ілва” ажыццяўляецца пры актыўнай падтрымцы гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, гаркама і абкама БРСМ, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі абласнога цэнтра. Першыя аўтацягнікі адправіліся ў падарожжа год назад — у мінулым красавіку. Старт быў дадзены на плошчы Перамогі, дзе адбыўся мітынг-рэквіем з ускладаннем кветак да Вечнага агню, — менавіта такі пачатак стаў традыцыйным. Маршрут заўсёды прадугледжвае знаёмства як са знакавымі для беларусаў гістарычнымі мясцінамі, так і з вядомымі гістарычна-культурнымі, адукацыйнымі, навуковымі і прамысловымі аб’ектамі, якія складаюць гордасць сучаснай Беларусі. У пачатку праекта ў лік ключавых пунктаў увайшлі пабудаваны да 60-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна” ў Мінскім раёне — адзін з найбуйнейшых на тэрыторыі Беларусі фартыфікацыйных ансамбляў, а таксама мемарыяльны комплекс “Праклён фашызму” на месцы знішчанай гітлераўскімі карнікамі ў маі 1943 года ў ходзе аперацыі “Котбус” вёскі Шунеўка ў Докшыцкім раёне. У кастрычніку мінулага года ўдзельнікі праекта наведалі мемарыяльныя комплексы “Прарыў” на Ушаччыне, “Хатынь” у Лагойскім раё­не, Мінск і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер аўтацягнік накіраваўся па маршруце Віцебск — Магілёў — Буйніцкае Поле — Чырвоны Бераг — Віцебск, аўтобусы будуць адпраўляцца штотыдзень. На кожным этапе патрыятычны марафон аб’ядноўвае ад 1,5 да 3 тысяч навучэнцаў і педагогаў з больш як 30 школ і гімназій, студэнтаў, прадстаўнікоў працоўнай моладзі і грамадскіх арганізацый.  

— Наш праект — жывое праяўленне гістарычнай памяці, павага да загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне, да ўсіх, хто набліжаў Вялікую Перамогу, а ў пасляваенны перыяд змог адра­дзіць зруйнаваную захопнікамі Бацькаўшчыну, дзякуючы каму мы сёння жывём у мірнай незалежнай краіне, — адзначыла начальнік аддзела па адукацыі Віцебскага гарвыканкама Святлана Дарошчанка. — Па­дзеі мінулай вайны — нашы агульныя памяць і боль, бо праз страты і пакуты ваеннага ліхалецця прайшла фактычна кожная беларуская сям’я. Таму тэматыка накіраваных на грама­дзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі мерапрыемстваў, якія мы праводзім ва ўстановах адукацыі ў Год гістарычнай памяці і напярэдадні 9 Мая, блізкая ўсім нам. Гэта, напрыклад, урокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі вайны і малалетнімі вязнямі фашызму, розныя творчыя конкурсы, што дазваля­юць дзецям праявіць свае здольнасці ў вершах, сачыненнях, малюнках, іншых мастацкіх жанрах, і тым самым дакрануцца да велічнай гісторыі народа, адчуць, што яна прахо­дзіць не толькі праз сучасныя падзеі, але і праз уласныя пачуцці і думкі. Усе ўстановы адукацыі — удзельнікі праекта адзначаны дыпломамі аддзела па адукацыі гарвыканкама.

Раніцай пасля мітынгу ля мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў у Віцебску ўдзельнікі марафону адправіліся на Магілёўшчыну. Там запланавана наведванне мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”, дзе для ўшанавання подзвігу абаронцаў горада, якія загінулі ў 1941 го­дзе, прой­дзе акцыя “Гэтае поле — радзіма Перамогі”. Далей па праграме — экскурсія “Магілёў — старажытны горад на Дняпры”. Удзель­нікі марафону наведаюць галоўныя славутасці: гарадскую ратушу, плошчу Зорак, драматычны тэатр, палац Георгія Каніскага, кафедральны сабор Трох Свяціцеляў. Затым аўтацягнік ру­шыць у напрамку вёскі Чырвоны Бераг. Там адбу­дзецца экскурсія па мемарыяле “Дзіцячая Хатынь”, ускладанне кветак да скульптуры дзяўчынкі ў мемарыяльным комплексе “Дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны” і знаёмства з культурнай славутасцю Беларусі — сядзібна-паркавым комплексам XIX стагоддзя Козел-Паклеўскіх. Па шляху руху аўтацягніка для ўдзельнікаў пад­рыхтаваны тэматычныя віктарыны і конкурсы, дэманстрацыя ўрыўкаў з фільмаў пра гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.

— Хацелася б асобна адзна­чыць зацікаўленасць бацькоў ва ўдзеле ў праекце, — акцэнтавала ўвагу дырэктар турфірмы “Ілва” Ларыса Пятроўская. — Калі яны далучаюцца да работы настаўнікаў і нашай як арганізатараў — гэта надзвычай каштоўна. Практычна кожны раз перад паездкай бацькі па ўласнай ініцыятыве набываюць кветкі і перадаюць іх дзецям з наказам: “Ускладзіце іх там, дзе падкажа сэрца”. Калі ў Шунеўцы, Хатыні падчас экскурсій школьнікі ў задуменні спыняліся і пакідалі кветкі ля манументаў, на месцах сядзіб, гэта кранала да слёз. Відавочна, што для мола­дзі гэта не проста чарговая паездка, а ўрок патрыятызму і гістарычнай памяці, які пакінуў след у душы і дазволіў глыбей зразумець значэнне вялікага подзвігу нашых продкаў.

 Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлены турыстычна-інфармацыйным цэнтрам “Ілва”.