Паштовыя зорачкі

- 10:26Адукацыйная прастора, Прафесійна-тэхнічная адукацыя

ХІ Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства сярод будучых паштовых работнікаў сабраў у Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі 21 удзельніцу. 

— Конкурс не толькі вызначаў узровень засваення навучэнцамі тэхналагічных працэсаў па прыёме, апрацоўцы і ўручэнні паштовых адпраўленняў, аказанні паштовых і фінансавых паслуг, развіваў працоўную і творчую актыўнасць моладзі, але і дапамагаў умацаваць сувязі паміж профільнымі ўстановамі адукацыі краіны і асноўным заказчыкам іх кадраў — РУП “Белпошта”, — расказала дырэктар Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” В.М.Пух.

У спаборніцтве ўдзельнічалі 7 каманд: “Дзяўчаты з характарам” з Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, “Пошта без меж” з Віцебскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, “Лэдзі сувязі” з Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі, “Служба добрага настрою” з Барысаўскага дзяржаўнага каледжа, “Сувязь пакаленняў” з Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя прыборабудавання, “Дасканаласць” з Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну і “Паштовыя зорачкі” з Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа. Канкурсанткі выконвалі мастацкае заданне, якое складалася з візітоўкі каманды і дамашняй работы, а таксама ўдзельнічалі ў прафесійнай эстафеце (паштовай размінцы).

У камандным заліку лепшымі аказаліся “Лэдзі сувязі”. У асабістым заліку не было роўных Ганне Прымак з Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі і Вераніцы Яхнавец з Барысаўскага дзяржаўнага каледжа.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.