Пасрэднікі паміж навукай і вытворчасцю

- 12:35Кампетэнтна

Інавацыі… Як многа ў гэтым слове — навука, творчасць, абнаўленне, лідарства, прагрэс. Гэта тое, што павышае эфектыўнасць эканомікі, спрыяе павышэнню якасці жыцця і робіць кожнага ўдзельніка працэсу багацейшым матэрыяльна, інтэлектуальна і маральна.
Як вядома, наша краіна ўзяла курс на пабудову інавацыйнай эканомікі, і пастаўлена задача аб падрыхтоўцы адпаведных кадраў. Эксперты падлічылі, што для новай інавацыйнай эканомікі патрабуецца каля 60 тысяч спецыялістаў якасна новага ўзроўню, здольных да інавацыйнай успрымальнасці і практычнай дзейнасці.
Пра тое, як вядзецца падрыхтоўка такіх спецыялістаў у БНТУ, нам расказаў загадчык кафедры “Эканоміка і кіраванне навуковымі даследаваннямі, праектаваннем і вытворчасцю” прыборабудаўнічага факультэта, доктар эканамічных навук, прафесар Юрый Іванавіч ЕНІН.

— Юрый Іванавіч, ваша кафедра ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў па дзвюх суперактуальных і перспектыўных спецыяльнасцях: “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці (у прыборабудаванні)” і “Інавацыйны менеджмент”. Раскажыце, што адрознівае іх ад проста “Эканомікі” і проста “Менеджменту”?
— Па першай спецыяльнасці (хачу адзначыць, што гэта аснова і будучыня нашай прамысловасці) вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў з глыбокімі інжынернымі і эканамічнымі ведамі. Яны могуць працаваць не толькі ў такой прыярытэтнай галіне, як прыборабудаванне (мікра- і нанатэхніка, оптыка-электронныя, інфармацыйна-вымяральныя тэхналогіі і г.д.), але і на прадпрыемствах іншага профілю.
Спецыялізацыя ў галіне інавацыйнага менеджменту дазваляе выпускнікам авалодаць эканомікай ведаў і кіраваннем інавацыямі на прадпрыемстве, кiраваннем інтэлектуальнай уласнасцю (патэнтамі, ліцэнзіямі), а таксама інавацыйным праектаваннем і інавацыйнымі тэхналогіямі, інтэрнэт-маркетынгам і г.д.
Менеджары-эканамісты, якія спецыялізуюцца ў галіне інавацыйнага менеджменту, запатрабаваны ў міністэрствах і ведамствах, а таксама ў арганізацыях і на прадпрыемствах усіх форм уласнасці. Яны прымаюць непасрэдны ўдзел у фарміраванні інавацыйнай эканомікі, інавацыйна-прамысловых кластараў, суб’ектаў інавацыйнай інфраструктуры.

— Канкрэтызуйце, калі ласка, як гэта адбываецца на практыцы?
— Калі сутнасць інавацыйнай інфраструктуры — звязаць навуку і вытворчасць, то задача менеджара такога профілю — быць каардынатарам гэтага працэсу і выступаць пасрэднікам паміж распрацоўшчыкам і вытворцам-спажыўцом інавацыйнай прадукцыі.
Менеджар у галіне інавацыйнай дзейнасці — гэта спецыяліст, арганізатар, які добра разумее і, галоўнае, адчувае навуку кіравання інавацыямі. Яго работа заснавана на веданні заканадаўства, асноў інжынерных і, вядома, эканамічных дысцыплін. Галоўная задача такога менеджара — дапамагаць распрацоўшчыкам у камерцыялізацыі навукова-тэхнічнай прадукцыі.
Напрыклад, для рэалізацыі інавацыйнага праекта неабходны інвестыцыі, г.зн. адпаведнае фінансаванне. Прамы абавязак менеджара згаданага профілю — аказаць распрацоўшчыкам садзейнічанне ў пошуку інвестараў (хай гэта будзе дзяржава ці прыватная асоба), гатовых укласці сродкі ў рэалізацыю праекта. Для гэтага перш за ўсё неабходна наяўнасць бізнес-плана. Прычым у ім павінны быць адлюстраваны не толькі выдаткі на стварэнне і рэалізацыю інавацыі. Бізнес-план уключае таксама маркетынг, фінансавае планаванне, ацэнку эфектыўнасці інвестыцый, юрыдычныя аспекты дзейнасці і г.д. Акрамя таго, неабходна прадугледзець магчымыя рызыкі і шляхі іх мінімізацыі.
Асаблівае значэнне ў рэалізацыі інавацыйных праектаў маюць пытанні кіравання інтэлектуальнай уласнасцю: трэба патэнтаваць або не, у якім аб’ёме, у якіх краінах і г.д. Тут нельга не згадаць аб патэнтных даследаваннях, якія з’яўляюцца адным з асноўных інструментаў кіравання. Яны дапамагаюць прыняць рашэнне аб мэтазгоднасці распрацоўкі, яе патэнтаванні і г.д. аж да пошуку прамых канкурэнтаў, патэнцыяльных партнёраў, з кім можна скааперавацца з мэтай адкрыцця сумеснага ці замежнага прадпрыемства, заключэння ліцэнзійнай дамовы або дамовы на правядзенне сумесных даследаванняў, вызначэнне заканадаўча ўстаноўленых межаў прэферэнцый. Усё гэта знаходзіцца ў кампетэнцыі менеджараў згаданага профілю.

— Часта для паспяховай дзейнасці толькі прафесійных навыкаў недастаткова. Якія асабістыя якасці павінны быць у інавацыйнага менеджара?
— Гэта перш за ўсё камунікабельнасць, мэтанакіраванасць, дыпламатычнасць, настойлівасць, добрыя арганізатарскія здольнасці. Спецыфіка работы інавацыйнага менеджара такая, што ўвесь час даводзіцца мець зносіны з рознымі людзьмі: інвестарамі, дзяржаўнымі служачымі, дырэктарамі прадпрыемстваў. І дабівацца выніку даводзіцца ў людзей розных узростаў, культур і характараў.
Асаблівага падыходу патрабуюць распрацоўшчыкі-інаватары — людзі з асаблівым складам розуму, нестандартным мысленнем і светаўспрыманнем. Неабходны элемент паспяховай кар’еры — веданне моў. Дзякуючы спрыяльнай палітыцы рэктарата БНТУ ў нас ёсць магчымасць бясплатна займацца на курсах замежнай мовы на базе Рэспубліканскага інстытута інавацыйных тэхналогій. Прафесарска-выкладчыцкі склад і студэнты нашай кафедры могуць наведваць семінары па кіраванні інтэлектуальнай уласнасцю.

— Юрый Іванавіч, ваша кафедра плённа супрацоўнічае з Рэспубліканскім інавацыйным унітарным прадпрыемствам “Навукова-тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік”. Напэўна, гэта дапамагае студэнтам вельмі хутка прымяніць тэарэтычныя веды на практыцы?
— Так, сёння можна з упэўненасцю сказаць, што “Палітэхнік” з’яўляецца найбольш буйной і развітай інавацыйнай структурай у сістэме вышэйшай школы краіны і выступае як саюз тэхналагічна арыентаваных прадпрыемстваў пад патранажам універсітэта. Ён садзейнічае ўкараненню ў рэальным сектары эканомікі вынікаў навукова-даследчай работы навукоўцаў БНТУ і актыўна ўдзельнічае ў адукацыйным працэсе.
Дарэчы, Навукова-тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік” — першая арганізацыя ў нашай краіне, якая атрымала ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях Беларусі статус суб’екта інавацыйнай інфраструктуры. Тут створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця маладзёжнага прадпрымальніцтва ў навукова-тэхнічнай сферы і ажыццяўлення інавацыйнага працэсу: пошук новаўвядзенняў — выпуск інавацыйнага прадукту — практычная рэалізацыя.
Сёння шэрагам падраздзяленняў “Палітэхніка” кіруюць нашы выпускнікі, якія апынуліся там падчас практыкі і ім прапанавалі паўдзельнічаць у распрацоўцы інавацыйнага праекта. Напрыклад, па стварэнні ў тэхнапарку новага прадпрыемства “Дарожна-будаўнічыя інавацыі”, якое займаецца вытворчасцю палімерных дабавак для асфальтабетонных сумесяў. На выхадзе з універсітэта нашы выпускнікі падрыхтавалі бізнес-план інавацыйнага праекта, які цяпер рэалізуецца на практыцы.
У гэтым сэнсе БНТУ з’яўляецца яркім прыкладам інтэграцыі адукацыйнага працэсу і інавацыйнай дзейнасці. Хацелася б адзначыць, што і міжнародны вопыт паказвае: прафесійныя навыкі спецыялістаў мэтазгодна фарміраваць і развіваць на базе інавацыйнай структуры, якая актыўна працуе і дзе ёсць магчымасць арганізаваць самастойную працу студэнтаў на аснове рэальнага інавацыйнага праекта.
Яскравы прыклад — супрацоўніцтва тэхнапарка з вядомым беларускім навукоўцам Уладзімірам Цімафеевічам Мінчэнем. Да яго, калі так можна сказаць, была “прыстаўлена” група маладых ініцыятыўных хлопцаў-менеджараў, якія ўзялі на сябе ўсе арганізатарскія функцыі, а сам вучоны займаецца непасрэдна навуковымі даследаваннямі. Гэта значна аптымізуе інавацыйны працэс і не адцягвае вучонага ад навуковай дзейнасці. У будучыні яго распрацоўкі будуць пакладзены ў аснову новай высокатэхналагічнай вытворчасці або інавацыйнага прадпрыемства пры ўніверсітэце.
А ўвогуле мы плануем, што студэнты нашай кафедры з другога-трэцяга курса будуць замацоўвацца за цікавымі і перспектыўнымі інавацыйнымі праектамі ўніверсітэта. У перспектыве на іх базе яны змогуць арганізаваць свае малыя інавацыйныя прадпрыемствы.

— Дзякую, Юрый Іванавіч, за гутарку.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.