Патрэбна больш інтэнсіўная работа ў напрамку экспарту на новыя перспектыўныя рынкі

- 12:19Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў канстатаваў зніжэнне запасаў гатовай прадукцыі на складах, а таксама пэўныя зрухі ў дыверсіфікацыі беларускага экспарту. Аб гэтым ён заявіў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў.

У прыватнасці, разглядалася пытанне аб прынятых дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі мерах па нарошчванні і дыверсіфікацыі экспарту тавараў і паслуг за студзень — май бягучага года і выніках работы службовых асоб, замацаваных за замежнымі краінамі.
Ключавой задачай стабільнага росту нацыянальнай эканомікі з’яўляецца нарошчванне дыверсіфікацыі экспарту айчыннай прадукцыі. У сувязі з гэтым Андрэй Кабякоў адзначыў, што па выніках студзеня — мая 2015 года ў знешнім гандлі таварамі і паслугамі сфарміравалася дадатнае сальда ў суме амаль $675 млн, што перавышае вынік аналагічнага перыяду мінулага года больш як на $300 млн.
“Намеціўся зрух у скарачэнні запасаў гатовай прадукцыі на складах, аб’ём якіх знізіўся ў параўнанні з першым паўгоддзем мінулага года на Br1,8 трлн і да сярэднямесячнага аб’ёму прамысловай вытворчасці склаў 77,1 працэнта, у той час як у чэрвені 2014 года ён складаў 81,4 працэнта”, — сказаў прэм’ер-міністр. Тым не менш, лічыць ён, існуючая дынаміка не ў поўнай меры адпавядае задачам па разгрузцы складоў.
Ёсць пэўныя зрухі і ў дыверсіфікацыі экспарту, адзначыў прэм’ер. Так, за студзень — май бягучага года экспарт беларускіх тавараў павялічыўся на рынкі краін Азіі больш як на $100 млн, Афрыкі — амаль на $50 млн. Разам з тым назіраецца пэўнае адставанне ад устаноўленага прагнознага параметра па экспарце ва ўсіх галінах і рэгіёнах, адзначыў Андрэй Кабякоў.
Такім чынам, рэзюмаваў кіраўнік урада, неабходна далейшая канцэнтрацыя намаганняў па нарошчванні экспарту і пошуку новых рынкаў збыту. “Сітуацыя пацвярджае неабходнасць больш дынамічнага зрушэння цэнтра цяжару ў экспартнай палітыцы з традыцыйных рынкаў на іншыя напрамкі геаграфічнай і таварнай дыверсіфікацыі экспартных патокаў, — адзначыў прэм’ер-міністр. — Патрэбны якасна новыя інавацыйныя тавары і паслугі”.
У сувязі з гэтым Андрэй Кабякоў абазначыў ключавую задачу для ўсіх галін эканомікі, якая заключаецца ў павышэнні канкурэнтаздольнасці прадукцыі, якая выпускаецца.
Акрамя таго, ён адзначыў, што дыверсіфікацыя знешняга гандлю не можа быць паспяховай без тавараправоднай сеткі з шырокай геаграфіяй. “Патрэбна больш інтэнсіўная работа ў напрамку экспарту на новыя перспектыўныя рынкі, якімі, у прыватнасці, з’яўляюцца краіны — члены БРІКС”, — рэзюмаваў кіраўнік урада.