Павел Янчаўскас: ШІ павышае матывацыю школьнікаў, развівае іх кампетэнцыі ў рабоце з лічбавымі тэхналогіямі

- 11:10Образование

Асоба настаўніка інфарматыкі і працоўнага навучання радашковіцкай сярэдняй школы № 1 Маладзечанскага раёна Паўла Янчаўскаса шматгранная: педагагічную дзейнасць ён спалучае з захапленнямі — фатаграфаваннем і напісаннем кніг. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Інавацыйны падыход

Развівацца ў многіх кірунках, прымяраць на сябе новыя ролі і ўвесь час знаходзіцца ў пошуку цікавых ідэй — вось тыя ўстаноўкі, якія дазваляюць Паўлу Пятраса не спыняцца на дасягнутым.

— Я даўно пішу кнігі, — гаворыць педагог. — Сёння ў мяне іх больш як 20 — дэтэктывы, фэнтэзі і інш. Усе творы знаходзяцца на літаратурнай платформе. Сярод захапленняў яшчэ і фота, а таксама штучны інтэлект, які актыўна прымяняю на ўроках.

За час работы ў школе настаўнік інфарматыкі не раз заўважаў, што ў вучняў традыцыйныя метады навучання часта не выклікаюць цікавасці, не развіва­юць навыкаў работы з вялікім аб’ёмам інфармацыі. Змяніць гэта можна, але толькі ў тым выпадку, калі побач будзе зацікаўлены педагог. Гэта якраз пра Паўла Янчаўскаса.

— Па маіх назіраннях, навучэнцы 6—7 класаў губляюцца ў пошуку даных, капіруюць гатовыя адказы без аналізу, — гаворыць настаўнік. — У 8—9 класах нізкая матывацыя да праграмавання, а навучэнцы 10—11 класаў маюць слабыя навыкі крытычнай ацэнкі згенерыраванага кантэнту. Гэтыя праблемы натхнілі мяне на пошук інавацыйных падыходаў.

Выкарыстанне штучнага інтэ­лекту на ўроках інфарматыкі адкрывае новыя гарызонты і, па меркаванні педагога, ро­біць заняткі займальнымі для ўсіх школьнікаў:

— Штучны інтэлект развівае інфармацыйную адукаванасць і рыхтуе да лічбавай эканомікі. Каб пачаць прымяняць яго ў ­сваёй педагагічнай практыцы, я спачатку вывучыў функцыянал і інструменты штучнага інтэлекту, такія як ChatGPT, DeepSeek, Grok, Google Gemini, а затым вызначыў аптымальныя спосабы іх выкарыстання на ўроках інфарматыкі. Пасля прааналізаваў праграмны матэрыял па інфарматыцы для 6—11 класаў і распрацаваў заняткі з выкарыстаннем ШІ.

Ці можна давяраць даным, якія прадастаўляе штучны інтэлект? Як школьнікам навучыцца крытычна ацэньваць інфармацыю і адрозніваць памылковыя факты ад тых, якім можна верыць? Павел Пятраса сцвярджае, што яго заняткі якраз накіраваны на тое, каб навучыць гэтаму дзяцей.

— На ўроках вучу не проста верыць выніку, які атрыманы з дапамогай ШІ, а правяраць інфармацыю па іншых крыніцах, — зазначае педагог.

У сваёй рабоце Павел Янчаўскас прымяняе розныя інструменты штучнага інтэлекту. Да ChatGPT педагог звяртаецца, калі яму патрэбна генерацыя тэкстаў, прыклады кода, адказы на пытанні ці распрацоўка якога-небудзь сцэнарыя.

— Гэты інструмент дапамагае навучэнцам хутка атрымаць базавыя рашэнні, якія яны затым аналізуюць і дапрацоўваюць, — дзеліцца вопытам настаўнік. — Для паглыбленага аналізу тэхнічных пытанняў, такіх як праграмаванне або наладжванне сетак, выкарыстоўваю DeepSeek. Ён дае падрабязныя тлумачэнні і дапамагае разабрацца ў складаных канцэпцыях. Grok, на мой погляд, зручна выкарыстоўваць для ­пошуку інфармацыі, стварэння шаблонаў дакументаў і структуравання даных. Практыка паказвае, што ён вельмі неабходны для задач, якія патрабуюць выразнай арганізацыі і пакрокавых інструкцый.

Для візуалізацыі даных на дапамогу педагогу прыходзіць Google Gemini — інструмент па рабоце з мультымедыя і для падбору аптымальных рашэнняў у афармленні дакументаў, табліц або прэзентацый.

Аналітычны ўрок

Калі Павел Янчаўскас правярае дамашняе заданне, урок ператвараецца ў пляцоўку для развіцця аналітычнага мыслення і інфармацыйнай адукаванасці.

— У 6 класе пры вывучэнні тэмы “Алгарытмы ў штодзённым жыцці” праверку дамашняга задання праводжу з верыфікацыяй ШІ, — працягвае Павел Пятраса. — У якасці дадатковага дамашняга задання навучэнцы па жаданні могуць выкарыстоўваць ШІ-памочніка, напрыклад, ChatGPT, каб задаць неабходнае пытанне. На ўроку прапаную запоўніць табліцу, у якой дзве калонкі — “пацверджана вопытам” і “недакладна”. Дзеці малююць блок-схемы, а затым робяць параўнанне. Выкарыстанне метаду верыфікацыі адказаў штучнага інтэлекту на этапе засваення новых ведаў і спосабаў дзеяння дапамагае школьнікам паглы­біць разуменне новага матэрыялу, развіць крытычнае мысленне і навыкі практычнага прымянення інфармацыі.

Падчас такой самастойнай работы навучэнцы атрымліваюць новую інфармацыю, ацэньваючы дакладнасць даных, а яшчэ аналізуюць тое, што трапіла ў калонкі “пацверджана вопытам” і “недакладна”. На гэтым этапе школьнікі актыўна і паслядоўна працуюць, выказваюць свае думкі, прыво­дзяць абгрунтаваныя доказы ў дыскусіях, супастаўляюць розныя аспекты.

— Выкарыстанне штучнага інтэлекту як аб’екта для крытыкі спрыяе развіццю навыкаў супрацоўніцтва і камунікацыі, паколькі кожны навучэнец уносіць свой уклад у вынік, якога ра­зам дасягаем, — зазначае Павел Пятраса. — Калі дзеці працуюць у групах, можна размеркаваць абавязкі і задачы. Так зніжаецца нагрузка на іх і паскараецца час выканання задання.

Для большай эфектыўнасці педагог арганізуе работу класа ў дзвюх групах. Першая група навучэнцаў аналізуе адказ штучнага інтэлекту, вызначае дакладныя аргументы, пацверджаныя практыкай, а другая шукае слабыя, недакладныя або няпоўныя сцвярджэнні. Калі работа завершана, кожная група прадстаўляе свае вынікі. Пасля гэтага роля пераходзіць да настаўніка: ён про­сіць вярнуцца да праблемнага пытання, выказаць свой аргументаваны пункт гледжання з улікам вынікаў, якія атрымаліся, і зра­біць вывад.

— У 6 класе пры вывучэнні тэмы “Графічны рэдактар. Стварэнне малюнкаў” прапаную пытанне “Ці можа ШІ стварыць ідэальную карцінку?”, — дзеліцца Павел Пятраса. — Трэба не проста сказаць “так” ці “не”. Мая задача — прымусіць дзяцей пра­аналізаваць сам працэс стварэння малюнкаў, які згенерыраваў штучны інтэлект, і параўнаць яго з уласным вопытам. Затым уво­джу ў работу, напрыклад, Gemini з запытам згенерыра­ваць апісанне простага малюнка, доміка і крокі яго выканання ў Paint. Штучны памочнік выдае пакрокавую тэкставую інструкцыю, якая, на першы погляд, здаецца лагічнай і поўнай. Далей клас дзеліцца на малыя групы — 3—4 чалавекі. Іх задача — аднавіць малюнак у графічным рэдактары строга па інструкцыі, створанай ШІ, і адначасова шукаць памылкі, недакладнасці ці двухсэнсоўнасці ў згенерыраваным апісанні.

Выконваць такое заданне — гэта значыць увесь час быць уважлівым: штучны інтэлект можа выкарыстоўваць недакладныя тэрміны, прапускаць важныя крокі ці не ўлічыць спецыфіку інтэрфэйсу Paint.

— Калі ўсе дзеці паспрабавалі аднавіць малюнак, право­дзіцца агульнае абмеркаванне, — тлумачыць педагог. — Групы прадстаўляюць работы і пералічва­юць недакладнасці, якія знайшлі ў інструкцыі ШІ. Абмеркаванне будуем на развагах пра ідэальную інструкцыю, а гэта даклад­насць тэрміналогіі, паслядоўнасць, улік інтэрфэйсу. У выніку разумеем: штучны інтэлект можа генерыраваць інструкцыі, але іх трэба правяраць і карэкціраваць, уключаць крытычнае мысленне. Гэта зна­чыць, ШІ — толькі памочнік і крыніца першаснай інфармацыі.

Віртуальны архітэктар

Іншыя падыходы, якія таксама прымушаюць думаць, аналізаваць, шукаць цікавыя рашэнні, прымяняюцца ў рабоце з вучнямі 7 класа.

— Калі працуем у межах тэмы “Алгарытмы з цыкламі”, карыстаемся такім інструментам, як Grok, — зноў звяртаецца да вопыту Павел Пятраса. — Ствараем шаблон гульні з цыклам, прадумваем умовы, тэсціруем іх. Затым навучэнцы аналізуюць атрыманы ад Grok код, вызначаюць, што менавіта паўтараецца, як часта і якія пераменныя выкарыстоўваюцца для кіравання цыклам. У канцы этапу ініцыірую абмеркаванне, цікаўлюся, што даў нам штучны інтэлект і што мы дадалі самі. На гэта дзеці адказваюць, што ШІ даў нам базу, але інтэлект і астатнія правілы гульні мы стварылі самі.

Для дзесяцікласнікаў па тэме “Базы даных Access” педагог арганізуе праектаванне з DeepSeek, праводзіць аналіз на ўразлівасць.

— На занятках штучны інтэлект выкарыстоўваем як віртуаль­ны архітэктар або аналітык патрабаванняў, — зазначае педагог. — Раблю гэта, каб пака­заць вучням сучасны падыход да праектавання, дзе ШІ можа хутка генерыраваць чарнавікі, якія патрабуюць нашага кантролю і адаптацыі. Таксама стаўлю перад класам задачу распрацаваць базу даных для канкрэтнай прадметнай галіны, напрыклад, па тэме “Улік школьнай бібліятэкі” ці “Каталог фільмаў”.

Да якіх вывадаў прыйшоў Павел Янчаўскас, працуючы са штучным інтэлектам? Ці мэта­згодна вучыць дзяцей ім карыстацца альбо варта аддаваць перавагу класічным крыніцам інфармацыі?

— Выкарыстанне інструментаў штучнага інтэлекту на ўроках інфарматыкі ў 6—11 класах павышае якасць адукацыйнага працэсу, — падагульняе педагог. — ШІ дапамагае распрацоўваць дадатковыя матэрыялы, павышае матывацыю школьнікаў, развівае іх кампетэнцыі ў рабоце з лічбавымі тэхналогіямі. На сваім вопыце ўпэўніўся, што прымяненне штучнага інтэлекту дазваляе зрабіць вучобу больш цікавай і эфектыўнай.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА