Педагог дадатковай адукацыі Лізавета Грэбянюк вучыць дзяцей бачыць вакол сябе прыгажосць

- 16:04АРТ-квартал, Образование

Навучыць дзяцей бачыць вакол сябе прыгажосць і ўмець паказаць яе іншым — такія мэты ставіць перад сабой педагог дадатковай адукацыі Цэнтра дзіцячай творчасці Мсціслава Лізавета Грэбянюк. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У прафесіі Лізавета Андрэеўна яшчэ толькі робіць першыя крокі, але ўжо ўпэўнена, што жыццёвы выбар зрабіла правільна.

— Мне з дзяцінства падабалася маляваць. З цягам часу зразумела, што хачу не проста адлюстроўваць, але і вучыць іншых бачыць навакольную прыгажосць. Па гэтай прычыне атрымала некалькі спецыяльнасцей, сумясціўшы творчасць і педагогіку, — паведаміла Лізавета Грэбянюк.

Працаваць Лізавета Андрэеўна вярнулася ў родны горад. Два гады яна выкладае ў Цэнтры дзіцячай творчасці, паспяхова кіруе аб’яднаннем “Студыя да Вінчы”.

— Жадаючых вучыцца ў мяне заўсёды шмат. Дзеці любяць маляваць, ім гэта цікава, таму на сваіх занятках імкнуся захаваць і развіць іх цікавасць. Сустракаемся з выхаванцамі два разы на тыдзень. Вывучаем асновы кампазіцыі, тэорыю колеру, знаёмімся з жанрамі выяўленчага мастацтва. Асабліва чакаюць вучні практыку, бо тут яны могуць прая­віць сябе, прадставіць на паперы сваё бачанне свету, — расказала Лізавета Грэбянюк.

Акрамя традыцыйных, Лізавета Андрэеўна ўкараніла ў адукацыйную праграму сучасныя кірункі мастацтва. Педагог прапанавала навучэнцам спасцігаць азы дызайну і анімацыі. Гэтыя напрамкі аказаліся настолькі даспадобы дзецям, што прыйшлося адкрываць пры студыі дадатковую групу.

— Кіраўніцтва цэнтра падтрымала ініцыя­тыву. Для арганізацыі заняткаў былі закуплены тры графічныя планшэты. І вось ужо год як мы з выхаванцамі асвойваем мультыплікацыю. За гэты час стварылі тры анімацыйныя ролікі. Тэматыку сюжэтаў вызначаем сумесна з дзецьмі. Ужо стварылі мультфільм пра развіццё спорту ў маладзёжным асяроддзі, аніміраванае віншаванне з Днём Перамогі і аповед пра мсціслаўскую замкавую гару. Больш за ўсё захапіла вучняў работа над адлюстраваннем легенды малой радзімы, таму ў будучым навучальным годзе думаем зрабіць серыю мульцікаў пра гісторыю і славутасці Мсціслаўшчыны, — адзначыла Лізавета Грэбянюк.

У перыяд летніх канікул дзейнасць “Студыі да Вінчы” не спынілася. Некаторыя дзеці хочуць працягваць навучанне, і Лізавета Андрэеўна падтрымлівае іх энтузіязм. Акрамя стандартных заняткаў, яна праводзіць для навучэнцаў сапраўдныя пленэры з пікнікамі і абмеркаваннем творчых работ.

— Такія выхады вельмі падабаюцца дзецям. А мяне неверагодна натхняе іх заўзятасць. Гэта стымулюе да прафесійнага ўдасканалення. Хочацца развівацца, працягваць педагагічны пошук, — падкрэсліла Лізавета Грэбянюк. — У планах — пашырэнне студыі, выкарыстанне ў адукацыйным працэсе перадавых тэхналогій, якія дапамогуць раскрыць патэнцыял кожнага навучэнца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара