Педагог Марыя Шпакоўская разам з вучнямі стварае пазнавальныя ролікі, якія набіраюць мільёны праглядаў у TikTok

- 9:00Главная, Образование

Марыя Шпакоўская — настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Дуброўскай сярэдняй школы Лельчыцкага раёна. У верасні мінулага года педагог прадстаўляла Гомельскую вобласць на першым форуме блогераў Беларусі. Разам з вучнямі яна стварае пазнавальныя ролікі, якія набіраюць мільёны праглядаў у TikTok. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна Марыя Уладзіміраўна трэці год працуе ў Дуброўскай сярэдняй школе. Выкладае ў 5—11 класах гісторыю і грамадазнаўства, вядзе факультатывы і гурткі.

— Мяне заўсёды прываблівалі творчыя прафесіі — журналіста, псіхолага, — адзначае педагог. — У школе настаўнікі хвалілі мяне за сачыненні, за падрыхтоўку да свят і конкурсаў, падчас якіх я праяўляла аратарскае майстэрства, за ўменне браць інтэрв’ю, здымаць і манціраваць відэа. Сфера масмедыя мяне прыцягвала, але ж прахадныя балы на адпаведныя факультэты ўніверсітэтаў заўсёды былі высокія. Мой настаўнік гісторыі з гімназіі Лельчыц Віктар Аляксандравіч Чунін, які адзначаў маё добрае разуменне гістарычных па­дзей, параіў атрымаць адукацыю гісторыка, маўляў, у будучыні гэта дазволіць працаваць у рэдакцыі. Так я апынулася ў школе і не пашкадавала пра гэта, а, наадварот, зразумела, што і тут магу творча развівацца: спяваць, танцаваць, маляваць, весці свой блог і г.д.

Пасля заканчэння ўніверсітэта для Марыі было важна вярнуцца ў родныя Лельчыцы да сваіх бацькоў. Таму яна вырашыла ўзяць мэтавае накіраванне.

Калі ёй прапанавалі работу ў вёсцы, якая знаходзіцца за 10 кіламетраў ад Лельчыц, гэты варыянт здаўся дзяўчыне ідэальным, асабліва з пункту гледжання атрымання першага педагагічнага вопыту. У сельскай школе — невялікая напаўняль­насць класаў, што дазваляе ўдзяліць значна больш увагі кожнаму вучню. Дзяўчына не выключае, што ў будучыні пераедзе ў горад, а пакуль кожную раніцу на рэйсавым аўтобусе спяшаецца ў Дуброўскую школу, дзе яе вельмі цёпла сустрэлі.

— Як і многім маладым спецыялістам, у першы год работы мне было няпроста падтрымліваць дысцыпліну ў класе. Падчас урокаў дзеці імкнуліся паразмаў­ляць са мной на староннія тэмы, бачылі ўва мне хутчэй сяброўку, чым настаўніцу, — працягвае Марыя Уладзіміраўна. — Некаторыя прасілі не ставіць дрэнныя адзнакі. І па дабраце душэўнай я шкадавала вучняў, давала ім другі шанс. Калі заўважыла, што яны пачалі залішне карыстацца гэтым, не рыхтаваліся да ўрокаў, я перагледзела свае падыходы.

Настаўнік павінен быць дэмакратычным, але патрабавальным і ў любой сітуацыі захоўваць аўтарытэт у вачах вучняў, не перахо­дзіць на панібрацтва. Мне ўдалося знайсці залатую сярэдзіну паміж строгасцю і эмпатыяй. У нас з вучнямі існуюць пэўныя негалосныя правілы камунікацыі, дамоўленасці і абавязацельствы. Я магу з задавальненнем пагаварыць з імі на любыя тэмы, але на перапынку. На ўроку мы засяроджана працуем. Не маю прадузятых адносін ні да каго. Мне не важна, як вучань паводзіў сябе ўчора, якія адзнакі атрымаў, ацэньваю яго сённяшнія дасягненні. Звычайна не раблю высноў аб людзях толькі па іх знешнім выглядзе, аднак дзелавы стыль адзення — гэта агульнае патрабаванне для ўсіх школьнікаў. Што тычыцца знешняга выгляду педагога, то лічу, што варта прытрымлівацца класічнага стылю, бо дзеці бя­руць з настаўніка прыклад.

З першых дзён работы ў школе дзяўчына спрабуе сябе ў блогерстве, вядзе акаўнт у TikTok пад назвай “Маша Владимировна”. Спачатку яна здымала відэа забаўляльнага характару. Але аднойчы расказала пра тое, што працуе настаўніцай. І пачалося…

— Відаць, у гледачоў адбыўся дысананс, яны не паверылі, што дзяўчына, якая выглядае гадоў на 15, можа быць настаўніцай. Для блогера важна выклікаць эмоцыі, зачапіць гледача, і гэта мне ўдалося. Калі ж я пачала паведа­мляць пра пэўныя нюансы прафесіі, сумненні людзей развеяліся, яны пачалі задаваць мне канкрэтныя пытанні, даваць парады. Цікавіліся, напрыклад, чым настаўнікі займаюцца на канікулах, як рыхтуюцца да ўрокаў, якім метадам навучання аддаюць перавагу, узнімалі вострыя тэмы. Да абмеркавання і абмену вопытам падключыліся калегі, вучні і іх бацькі з розных краін, у тым ліку тыя, хто непасрэдна ведае мяне.

Сёння ў мяне амаль 174 тысячы падпісчыкаў, прагляды некаторых відэа (з гісторыі школьных будняў, пра стылі педагагічных зносін) дасягаюць ад 1 да 4 мільёнаў. Літаральна за тыдзень 1,5 міль­ёна праглядаў і 240 тысяч лайкаў набраў ролік, дзе я расказала, за што люблю сваіх вучняў і за што яны любяць мяне. Хэйтары таксама сустракаюцца. Спачатку перажывала з-за негатыўных каментарыяў, але з часам навучылася адносіцца да гэтага спакойна. Тым больш што пазітыўных меркаванняў значна больш. Любую канструктыўную крытыку або прапанову, якая не тычыцца, напрыклад, маёй знешнасці ці асабістага жыцця, я вітаю і гатова абмяркоўваць з гледачамі, — расказвае Марыя.

Для мяне важна, каб вучні любілі сваю Радзіму і ганарыліся ёй, не проста ведалі, але і разумелі гістарычныя падзеі, паважалі наша мінулае, каб у іх была выразная грамадзянская пазіцыя.

Педагог заўважыла, што дзеці лепш засвойваюць вучэбны матэрыял, калі ён выкладзены не проста ў выглядзе тэксту, а з выкарыстаннем нагляднасці, відэакантэнту, калі ёсць інтэрактыў, асацыяцыі і паралелі з жыццём.

— Няма нічога горшага за сумнага настаўніка, які не можа захапіць сваім прадметам, — упэўнена Марыя Шпакоўская. — Рыхтуючыся да заняткаў, я пачала здымаць невялікія ролікі адукацыйнага зместу. Іх героямі часта з’яўляюцца вучні. Яны з задавальненнем пагадзіліся на такі фармат. І іх бацькі падтрымалі маю ініцыятыву. Так, у мінулым годзе мы з вучаніцамі Маяй Калодзій і Настассяй Таргонскай знялі відэа пра дзяцінства, абпаленае вайной, па матывах ліста Каці Сусанінай. З гэтай работай мы занялі 2-е месца ў вобласці на конкурсе “І няхай пакаленні памятаюць”. Напрыканцы мінулага года з Настассяй Таргонскай ездзілі на абласную навукова-практычную канферэнцыю “Пошук” з даследчай работай, заснаванай на архіўных газетных матэрыялах пра Лельчыцкі раён у перыяд вайны (адзіная работа, якая была адабрана з усяго раёна).

Настаўніца правяла серыю відэавіктарын па экзаменацыйных білетах па гісторыі Беларусі для выпускнікоў 9-х класаў. За два месяцы выпусціла 25 ролікаў (па кожным білеце) і відэапарады па падрыхтоўцы да іспытаў. Гэта матывуе вучняў да заняткаў, бо ўсе хочуць быць разумнікамі і разумніцамі. А іх бацькі з цікавасцю назіраюць у TikTok, як іх сын ці дачка рыхтуецца да экзаменаў.

Марыя Уладзіміраўна вя­дзе яшчэ і школьны TikTok, а таксама Telegram-канал па гісторыі і грамадазнаўстве для вучняў і настаўнікаў, дзе выкладвае карысныя матэрыялы, у тым ліку ўласныя адукацыйныя прадукты, прэзентацыі.

Для самых актыўных дзяцей за добрую работу на ўроках педагог распрацавала так званыя купоны. Ідэя гэтая не новая, але Марыя Уладзіміраўна дапрацавала яе, дабавіла больш цікавых варыянтаў, своеасаблівых прывілей. Так, купон “Антыдвойка” дазваляе вучню пазбегнуць дрэннай адзнакі, а “Без д/з” дае права не выкон-­
ваць дамашняе заданне або адмовіцца ад адказу на ўроку. “Пасадка” дазваляе перасесці за іншую парту. Вучань можа атрымаць “Адпачынак” і не рабіць запісаў падчас урока. Купон “Шанс” дае магчымасць павысіць сваю адзнаку на адзін бал, “Шпіён” — даведацца пра змест пісьмовай работы за 5 мінут да пачатку ўрока, “3 мінуткі” — самастойна падгледзець у падручнік роўна на 3 мінуткі, “Дапамога” — звярнуцца да настаўніка або сябра. Скарыстацца такімі прывілеямі вучні мо­гуць на працягу чвэрці (за выключэннем урокаў-абагульненняў). На кожным купоне змешчана выява гістарычнай асобы і жарт, які звязаны з яе дзейнасцю і назвай купона.

Марыя Шпакоўская перамагла на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Суперпрофі-2024”, а на раённым конкурсе “Лепшы малады спецыяліст 2024 года” атрымала дыплом ІІ ступені і прыз глядацкіх сімпатый. Педагог занесена ў раённую кнігу-летапіс “Педагагічны Алімп” у намінацыі “Паспяховы старт”.

***

Днямі ў рамках раённага семінара для настаўнікаў гісторыі Марыя Уладзіміраўна правядзе майстар-клас па выкарыстанні штучнага інтэлекту.

Першая нейрасетка, якую я хачу прадставіць, здольна палегчыць работу настаўнікаў: стварыць кароткі план-канспект да ўрока, даць парады па метадах работы, генерыраваць пісьмовыя заданні для вучняў, — адзначае педагог. — Яна вельмі падобная на папулярны чат GPT, але яе функцыянал больш звязаны з адукацыяй. Гэта нейрасетка Gemini.  “Шэдэўрум” ад “Яндэкса” можа генерыраваць малюнкі па вашым запыце, мяняць іх. Галоўнае — ваша фантазія. Нейрасетка Gamma дапаможа зрабіць прэзентацыю літаральна за 5 мінут на любую тэму. Разнастаіць урокі, каб яны сталі больш цікавымі і запамінальнымі, дапаможа нейрасетка Hedra, якая зможа ажывіць любую гістарычную асобу, і яна раскажа пра сябе і сваю дзейнасць. Нейрасетка Suno ўмее складаць музыку. Яшчэ адна праграма, якой я карыстаюся, не зусім нейрасетка, але яна вельмі спрасціла маю дзей­насць. Гэта дадатак Canva. У ім ёсць гатовыя шаблоны для прэзентацый, рабочых лістоў, буклетаў, плакатаў і шмат іншага.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара