Педагогi гiмназii з Ельска асобую ўвагу ўдзяляюць духоўна-маральнаму выхаванню моладзі

- 10:21Духовность и патриотизм, Образование

У цэнтры ўвагі педагогаў гімназіі з Ельска не толькі інтэлектуальнае развіццё моладзі, але і духоўна-маральнае выхаванне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 

— Сёння ва ўстанове адукацыі вучацца 234 таленавітыя, адораныя, зацікаўленыя вучні, — гаво­рыць дырэктар Ельскай раённай гімназіі, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Любоў Казак. — На першай пазіцыі ў выхаванні і навучанні дзяцей — якасць. Нашы вучні дастаткова паспяхова здаюць ЦЭ (у 2023 годзе — 2-е месца ў вобласці сярод гімназій і ліцэяў): два выпускнікі сталі ўладальнікамі 100-бальных сертыфікатаў па рускай i беларускай мове, тры вучні набралі 95 балаў па матэматыцы. Установа правінцыяльная, але адпавядае запытам дзяцей і бацькоў, а самае галоўнае — нашы выхаванцы канкурэнтаздольныя, валодаюць ведамі на высокім узроўні.

Дарэчы, па выніках ЦТ 2022 года гімназія ў дзясятцы лепшых устаноў адукацыі сярод ліцэяў і гімназій вобласці. Паспяхова нашы вучні паступаюць і ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Алімпіяда — таксама адзін з паказчыкаў эфектыўнасці работы. Па выніках мінулага года мы маем пяць пераможцаў на трэцім і аднаго на заключным этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Добрыя вынікі дзяцей сведчаць пра зладжанасць, сістэмнасць, мэтанакіраванасць работы і вялікую адказнасць, якую адчувае кожны педагог гімназіі. Бязмерна ўдзячна свайму калектыву. Калі ёсць вынік — установа жыве, даказвае неабходнасць свайго існавання, і самае галоўнае — яна працуе на будучыню.

Любоў Казак за значны ўклад у развіццё адукацыі ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

У гімназіі вынікова дзейнічае інтэлектуальны клуб, вучні дэманстру­юць свае веды не толькі ў конкурсах, але і ў знакамітай тэлевізійнай гульні Белтэлерадыёкампаніі “Я ведаю!”. Дзеці выступа­юць на ёй годна, напрыклад, выпускнік гімназіі стаў абсалютным яе пераможцам, а навучальная ўстанова ад заснавальнікаў гульні атрымала інтэрактыўную панэль.

Як лічыць Любоў Іванаўна, каб адораны чалавек быў багаты духоўна, ён павінен быць напоўнены любоўю да Радзімы, шанаваннем традыцый.

— Наш калектыў ідзе па шляху самаразвіцця і ўсеагульнага навучання, інавацыі — вядучая дзейнасць ва ўстанове адукацыі, — падкрэслівае суразмоўніца. — Так, сёння мы паспяхова рэалізуем ужо трэці інавацыйны праект. Па выніках яго рэалізацыі створаны рэсурсны цэнтр “Маральнае развіццё навучэнца ў сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”. На адну прыступку ставім такія паняцці, як духоўнасць і патрыятызм.

У гімназіі арганізоўваюцца брэндавыя мерапрыемствы, якія напоўнены цікавымі формамі дзейнасці. Ім заўсёды папярэдніча­юць акцыі добрых спраў, падтрымкі і дапамогі як людзям пажылога ўзросту, так і хворым дзеткам.

— У справе чалавечнасці ўсе разам: і настаўнікі, і бацькі, і дзеці, — падкрэслівае Любоў Іванаўна. — А гэта сіла еднасці і духоўныя крылы. Вопыт гімназіі па выхаванні на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа быў прадстаўлены у гэтым го­дзе на абласным узроўні — на IX Рэс­публіканскіх калядных чытаннях.

Гімназія — духоўны, інтэлектуальны і культурны цэнтр для выхаванцаў, такой яе робяць педагогі, а таксама кіраўнік. Дарэчы, Любоў Казак кіруе навучальнай установай з першых дзён яе існавання. Было дзіўна даведацца, што па першай адукацыі яна эканаміст. 

— У маёй сям’і не было настаўнікаў, але, нават працуючы эканамістам, на настаўнікаў глядзела як на людзей святых, — прызнаецца педагог. — Я ні разу не пашкадавала, што змяніла профіль і скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура, руская мова і літаратура”. Працавала спачатку ў сельскай школе, потым у гарадской, затым стала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце і кіраўніком. У педагогіцы прайшла ўвесь шлях ад настаўніка да кіраўніка, таму добра ведаю спецыфіку і цяжкасці гэтай сферы.

Па настаўніцкім шляху пайшлі і сын з дачкой. Яны працу­юць у школах Мазыра: дачка Таццяна — настаўніцай гісторыі, сын Аляксей — настаўнікам хіміі і біялогіі, кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні. Некаторыя вучні Любові Іванаўны таксама звязалі свой лёс з педагогікай, і ёсць тыя, хто толькі марыць выбраць гэтую высакародную прафесію.

Любоў Іванаўна заўсёды, настаўляючы сваіх дзяцей і вучняў, адзначае, што прафесію трэба выбіраць па душы, тады гэта прынясе шчасце. І дзеліцца сваім жыццёвым дэвізам: “Зрабіў усё, што можна, — зрабі немагчымае!”.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара