Адзінства важнае ў любой справе, асабліва ў адукацыі. Такіх перакананняў прытрымліваюцца настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Юлія Аўрамава і Валерыя Кафырава. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Знакавая падзея
— Беларусь — адзіная дзяржава. Паміж людзьмі, гарадамі і раёнамі няма ніякіх меж. Мы можам свабодна будаваць жыццё ў любым кутку роднай зямлі. Шмат у чым гэта вынік падзей 17 верасня 1939 года, якія маюць выключную значнасць, — лічыць Юлія Аўрамава.

Сям’я Юліі Іванаўны не па чутках знаёма з тым гістарычным перыядам. Яна ўраджэнка Мікашэвіч, якія ў выніку Рыжскага дагавора адышлі ў склад Польшчы
— Рака Случ паблізу нашага горада падзяліла тэрыторыю рэспублікі на ўсходнюю і заходнюю часткі. Мая бабуля з горыччу расказвала пра той час. Сваякі, якія жылі на розных берагах, не маглі нават пабачыцца. Стаўленне да беларусаў было дыскрымінуючым. Іх успрымалі як танную працоўную сілу, ушчамлялі ў нацыянальных і рэлігійных правах, праводзячы палітыку асіміляцыі. Удумайцеся: з 514 беларускіх школ, якія дзейнічалі ў заходніх абласцях у 1921 годзе, да 1939-га не засталося ніводнай! Функцыянавала няшмат і польскіх школ, але размаўляць па-беларуску вучням было строга забаронена. Парушальнікаў каралі. Бабуля назаўсёды запомніла, як польская настаўніца з лютасцю біла ўказкай па руках за тое, што яна размаўляла на беларускай мове з сяброўкай, — паведаміла Юлія Аўрамава.
Акрамя школ, у Мікашэвічах масава закрываліся і праваслаўныя цэрквы, людзям навязвалася іншая вера.
— Мы, беларусы, разважлівыя і памяркоўныя, але, калі патрабуецца, умеем абараняць Радзіму. Узнік падпольны і партызанскі рух. Сотні людзей былі арыштаваны, адпраўлены ў канцлагер ці забіты. Прыход Чырвонай Арміі стаў для ўсіх святам. Салдат-вызваліцеляў сустракалі кветкамі, шчырымі падзякамі, — падзялілася настаўніца.
У Іванаве, родным горадзе Валерыі Кафыравай, уз’яднанне з суайчыннікамі таксама ўспрынялі натхнёна, бо і там людзі пакутавалі ад польскага гнёту.
— Жыхары цярпелі прыніжэнне, шматлікія паборы і забароны. Вызваленне ўспрынялі з вялікай радасцю. Важнасць падзеі нават увекавечылі ў назве адной з гарадскіх вуліц, — расказала Валерыя Міхайлаўна. — 17 верасня 1939 года стала своеасаблівым сімвалам фарміравання беларускай нацыі. Зрабіць гэты дзень дзяржаўным святам — правільнае рашэнне. Дата з’яўляецца знакавай, нясе ў сабе глыбокі сэнс і адлюстроўвае няпросты шлях нашага народа да незалежнасці. Гэта нагода яшчэ раз пагартаць старонкі гісторыі, ацаніць дасягненні, бо сёння нам ёсць чым ганарыцца.
Аб’яднальная сіла
Згуртаванасць, узаемападтрымка і адзінства беларускага грамадства дапамаглі педагогам знайсці сваю жыццёвую дарогу. Абедзве настаўніцы ў свой час прыехалі ў Магілёў з Брэстчыны. Думалі, што толькі на вучобу, але сардэчнасць мясцовых людзей заахвоціла змяніць планы.
— Са школьных гадоў цікавілася гісторыяй, таму выбар прафесіі быў відавочным. Вучыцца накіравалася на гістфак цяперашняга МДУ імя А.А.Куляшова. Калі ўпершыню трапіла ў Магілёў, здзівілася маштабу: у параўнанні з правінцыйнымі Мікашэвічамі горад здаваўся вялікім і прасторным. Неверагодна спадабаўся ўніверсітэт. Для мяне гонарам было сядзець у аўдыторыях, дзе вучыўся наш Прэзідэнт. А якія захапляльныя лекцыі чыталі выкладчыкі! Акрамя таго, гісторыю вывучалі падчас археалагічных разведак, раскопак, экспедыцый. Студэнцтва многае дало мне ў асваенні прафесіі, а яшчэ паспрыяла стварэнню сям’і, дапамагло знайсці верных сяброў, таму і засталася тут. Зараз, амаль праз тры дзесяцігоддзі, прыкіпела душой да горада на Дняпры, ён стаў для мяне другой малой радзімай, — падзялілася Юлія Аўрамава.
Валерыя Кафырава жыве ў Магілёве не так доўга, але і яна адчувае сябе тут як дома. Хоць, калі ехала паступаць ва ўніверсітэт, Прыдняпроўскі край быў для яе цалкам нязведаным рэгіёнам.

Валерыя Кафырава пастаянна нагадвае навучэнцам, што яны павінны стаць захавальнікамі гістарычнай памяці і спадчыны продкаў
— Як і калега, скончыла гістфак МДУ імя А.А.Куляшова. Згодна з ёй у тым, што гэта цудоўная УВА. З першых дзён мяне цёпла прынялі, ва ўсім падтрымлівалі, бо ведалі, што я здалёк. З такой жа душэўнасцю сустрэлі і ў нашым ліцэі, куды першапачаткова я трапіла на педагагічную практыку. Памятаю, як, пераступаючы парог навучальнай установы, хвалявалася, бо ў арганізацыі адукацыйнай дзейнасці яна адна з лепшых у вобласці. Аднак калектыў акружыў клопатам і ўвагай: у мяне быў настаўнік-куратар, мне давалі парады, накіроўвалі ў патрэбнае рэчышча. Гэта стымулявала развівацца і праяўляць сябе.
Маё імкненне заўважыла кіраўніцтва: прапанавалі размеркавацца ў ліцэй. Паразважаўшы, адказала тады згодай. Прайшло ўжо пяць гадоў, але аб тым выбары ні разу не пашкадавала. Тэрмін размеркавання даўно скончыўся, цяпер працую па кантракце, планую і далей заставацца ў Магілёве, бачу ў ліцэі сваю прафесійную будучыню. Вядома, часам сумую па родным Палессі. Але людзі ўсюды аднолькавыя — спагадлівыя, добрыя, чулыя. Гэтыя высокія якасці нас аб’ядноўваюць, робячы моцнай нацыяй, якая разам, плячо ў плячо, можа пераадолець любыя нягоды, — адзначыла Валерыя Міхайлаўна.
Адзіныя мэты
Сваёй асноўнай задачай педагогі бачаць не толькі перадачу ведаў, але і фарміраванне асобасных якасцей навучэнцаў. Урокі яны ўсебакова выкарыстоўваюць для выхавання ліцэістаў у духу патрыятызму.
— Гісторыя мае магутны выхаваўчы патэнцыял. Заняткі праводжу так, каб дзеці імкнуліся да разумення падзей мінулага, каб вучэбныя тэмы знаходзілі водгук у іх душах. Для гэтага ўкараняю ў адукацыйны працэс новыя формы работы, перадавыя методыкі і тэхналогіі. Вельмі задаволена абноўленымі падручнікамі, магчымасцю разглядаць беларускую гісторыю ў кантэксце сусветнай, — сказала Юлія Аўрамава.
Адметнай ініцыятывай Юліі Іванаўны стала правядзенне дыстанцыйных заняткаў з супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Незвычайныя ўрокі павысілі якасць навучання, станоўча паўздзейнічалі на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вучняў.
— Як член рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства, шырока папулярызавала і трансліравала свой вопыт. Паступова ідэя перарасла ў аўтарскі праект “Вобраз Вялікай Айчыннай вайны ў прасторы гістарычнай памяці”, у рэалізацыю якога ўключыліся ўстановы адукацыі з розных рэгіёнаў, —адзначыла Юлія Аўрамава.
На яе думку, вучыць гісторыі трэба не толькі на сухіх фактах з падручнікаў, але і на канкрэтных прыкладах, на тым, што выклікае ў дзяцей эмацыянальны водгук. Настаўніца рэгулярна здзяйсняе з ліцэістамі выезды па памятных мясцінах краіны, наведвае мемарыяльныя комплексы.
— Істотны ўплыў на навучэнцаў аказала паездка ў былы канцлагер Бяроза-Картузская, дзе ўтрымліваліся праціўнікі польскага рэжыму. Навучэнцаў уразілі нечалавечыя ўмовы знаходжання, фізічныя і маральныя катаванні, якім падвяргаліся вязні. Экскурсія дапамагла дзецям зразумець каштоўнасць нашага сённяшняга суверэнітэту, — растлумачыла Юлія Іванаўна.
Захаваннем гістарычнай памяці мэтанакіравана займаецца і Валерыя Кафырава. Педагог далучае ліцэістаў да даследчай і пошукавай работы, стварыла праект “За калючым дротам”, прысвечаны канцлагерам, а таксама інтэрактыўную віктарыну “80 фактаў аб Перамозе”.
— Моладзь — галоўны рэсурс дзяржавы. Пастаянна нагадваю навучэнцам, што менавіта яны павінны стаць захавальнікамі гістарычнай памяці і спадчыны продкаў, — падкрэсліла Валерыя Міхайлаўна.
Такія ж думкі стараюцца ўкласці ў розумы вучняў усе настаўнікі ліцэя. Традыцыямі ва ўстанове сталі мінуты памяці, выставы сямейных гісторый і рэліквій, сумесныя краязнаўчыя паходы. Разам з бацькамі ў адзінстве мэт і дзеянняў педагогі гадуюць свядомае маладое пакаленне, якое працягне будаваць незалежную і квітнеючую Беларусь.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





