Педклас — гэта клас!

- 13:30Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

Профільная змена “Педклас — гэта клас!” для навучэнцаў 10 класаў педагагічнай накіраванасці ўстаноў адукацыі Мінска ўпершыню праходзіць з 1 па 21 сакавіка 2022 года на базе адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лідар”. Партнёрамі профільнай змены сталі БДПУ імя Максіма Танка і Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. 

 — Зараз у нас праходзіць змена для будучых педагогаў, выхавальнікаў, псіхолагаў — 150 навучэнцаў, якія прайшлі адбор, маюць высокія вынікі ў вучэбнай дзейнасці, — адзначыла дырэктар цэнтра “Лідар” Алена Падлубная. — Асноўныя задачы гэтай змены — матываваць вучняў на развіццё сваіх здольнасцей і прафесійны выбар, работу ў камандзе, знаёмства са спецыфікай педагагічнай прафесіі, з патрабаваннямі да яе і асобасных якасцей педагога. Для вучняў у “Лідары” запланаваны разнастайныя прафарыентацыйныя мерапрыемствы: трэнінгі, практычныя заняткі, круглыя сталы, майстар-класы, ролевыя гульні, семінары з запрашэннем прафесарска-выкладчыцкага складу вышэйшай школы, а таксама лепшых педагогаў Мінска. 

З раніцы для навучэнцаў праходзяць вучэбныя заняткі. Але гэта не стандартныя ўрокі. Настаўнікі-прадметнікі выступаюць для дзяцей у ролі цьютараў — памочнікаў у самастойным засваенні вучэбнага матэрыялу па плане, які загадзя склалі для іх школьныя настаўнікі. Як і ў звычайных школах, у цэнтры “Лідар” арганізуюцца ўсе адукацыйныя і выхаваўчыя мерапрыемствы, а таксама конкурсы атрадаў, дыскатэкі. І штодзень са старшакласнікамі працуюць вядучыя спецыялісты ўстаноў адукацыі.  

Так, старшы выкладчык псіхалогіі і прадметных методык МГІРА Кацярына Пяткевіч правяла дзелавую гульню па развіцці навыкаў канструктыўных зносін або здольнасці выказаць свае думкі без ацэнак. Педагог прапрацавала з дзецьмі ўменне слухаць і чуць, глядзець і бачыць. Экадэтэктыўную гульню “Злачынствы супраць дзікай прыроды”, прысвечаную дасягненню Мэты ўстойлівага развіцця № 16 “Мір, правасуддзе і эфектыўныя інстытуты”, правялі для выхаванцаў цэнтра супрацоўнікі рэсурснага цэнтра Green Office BSPU Наталля Салагуб і Настасся Хмыз. 

“Падлетак у інтэрнэце: псіхалагічныя магчымасці і рызыкі” — тэма інтэрактыўных заняткаў ад старшага выкладчыка кафедры псіхалогіі і прадметных методык Таццяны Гурскай. Навучэнцы Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа пад кіраўніцтвам Алены Янушкевіч прэзентавалі праект “IT-фрэндлі”. Вучні педкласаў мелі ўнікальную магчымасць прымяніць на практыцы лічбавыя адукацыйныя інструменты. 

У рамках профільнай змены прайшоў Дзень БДПУ. Навучэнцы педагагічных класаў прыехалі ва ўніверсітэт, дзе для іх прайшла экскурсія і сустрэча з рэктарам універсітэта Аляксандрам Жуком, падчас якой школьнікі маглі задаць свае пытанні рэктару.  

— Мы разумеем, што прафесія педагога вельмі важная, а ў будучыні, на думку навукоўцаў, яна будзе адной з самых галоўных, таму што без настаўніка не будзе прафесіяналаў ні ў адной сферы чалавечай жыццядзейнасці, а ў краіны не будзе галоўнага рэсурсу развіцця чалавечага капіталу, — адзначыў Аляксандр Іванавіч. — У нашай краіне вельмі вялікая ўвага ўдзяляецца праблеме павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі. На працягу 5 гадоў устойліва працуе сістэма педагагічных класаў. Сёння ў больш чым 550 педкласах займаецца больш за 5 тысяч навучэнцаў. Гэтыя юнакі і дзяўчаты наведваюць факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Спадзяёмся, што яны зробяць свядомы выбар на карысць гэтай прафесіі. На сёння 750 нашых студэнтаў — выпускнікі педкласаў. Яны становяцца лепшымі студэнтамі, актывістамі, удзельнікамі педатрадаў, валанцёрскага руху, актыўна займаюцца навукай. Прафесія педагога няпростая, яна патрабуе многіх якасцей. Але я адзначу дзве самыя галоўныя — гэта любоў да дзяцей і любоў да сваёй справы. Бо толькі той, хто разумее, шануе і любіць дзяцей, зможа стаць сапраўдным прафесіяналам. 

Сёння ў больш чым 550 педкласах займаецца больш за 5 тысяч навучэнцаў. Гэтыя юнакі і дзяўчаты наведваюць факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”.

У праграме педагагічнай змены ў сталічным цэнтры “Лідар” — 18 займальных адукацыйных мерапрыемстваў прафарыентацыйнай накіраванасці ад факультэтаў/інстытутаў і структурных падраздзяленняў БДПУ імя Максіма Танка. Каардынацыйны цэнтр “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” ўніверсітэта арганізуе квест для маладых людзей, а спартыўны клуб “Педагог” — спартландыю. Свае цікавыя мерапрыемствы прапануюць і студэнты БДПУ — члены клуба выпускнікоў педагагічных класаў “Профіль+”.

***

— Мяне прываблівае прафесія педагога, бо хочацца ўкладваць часцінку сваіх ведаў у дзяцей, шукаць да кожнага індывідуальны падыход, перадаваць свой вопыт, — адзначыла ўдзельніца педагагічнай змены Аня Чапурко, вучаніца сярэдняй школы № 155 Мінска. — Збіраюся паступаць у МДЛУ на англійскую мову. Ужо спрабавала сябе ў ролі педагога, вяла ўрокі ў сваёй школе. 

— Папулярная сярод моладзі сфера ІТ сёння перанасычана спецыялістамі, у ёй вельмі складана прабіцца, — гаворыць Міхаіл Бажанкоў, вучань гімназіі № 174 Мінска. — Для сябе я разглядаю кірунак псіхалогіі або геаграфіі, з’яўляюся пераможцам раённага этапу геаграфічнай алімпіяды. Дзеці — гэта будучыня краіны, педагог павінен укладваць у іх толькі лепшыя прынцыпы і маральныя асновы. Не ўся адказнасць па выхаванні дзяцей ляжыць на бацьках, асабліва гэта тычыцца выхавання ў калектыве. 

Міхаіл прыехаў у “Лідар” разам са сваім аднакласнікам Ігарам Шамецька, які хоча стаць псіхолагам. У гімназіі юнакі праводзяць урокі, псіхалагічнае тэсціраванне вучняў, класныя гадзіны, а таксама ўдзельнічаюць у мерапрыемствах па згуртаванні калектыву. 

Педагогі фарміруюць імідж прафесіі — у гэтым упэўнены вучань сярэдняй школы № 209 Мінска Максім Антановіч, які ў складзе каманды стаў пераможцам гарадскога этапу спартыўна-патрыятычнага конкурсу “Арляня”. Юнак уваходзіць у мемарыяльны атрад школы, які нядаўна ўдзельнічаў у нясенні Ганаровай вахты памяці на Пасту № 1 горада-героя Мінска. На гэта яго натхніў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Генадзь Куліцкі, ён жа і стаў для Максіма прыкладам педагога, у якога можна многаму навучыцца.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і Сяргея ЛЕЙБУКА.