Беларуская федэрацыя футбола пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Белаграпрамбанка правяла спецыяльную акцыю “Падары дзіцяці футбольны мяч!”. Другі год запар напярэдадні летніх канікул першакласнікі сельскіх і пасялковых школ атрымліваюць падарункі са спартыўным характарам.
Сёлета ўрачыстая цырымонія прайшла ў Азярыцкаслабадской сярэдняй школе Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. Удзел у ёй прынялі член Прэзідыума Савета Міністраў і старшыня Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Мікалаевіч Румас, намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, старшыня праўлення Белаграпрамбанка Уладзімір Іванавіч Падкавыраў, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту Валянціна Віктараўна Баляба і інш.
Мэта мерапрыемства — далучэнне дзясяткаў тысяч беларускіх дзяцей да самага масавага на планеце віду спорту. 30 і 31 мая на ганаровых школьных лінейках футбольныя мячы атрымалі першакласнікі ўсіх сельскіх школ, аграгарадкоў і пасёлкаў гарадскога тыпу краіны. Як паказвае сусветны вопыт, менавіта дзеці з рэгіёнаў дзякуючы сваёй настойлівасці, працавітасці, самабытнасці часцей за ўсё становяцца “зоркамі” сусветнай велічыні.
“Няма на зямлі чалавека, які не ведае, што такое футбол, — звярнуўся да першакласнікаў Віктар Віктаравіч Якжык. — З’яўляючыся самай папулярнай гульнёй у свеце, ён даступны для любога ўзросту. Хто з нас сёння не ўражаны спартыўнымі поспехамі БАТЭ — першага беларускага клуба, які выйшаў у групавыя этапы Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы!
У апошнія гады Міністэрства адукацыі разам з Беларускай федэрацыяй футбола аб’ядноўвае намаганні ў развіцці гэтага віду спорту сярод дзяцей. Сталі традыцыйнымі такія спаборніцтвы, як “Скураны мяч”, з поспехам праводзяцца школьныя лігі па футболе, штогод у летні перыяд праходзіць рэспубліканская акцыя “Футбольныя канікулы”. Цяпер у нашых школьнікаў з’явілася ўнікальная магчымасць прыняць удзел у Кубку нацый Данон, а педагогі змогуць стаць уладальнікамі прэмій першага рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў па папулярызацыі футбола — “Урок футбола”.
Наперадзе школьныя канікулы. Я ўпэўнены, што атрыманыя мячы дапамогуць вам пасябраваць з футболам. А тых, каго па-сапраўднаму захопіць гэтая цікавая гульня, у наступным годзе чакаюць спартыўныя аб’яднанні па інтарэсах, секцыі, факультатыўныя заняткі ва ўстановах адукацыі і спартыўных школах”.
Дзеці растуць. Тым, хто атрымаў падарункі ў папярэднія гады, сёння ўжо па 8-9 гадоў. Хто ведае, магчыма, праз некаторы час, дзякуючы мячу, атрыманаму на школьнай лінейцы, у беларускім і сусветным футболе з’явяцца новыя вялікія гульцы, быць падобнымі на якіх пажадае чарговае падрастаючае пакаленне беларускіх школьнікаў.