Першы ў гісторыі ЦЭ: хваляванні, спадзяванні і планы будучых абітурыентаў

- 15:34Актуально, Главная, Образование

Вось і прайшоў першы ў гісторыі нашай краіны цэнтралізаваны экзамен. Вытрымалі яго крыху больш за 53 тыс. юных беларусаў. Як праходзіла выпрабаванне, паглядзела карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Самым вялікім пунктам здачы ЦЭ стаў БНТУ. Тут яго прайшлі 3 тыс. вучняў 54 сталічных школ з чатырох раёнаў горада. Якія вынікі яны атрымалі — пакажа час. А вось пра іх эмоцыі даведаемся зараз.

У правядзенні першага ЦЭ задзейнічалі больш за 7,5 тыс. педагогаў, функцыянавалі 144 пункты здачы ЦЭ. Працэдуру правядзення адпрацавалі да дробязей: усе ўдзельнікі адзначалі цудоўную арганізацыю мерапрыемства, а школьнікі да таго ж гаварылі пра добразычлівую атмасферу ў аўдыторыях.

І міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што сістэмай адукацыі праведзена вялікая арганізацыйна-тэхнічная работа для правядзення цэнтралізаванага экзамену. 41 776 школьнікаў пісалі рускую мову, 11 509 — беларускую. Не даехалі да здачы экзамену з папярэдне зарэгістраваных 182 вучні, каля 60 з іх захварэлі, яшчэ частка юнакоў і дзяўчат удзельнічае ў міжнародных спартыўных спаборніцтвах. Чатырох навучэнцаў не дапусцілі да здачы выпрабавання з-за адсутнасці пашпарта. Аднаму чалавеку стала дрэнна, прыйшлося звярнуцца па дапамогу да медыкаў. Стан абітурыенткі здавальняючы, пераздаць ЦЭ яна зможа ў рэзервовыя дні.

“21 мая адбудзецца другі цэнтралізаваны экзамен. Хацелася б звярнуць увагу і школьнікаў, і іх бацькоў на абавязковае выкананне патрабавання аб наяўнасці дакумента, які сведчыць асобу. Безумоўна, у тых, у каго адсутнічаў пашпарт, будзе магчымасць здаць ЦЭ у рэзервовыя дні. Усе вынікі выпрабаванняў будуць накіраваны ў школы, для таго каб яны былі ўлічаны пры выстаўленні выніковых адзнак у атэстат абітурыентаў. І да 10 чэрвеня ўсе школьнікі атрымаюць атэстаты”, — паведаміў міністр.

Першы этап рэзервовай здачы ЦЭ адбудзецца 23 і 25 мая, другі запланаваны на 13 і 15 ліпеня, трэці — на 21 і 23 жніўня. Неабходна памятаць: тыя школьнікі, якія здадуць ЦЭ ў жніўні, не змогуць удзельнічаць у прыёмнай кампаніі ва УВА.

Першы блін — не камяком

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт — самая буйная пляцоўка здачы цэнтралізаванага экзамену ў краіне. Нягледзячы на тое, што гэта першы такі экзамен, ва ўніверсітэце назапашаны вялікі вопыт па правядзенні цэнтралізаваных выпрабаванняў. Напрыклад, падчас рэпетыцыйнага ЦЭ былі адладжаны арганізацыйныя працэсы і ўлічаны ўсе выяўленыя недахопы.

“Мы пастараліся стварыць максімальна камфортныя ўмовы для здачы ЦЭ. Зразумела, што ва аўдыторыі нічога нельга было праносіць, таму ў навучэнцаў з сабой быў толькі адзін “меч” — веды, пропуск, пашпарт і чорная гелевая ручка. Спадзяёмся, шмат каго з тых, хто здае ў нас цэнтралізаваны экзамен, мы ўбачым у новым навучальным годзе ў ліку студэнтаў БНТУ”, — выказаў думку першы прарэктар установы Георгій Вяршына.

Для правядзення ЦЭ на тэрыторыі БНТУ размясціліся чатыры экзаменацыйныя пункты ў чатырох вучэбных карпусах. Яшчэ ў двух карпусах знаходзіліся месцы чакання суправаджаючых педагогаў. Доступ у карпусы, дзе праходзіў цэнтралізаваны экзамен, быў дазволены толькі навучэнцам і арганізатарам. Педагогі, якія суправаджалі сваіх вучняў, змаглі пабачыць іх толькі пасля заканчэння іспыту.

За гадзіну да пачатку экзамену выпускнікі ўжо знаходзіліся на пункце здачы ЦЭ. На ўсёй тэрыторыі БНТУ былі размешчаны паказальнікі і ўся інфармацыя, дзе знаходзіцца тая ці іншая аўдыторыя. На ўваходзе віселі спісы з імёнамі навучэнцаў і ўказанне аўдыторый, дзе яны будуць праходзіць выпрабаванне. Школьнікаў чакаў двайны кантроль. Спачатку трэба было паказаць пашпарт і пропуск на прапускным пункце, а затым — перад уваходам у аўдыторыю, дзе прайшла жараб’ёўка, што вызначыла, за якой партай будзе сядзець удзельнік ЦЭ. Іспыт пачаўся ў 11 гадзін. Пакуль ён ішоў, мы змаглі пагаварыць з педагогамі, якія чакалі сваіх вучняў.

Са сталічнай гімназіі № 39 ЦЭ здавалі 82 вучні. З іх 74 — рускую мову і 8 — беларускую. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ўстановы Ала Мельнік адзначыла выдатную арганізацыю экзамену і выказала ўдзячнасць БНТУ: “14 мая ўсё прайшло дакладна і зразумела. Ніякага хаосу і спешкі не было, бо ўсе добра ведалі, куды ехаць і колькі часу неабходна на дарогу да месца здачы ЦЭ. І ў гэтым сапраўды дапамагла рэпетыцыя экзамену 28 студзеня, бо былі зроблены высновы і прыняты адпаведныя меры. Метро арганізавана, мы прыехалі на свой час — у 9 гадзін 10 мінут зайшлі ў метро. У БНТУ каля аўдыторый былі размешчаны спісы з імёнамі дзяцей і нумарамі аўдыторый”.

Па яе словах, іх гімназісты крыху хваляваліся, асабліва выдатнікі, якія ідуць на медалі: “Такіх вучняў у нас 9, і яны вельмі перажываюць за свае поспехі. Хоць на РЦЭ ўсе нашы вучні пацвердзілі свае чацвяртныя адзнакі і набралі ў асноўным вышэй за 90 балаў. На жаль, не было стабальнікаў. Увогуле, нашы гімназісты традыцыйна паспяхова здаюць ЦТ. Так, у мінулым годзе быў стабальнік па англійскай мове, а ў 2021-м чатыры чалавекі атрымалі найвышэйшы бал і па хіміі, і па біялогіі, і па іншых прадметах. Дарэчы, нашы тры класы маюць профілі: фізіка і матэматыка, хімія і біялогія, матэматыка і англійская мова. Хоць 21 мая яны будуць здаваць не толькі профільныя прадметы, але і грамадазнаўства і гісторыю Беларусі. Увогуле, нашы гімназісты шмат разоў здавалі РТ, яны добра падрыхтаваныя і заслужылі права быць залічанымі ў самыя лепшыя ўніверсітэты”.

Сваіх вучняў чакала і настаўніца рускай мовы і літаратуры гэтай гімназіі Ала Арцюхова. На факультатыве з навучэнцамі яна па некалькі разоў паўтарыла самыя складаныя тэмы і заданні.

“І тэсты рашалі, і правілы падвучвалі, асаблівы ўпор рабілі на словаўтварэнне і разбор слова па саставе, на віды сказаў. Бывала, не ўсё адразу атрымлівалася, тым не менш мы дайшлі да фінішу. Мае дзеці выходзяць задаволеныя, гавораць, што заданні па складанасці былі вельмі падобныя на тэсты ІІІ этапу РТ, — патлумачыла А. Арцюхова.

Яе вучаніца Дар’я Серпучонак з 11 “Б” прызналася, што за тыдзень да ЦЭ крыху хвалявалася, але ў дзень здачы трывога знікла: “Я шмат рыхтавалася, таму была настроена на добры вынік. Некалькі разоў пераправерыла ўсе адказы, каб не дапусціць памылкі па няўважлівасці. Самыя складаныя заданні былі ў частцы В па словаўтварэнні, лексічным значэнні слоў і арфаграфіі. Вельмі хочацца атрымаць дзясятку. Між іншым на РЦЭ я здавала англійскую мову і напісала яе на 91 бал. Мы ўсім класам шмат рыхтаваліся, таму ўпэўнены ў сваіх сілах. Увогуле, новая сістэма атэстацыі, на мой погляд, больш лёгкая, бо замест сямі экзаменаў нам давядзецца здаць толькі тры”.

Аднакласнік Дашы Мікалай Варапай — адзін з нямногіх, хто здаваў беларускую мову. Любоў да яе прывіла бабуля, якая была настаўніцай роднай мовы. Да таго ж ён перакананы, што свая мова больш простая, чым руская: “Заданні, над якімі прыйшлося падумаць, былі звязаны з пунктуацыяй. Хоць пры гэтым усе іх я выканаў прыблізна за гадзіну, яшчэ мінут 30 пераправяраў свае адказы, а ўжо астатні час пераносіў іх у бланк адказаў, выйшаў за 15 мінут да канца адведзенага часу. На экзамене быў спакойным, бо часта даводзілася ўдзельнічаць у розных алімпіядах. Так, я стаў пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі. Праз тыдзень буду здаваць матэматыку, бо збіраюся паступаць або на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР, або на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ”.

Першы цэнтралізаваны экзамен:

— правам вызвалення ад ЦЭ скарысталіся 484 вучні — пераможцы трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды (243 чалавекі) і старшакласнікі, якія навучаліся дома (241);

— па інфармацыі абласных упраўленняў адукацыі, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, прыступілі да ЦЭ 53 087 старшакласнікаў. Не з’явіліся на ЦЭ 182 навучэнцы, большасць — па хваробе;

— не дапушчаны ў пункты ЦЭ 4 чалавекі з-за адсутнасці арыгіналаў пашпартоў.

Лізавета Верас з паралельнага 11 “В” класа пісала рускую мову. Таксама сцвярджае, што заданні былі зусім нескладаныя, хоць у гэтым, напэўна, заслуга наведвання розных курсаў і бясконцых трэніровак — прарэшвання тэстаў мінулых гадоў. 21 мая яна будзе здаваць біялогію, а на ЦТ пакінула хімію.

“Увогуле, я не хвалявалася, раніцай спакойна сабралася, рамонкавай гарбаты папіла і на экзамен. Калі выйшла, то тыя заданні, у якіх сумнявалася, пераправерыла з дапамогай інтэрнэту. Думаю, будзе выдатная адзнака. Збіраюся паступаць у медуніверсітэт. На ЦТ пакінула хімію, бо, як па мне, яна больш складаная і ў мяне яшчэ ёсць месяц, каб падрыхтавацца”, — дадала адзінаццацікласніца.

Яе класны кіраўнік Вольга Саўчанка, настаўніца хіміі, расказала, што ў наступную нядзелю па 10 яе вучняў будуць здаваць хімію і біялогію. Адпаведна, адна палова — будучыя медыкі, а другая — хімікі і фармацэўты. Гаворачы пра падрыхтоўку да ЦЭ, педагог звярнула ўвагу на сістэмнасць: “Па выніках РЦЭ, у нашай гімназіі самыя лепшыя паказчыкі менавіта па хіміі, сярэдні бал — 8,9. Думаю, гэтаму паспрыяў мой падыход да падрыхтоўкі, якую я падзяліла на дзве часткі: тэарэтычную і практычную. Неабходна як мага больш трэніравацца на тэставых заданнях, бо па адной тэме можна задаць мільён пытанняў. Чым большая натрэніраванасць, тым большая верагоднасць, што вучні на экзамене адкажуць правільна. Частку В таксама можна падзяліць на пытанні па супастаўленні і выбары некалькіх правільных адказаў, хімічныя рэакцыі і разліковыя задачы. Мы два гады ўзмоцнена рыхтаваліся амаль штодзень. Мае дзеці дастаткова матываваныя, многія з іх удзельнікі алімпіяднага руху, ёсць і пераможцы рэспубліканскай алімпіяды. Багаж ведаў сабраны, і, думаю, у наступную нядзелю ўсе добра справяцца і пацвердзяць высокі ўзровень сваіх вучэбных дасягненняў”.

Улюбёныя ў родную мову

…і вучні сталічнай школы № 21 імя М. Ф Гастэлы. Адзін з іх — Дзмітрый Сацэвіч: “Мне трапіўся другі варыянт, прыйшлося падумаць над заданнямі часткі В, але я ўпэўнены ў сваіх адказах. Узмоцнена рыхтаваўся на працягу года, таму ў суботу я адпачываў і прыйшоў на экзамен са светлай галавой, поўным сіл і ў добрым настроі”.

“Мне заўсёды лягчэй давалася беларуская мова, асабліва пунктуацыя, я не толькі добра ведаю правілы, але і нібы адчуваю, дзе і які неабходны знак прыпынку, хоць, ведаю, у многіх, наадварот, менавіта гэтая тэма выклікае цяжкасці. Да таго ж мне здаецца, што беларуская прасцейшая за рускую”, — сказала Ксенія Халанец.

У сваю чаргу іх аднакласнік Аляксандр Станішэўскі прызнаўся, што беларускую мову ўсе яны любяць дзякуючы класнаму кіраўніку — настаўніцы беларускай мовы Святлане Сапега: “Калі выйшаў пасля экзамену, то патэлефанаваў ёй. Яна развеяла ўсе мае сумненні і пацвердзіла, што я ўсё зрабіў правільна”.

Дарэчы, Дзіма — будучы акцёр. Яму, каб паступіць у БДУКіМ, 21 мая неабходна здаць гісторыю Беларусі. Упэўненасці ў паспяховай здачы дадае васьмёрка па РЦЭ. ЦТ яму неабавязкова здаваць, бо ва ўніверсітэце яго чакае творчы экзамен. Ксенія — будучы трэнер, і для паступлення ў БДУФК ёй патрэбна біялогія, якую яна спадзяецца добра напісаць праз тыдзень. А вось Аляксандр марыць стаць праграмістам, дзеля чаго збіраецца на факультэт прыкладной матэматыкі ў БДУ.

На маё пытанне, чаму ж так мала выпускнікоў выбрала родную мову, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 59 Мінска Наталля Паўловіч адказала, што год на год не прыходзіцца.

“Абмяркоўвалі з калегамі ЦЭ як новую форму атэстацыйнага экзамену і прыйшлі да высновы: такі варыянт адназначна лепшы. Выпускнікам зараз прасцей: замест 4 школьных экзаменаў і 3 тэсціраванняў цяпер толькі два ЦЭ і адно ЦТ, і дзеці летам нават змогуць адпачыць. Мы ўсе прыехалі на экзамен пазітыўна настроенымі, хоць я вельмі перажывала за сваіх дзяцей і не спала ўсю ноч. Аднак іх старалася настроіць на пазітыў: мы і спісваліся з самага ранку, і ўдачы жадалі, і абдымаліся перад уваходам у аўдыторыю”, — адзначыла яна.

У сваю чаргу яе вучаніца Аліна Бурачэўская акцэнтавала ўвагу на тым, што ўсе настаўнікі іх школы заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу: “Калі звяртаешся да іх з пытаннямі, яны ўсё дакладна тлумачаць. Праўда, я выйшла з ЦЭ і вырашыла нічога ні ў каго не пытацца, як будзе, так будзе. Прызнаюся, вельмі хвалявалася, у нейкі момант мне нават стала холадна, хоць у аўдыторыі было цёпла. Я зразумела: гэта з-за хвалявання, але, часта выступаючы на сцэне, навучылася спраўляцца з ім. Хвілінак 10 пасядзела, супакоілася і прадоўжыла выконваць заданні, якія, дарэчы, былі дастаткова простымі. І, думаю, усё будзе добра. Збіраюся паступаць у БДУКіМ на эстрадна-джазавы вакал. 21 мая здам гісторыю Беларусі, а далей мяне чакае ўступны творчы экзамен, таму ЦТ мне здаваць не трэба. Усім сваім равеснікам жадаю не хвалявацца, бо, калі хвалюешся, усе веды некуды знікаюць, а таксама зычу добрага настрою, цярпення, спакою і веры ў свае сілы!”

Нагадаем, вынікі цэнтралізаванага экзамену па рускай і беларускай мовах стануць вядомы на працягу найбліжэйшых 10 працоўных дзён.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і аўтара