Упершыню на Міншчыне праводзіцца аздараўленчы профільны лагер педагагічнага кірунку «Пульс», вопыт арганізацыі якога ўнікальны для ўсіх: яго аналагаў у краіне не існуе, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Праграма лагера, які будзе працаваць 9 дзён, вельмі насычаная. Для навучэнцаў будуць праводзіцца шматлікія майстар-класы і трэнінгі, у тым ліку па псіхалогіі.
— Упершыню ў гісторыі адукацыі Мінскай вобласці мы пайшлі на такі крок, арганізавалі профільны лагер педагагічнага кірунку, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. — У нас вялікая сістэма, у якой працуюць больш за 24 000 педагогаў. Жадаю, каб у лагеры вы раскрылі свае магчымасці і адчулі неабходнасць правядзення такіх змен.
Ён нагадаў, што сёння ў вобласці амаль 1400 навучэнцаў 10—11-х класаў, якія выбралі педагагічныя класы.
— Спадзяюся, што пасля змены вы канчаткова вызначыцеся з прафесіяй, — звярнуўся да навучэнцаў педагагічных класаў М. Башко. — Упэўнены: тут у вас будуць захапляльныя дні, вы атрымаеце зарад бодрасці, папоўніце свой інтэлектуальны багаж.
Наталля САХНО
Фота аўтара