Помнік з паштоўкі

- 14:37Адукацыйная прастора

Падчас абмеркавання з навучэнцамі аб’екта, які можна прадставіць у якасці 3D-­праекта (макета) на раённым конкурсе па захаванні культурна-­гістарычных каштоўнасцей “Мазыршчына — Гомельшчына — Беларусь”, сярод старых паштовак Мазыра мы знайшлі фатаграфію помніка, які ніхто з нас не бачыў у горадзе.

З надпісу на паштоўцы даведаліся, што помнік знаходзіцца на вуліцы Фрунзэ ля стадыёна “Спартак”. Мы з дзецьмі адправіліся туды, але помнік не знайшлі. Пошук працягнулі ў інтэрнэце. Так, мы высветлілі, што помніка ўжо няма, застаўся толькі пастамент. Паўторны паход гэта пацвердзіў.

Між тым гісторыя гэтага помніка нас зацікавіла. Вывучылі краязнаўчы матэрыял і даведаліся, што помнік быў адкрыты ў 1957 го­дзе. Пастаўлены ён на брацкай магіле герояў Грамадзянскай вайны. Помнік, выліты з бронзы, уяўляў сабой скульптурную кампазіцыю: чырвонаармеец, партызан і матрос. Ён узвышаўся на пастаменце над 34 бетоннымі плітамі — брацкай магілай барацьбітоў за савецкую ўладу. На гэтым месцы ў ліпені 1920 года белапалякамі былі пакараны падпольшчыкі. Помнік з’яўляўся напамінам пра тыя гады, калі Беларускае Палессе было арэнай жорсткіх бітваў Грамадзянскай вайны, калі банды Пятлюры і Струка, Булак-Булаховіча і Савенкава, нямецкія і польскія інтэрвенты сеялі жах і смерць, пакідалі пасля сябе разрабаваныя вёскі і гарады, вісельні і папялішчы.

У савецкі час да гэтага помніка людзі прыходзілі пакланіцца героям, прыносілі кветкі. Ён быў занесены ў энцыклапедычнае выданне “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”. Фота ўнікальнага аб’екта нават было на вокладцы першага нумара часопіса “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”, які выходзіў у 70-я гады. У 1995 го­дзе яго павезлі на рэстаўрацыю, і далейшы лёс помніка невядомы.

Мы з вучнямі зрабілі макет — паспрабавалі ўзнавіць выяву помніка па фатаграфіі на паштоўцы, знялі відэастужку пра яго гісторыю і такім чынам яшчэ раз аддалі даніну памяці героям Грамадзянскай вайны. Гэты помнік — частка гісторыі нашага горада, нашай малой радзімы. Гэты помнік — вечная падзяка нашчадкаў вядомым і безыменным героям, усім, хто адстойваў свабоду нашага народа.

Лёс помніка не пакінуў нікога абыякавым на штогадовай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікія разумнікі”, што право­дзілася ў нашай школе. Слёзы стаялі ў вачах прысутных. Тэма Грамадзянскай вайны і тых, хто думаў пра нас, пра светлую і шчаслівую будучыню, стала блізкай кожнаму ў зале, дзе праходзіў адкрыты рэгіянальны фестываль дзіцячай і маладзёжнай кінавідэатворчасці, прымеркаваны да Года народнага адзінства і прысвечаны гістарычнай спадчыне нашай краіны. Гэтае мерапрыемства праходзіла пад патранатам Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА”, і наша работа была адзначана дыплома ІІ ступені. Па QR-кодзе можна паглядзець ролік, прысвечаны мазырскаму помніку з паштоўкі.

Ірына ФРАЛОВА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 12 Мазыра.