Прадстаўнікі Гомельскай вобласці заваявалі 11 дыпломаў на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры

- 10:57Образование

Прадстаўнікі Гомельскай вобласці заваявалі 11 дыпломаў на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, які прайшоў у Гомелі. Па 8 дыпломаў у Віцебскай і Магілёўскай абласцей і па 7 — у Гро­дзенскай і горада Мінска. У інтэлектуальным спаборніцтве ўдзельнічалі 114 школьнікаў з усёй краіны, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспуб­лікі Беларусь, намеснік старшыні журы Вячаслаў Караткевіч асаблівыя словы ўдзячнасці выказаў настаўнікам, якія рыхтавалі дзяцей да алімпіяды:

— Вам, педагогі, нізкі паклон за вашу працу. Яна сапраўды адчуваецца. Вы лепшыя з найлепшых настаўнікаў. Памятайце, што перамог той, хто адкрыў для сябе нешта новае. Спадзяюся, што гэтае свята ведаў было для кожнага адкрыццем.

Алімпіяда прайшла ў два туры: у першым школьнікі рабілі пісьмовую работу, а ў другім — пісалі водгук на літаратурны твор. Дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Марына Свістунова пад­крэсліла, што ганарыцца моладдзю і нават тымі, хто не змог паказаць сябе ва ўсёй моцы:

— Не трэба адчайвацца. Мы бачылі, што ў вас велічэзны патэнцыял, і вашы крылы яшчэ абавязкова раскрыюцца. Мы ў гэта шчыра верым.

Галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Булаўкіна выказала ўдзячнасць арганізатарам алімпіяды ў Гомелі:

— Вы арганізавалі ўсё на высокім прафесійным узроўні. Шаноўныя члены журы, вы працавалі плённа і натхнёна. Вам было цяжка, але вы выбралі лепшых з лепшых. Паважаныя настаўнікі, шчасця, моцнага здароўя вам і цярпення. Як бы ні склаўся ваш лёс, дарагія ўдзельнікі, які б шлях вы ні выбралі, самае галоўнае — каб вы выбралі тую сцежку, якая прыносіла б вам задавальненне і натхненне.

Абсалютныя пераможцы: у 9 класе — Алеся Гамідава, навучэнка сярэдняй школы № 202 Мінска імя В.М.Гінтаўта (настаўніца Таццяна Байраш). У 10 класе — Ангеліна Нарук з сярэдняй школы № 22 Гомеля (настаўніца Наталля Фяськова). Сярод вучняў 11 класа — Софія Акуневіч, прадстаўніца сярэдняй школы № 90 імя У.І.Стэльмашонка Мінска (настаўніца Алена Вацьковіч).

Ірына Уладзіміраўна ўручыла спецыяльны прыз міністра адукацыі Рэс­публікі Беларусь у намінацыі “За творчы беларусазнаўчы патэнцыял” вучаніцы 9 класа гімназіі № 1 Брэста імя Абарон­цаў Брэсцкай крэпасці Вікторыі Гапа­сюк. Вучань 9 класа Маложынскай сярэдняй школы Брагінскага раёна Сцяпан Харко з рук выконваючага абавязкі намесніка начальніка галоўнага ўпраў­лення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі Ірыны Драбышэўскай атрымаў спецыяльны прыз Гомельскага аблвыканкама ў намінацыі “Лепшы сельскі школьнік з Гомельскай вобласці”.

Дыпломы І ступені ўдзельнікам Рэс­публіканскай алімпіяды па беларус­кай мове і літаратуры ўручала прафесар кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук, прафесар Ірына Гапоненка. У ролі старшыні журы яна ўпершыню. Гаворыць, пераканалася, што ўсе юныя алімпіяднікі — суперзоркі:

— Вельмі прыемна, што такія дзеці ў нас ёсць. Яны ўмеюць думаць і ўмеюць адстойваць сваё меркаванне. Тыя, хто прайшоў алімпіяды, потым — сярод самых лепшых студэнтаў. Яны заўсёды больш упэўненыя. Куды б гэтыя дзеці ні пайшлі далей вучыцца, ім абавязкова спатрэбіцца гэты найкаштоўнейшы вопыт удзелу ў алімпіядзе.

Для знаўцаў роднай мовы ў Гомелі была арганізавана культурная праграма. Школьнікі сустрэліся са старшынёй Гомельскага абласнога аддзялення Саю­за пісьменнікаў Беларусі Уладзімірам Гаўрыловічам, наведалі Алею Герояў і палацава-паркавы ансамбль. У Гомельскім абласным драматычным тэатры паглядзелі спектакль паводле аповесці Васіля Быкава “Пайсці i не вярнуцца”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара