Праект указа “Аб мерах па прадухіленні выплаты ўзнагароджання за працу з ухіленнем ад выплаты падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў” можа быць унесены на разгляд дэпутатаў парламента на асенняй сесіі. Аб гэтым паведаміў Старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Валюшыцкі.
“Праект указа можа быць унесены на ўзгадненне ў Палату прадстаўнікоў 2 кастрычніка. Магчыма, дакумент яшчэ будзе дапрацоўвацца. Безумоўна, дэпутаты будуць удзельнічаць у абмеркаванні ўсіх момантаў. Цалкам магчымы разгляд гэтага дакумента на першай асенняй сесіі”, — сказаў парламентарый.
Што тычыцца сутнасці самога законапраекта, то, на думку дэпутата, гэта робіцца з мэтай легалізацыі ўсіх грашовых выплат, якія атрымлівае канкрэтны работнік на канкрэтным прадпрыемстве, — асноўнай заработнай платы, прэміяльных даплат, іншых розных бонусаў. Любая выплата суправаджаецца адлічэннем пэўнай сумы падаходнага падатку. Зарплаты або нейкія іншыя выплаты ў канвертах з’яўляюцца скрываннем або ўхіленнем ад падаткаабкладання.
“Аб гэтым ва ўрадзе гаварылі заўсёды і заўсёды звярталі ўвагу на гэтую праблему. Імкненне дзяржавы ўпарадкаваць усе гэтыя пытанні лічу абсалютна правільным. Любы даход павінен абкладацца падаткам. Новы нарматыўны дакумент прызначаны ўвесці працэс у цывілізаванае рэчышча і налажыць пэўныя штрафныя санкцыі на тых, хто спрабуе скры ць даходы. Тым, хто нармальна працуе і вядзе гаспадарчую дзейнасць, няма чаго баяцца. Ніякіх негатыўных вынікаў для іх не адзначаецца”, — запэўніў Віктар Валюшыцкі.