Праекты вясковых вучняў

- 14:17Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

Актуальнай задачай сучаснай сельскай школы з’яўляецца ўзбраенне навучэнцаў тым мінімальным аб’ёмам ведаў і ўменняў, які дае ім магчымасць рэалізаваць сябе як будучых гаспадароў зямлі.

Сацыяльна значныя ініцыятывы

Школа і соцыум нясуць вялікую адказнасць перад навучэнцамі за іх будучыню. На мой погляд, у новых сацыяльна-эканамічных умовах дзеці павінны не толькі атрымліваць першасныя навыкі работы на зямлі, але і вучыцца правільна, эфектыўна гаспадарыць на ёй. Яны павінны ўмець ацэньваць вынікі сваёй працы як маральна, так і матэрыяльна.

У Мазолаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Мсціслаўскага раёна рэалізуюцца сацыяльна значныя ініцыятывы і праекты. Многія з іх маюць аграрную накіраванасць. Таму ў нашай установе адукацыі стала асабліва актуальным адкрыццё профільнай групы аграрнай накіраванасці. Была арганізавана работа факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” для навучэнцаў 10—11 класаў.

Навучэнцы профільнай групы былі актыўнымі ўдзельнікамі раённых конкурсаў, канферэнцый, семінараў і іншых мерапрыемстваў аграрнай накіраванасці. Практычным вынікам сумеснай са школьнікамі работы стала вырошчванне экалагічна чыстай расліннай прадукцыі на прышкольным участку ў фармаце “Міні-агарод”. Так узнікла доследная вучэбная пляцоўка. На ёй размясціліся дзве полікарбанатныя цяпліцы. Рэалізацыя гэтай ініцыятывы дазволіла назапасіць веды ў сферы экалагічнага земляробства, якія мы выкарыстоўваем і зараз. Акрамя таго, гэты вопыт даў нашым выпускнікам магчымасць вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі на факультэце “Прамысловае рыбаводства”.

У школе ў рамках працоўнага навучання рэалізуецца адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых для навучэнцаў 10—11 класаў па спецыяльнасці “Агароднік”. Навучэнцы прымаюць удзел у раённым конкурсе JuniorSkills, дзе паказваюць выдатныя тэарэтычныя веды, практычныя ўменні і навыкі (2021 і 2022 гады — дыпломы I ступені).

Агранапрамак прафесійна арыентуе навучэнцаў ІІ і ІІІ ступеней навучання на спецыяльнасці, неабходныя для жыцця ў сельскай мясцовасці, што з’яўляецца важным фактарам фарміравання асобы выпускнікоў нашай установы адукацыі. У гэтых адносінах работа аграрнай накіраванасці становіцца сапраўднай асновай працоўнай адукацыі навучэнцаў, пачаткам фарміравання іх жыццёвага вопыту ў вучэбна-працоўнай, доследнай, пазнавальнай і даследчай рабоце.

Юныя аграрыі

Рэалізаваць такі вопыт у нашай установе адукацыі стала магчымым дадаткова ў рамках праекта “Юныя аграрыі”. У гэтым праекце задзейнічаны навучэнцы ІІ і ІІІ ступеней навучання, якія праявілі цікавасць да спецыяльнасцей, што рэалізуюцца ў сельскай мясцовасці, і да вывучэння вучэбных прадметаў “Біялогія” і “Працоўнае навучанне”. Праект дае магчымасць навучэнцам азнаёміцца са спосабамі вырошчвання асноўных сельскагаспадарчых культур з улікам іх біялагічных асаблівасцей і мясцовых глебава-кліматычных умоў.

Дзеці авалодваюць глыбокімі тэарэтычнымі ведамі па біялогіі ў сферы вырошчвання культурных раслін, тэхналогіі іх вытворчасці, вучацца самастойна выконваць усе асноўныя тэхналагічныя працэсы, такія як падрыхтоўка насення, вырошчванне расады, падрыхтоўка глебы і ўнясенне ўгнаенняў, абарона ад шкоднікаў і хвароб, знішчэнне пустазелля з мінімальнымі затратамі працы, уборка ўраджаю і ацэнка яго якасці.

Праект “Юныя аграрыі” забяспечвае магчымасць далейшай індывідуалізацыі навучання з улікам інтарэсаў, схільнасцей і здольнасцей навучэнцаў па наступных блоках: біялогія і экалогія, аграномія, агародніцтва. Прымяненню комплекснага падыходу да азнаямлення з аграрным сектарам садзейнічае вывучэнне вучэбных прадметаў “Хімія” і “Біялогія” на павышаным узроўні для навучэнцаў 10—11 класаў нашай школы, што забяспечвае пераемнасць паміж агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыяй.

Праект па вырошчванні на прышкольным участку расады экалагічна чыстай агародніны з прымяненнем тэхналогій арганічнага земляробства (для патаннення харчавання навучэнцаў) ажыццяўляецца не першы год. Гэтая ініцыятыва накіравана на падтрымку Мэты ўстойлівага развіцця “Ліквідацыя голаду, гарантаванне харчовай бяспекі, паляпшэнне харчавання і садзейнічанне ўстойліваму развіццю сельскай гаспадаркі”.

Праект прадугледжвае правядзенне вучэбна-тэарэтычных заняткаў, прафарыентацыйных мерапрыемстваў, арганізацыю экскурсій, падрыхтоўку і абарону даследчых работ, праектаў. Для ўдзельнікаў нашага праекта была арганізавана экскурсія ў сельскагаспадарчую акадэмію. Навучэнцы наведалі фондавую аранжарэю батанічнага саду, лабараторыю радыелагічных даследаванняў. У даследчай лабараторыі якасці насення азнаёміліся з сучасным абсталяваннем для даследавання насення. Дзякуючы Ірыне Генадзьеўне Пугачовай, кандыдату сельскагаспадарчых навук, дацэнту кафедры сельскагаспадарчай біятэхналогіі і экалогіі, экскурсія атрымалася змястоўнай і карыснай. Усе ўдзельнікі адрымалі ў падарунак насенне таматаў і перцаў селекцыі вучоных горацкай акадэміі. 

Даследчыя праекты

Даследчая дзейнасць уключае навучанне асноўным метадам даследаванняў, работу з літаратурнымі крыніцамі, фарміруе навыкі публічнай абароны работы. Старэйшыя навучэнцы (8—11 класы), якія праяўляюць схільнасць да навуковай работы, пад кіраўніцтвам І.Г.Пугачовай распрацоўваюць рабочую гіпотэзу і схему доследаў, падбіраюць адпаведныя методыкі па тэме “Сортавывучэнне таматаў”. У комплексе — сучаснае абсталяванне, прагрэсіўныя тэхналогіі вучоных сельгасакадэміі, даследчая дзейнасць навучэнцаў, што дае магчымасць наблізіцца да навуковай дзейнасці.

Увядзенне ў праект блока даследчай дзейнасці дае магчымасць пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі для кожнага старшакласніка і з’яўляецца падмуркам для самавызначэння асобы, перадпрофільнай і профільнай падрыхтоўкі.

Ва ўстанове адукацыі вядзецца сістэмная работа па рэалізацыі сацыяльна значных ініцыятыў і праектаў сельскагаспадарчага профілю. Праект па вырошчванні на прышкольным участку расады экалагічна чыстай агародніны з прымяненнем тэхналогій арганічнага земляробства (для патаннення харчавання навучэнцаў) ажыццяўляецца не першы год. Гэтая ініцыятыва накіравана на падтрымку Мэты ўстойлівага развіцця “Ліквідацыя голаду, гарантаванне харчовай бяспекі, паляпшэнне харчавання і садзейнічанне ўстойліваму развіццю сельскай гаспадаркі”. Нашы праекты маюць практыка-арыентаваную накіраванасць.

Агранапрамак стаў адным са складнікаў праграмы раённага значэння “Занятасць непаўналетніх”, дзе нашы навучэнцы з’яўляюцца ўдзельнікамі праекта “Школа юнага аграрыя”, у рамках якога будзе рэалізаваны план мерапрыемстваў “Агралета”. Інфармацыя пра дзейнасць установы адукацыі па агранапрамку размешчана на сайце ўстановы адукацыі, у сацыяльнай сетцы “УКантакце” (VK), дзе адлюстравана дзейнасць удзельнікаў праекта, размяшчаюцца матэрыялы і вынікі работы ўдзельнікаў праекта “Юныя аграрыі”.

Алена ВАРАПАЙ, 
настаўніца біялогіі Мазолаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.