Прафесійныя пробы для школьнікаў з АПФР: на рэалізацыю якога праекта Ганна Бойка атрымала грант Прэзідэнта Беларусі

- 9:03Главная, Образование

У рамках рэалізацыі праекта па прафесійным самавызначэнні асоб з АПФР дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа рамесніцтва і дызайну імя М.А.Кедышкі Ганна Бойка атрымала грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2025 год. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У апошнія тры гады ў нашым каледжы была адноўлена падрыхтоўка навучэнцаў з АПФР, — расказала Ганна Уладзі­міраўна. — У 90-х гадах тут існавала такая практыка. Сёння зноў узнікла неабход­насць рэалізоў­ваць падобныя праг­рамы. На 1 верасня 2024 года ў спецыяльных групах нашага каледжа займалася 50 навучэнцаў з АПФР. Пераважна гэта дзеці з інтэлектуальнай недастатковасцю. У нас яны прахо­дзяць двухгадовую падрыхтоўку па прафесіях тынкоўшчык, маляр. Вучацца і па новых прафесіях — фларыст і выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ. З будучага навучальнага года мы набіраем дзве групы дзяцей з АПФР па прафесіях маляр, цясляр, а таксама толькі маляр.

Для тых, хто не можа паўнацэнна асвоіць рабочую прафесію, мы ўкаранілі (сумесна з РІПА і SOS-Дзіцячая вёска Бараўляны) практыку навучання на курсах з прысваеннем частковай кваліфікацыі, напрыклад, “штэмпелеўшчык этыкетак. Упакоўшчык прадукцыі ў тару”. Выпускнікам курсаў выдаём не дыпломы, а сертыфікаты аб засваенні канкрэтных аперацый.

У каледж таксама прыходзяць вучні 10—11 класаў (у рамках працоўнага навучання), у тым ліку дзеці з АПФР, якім дапамага­юць атрымаць пасведчанне аб прафесійнай падрыхтоўцы. Маладыя людзі асвойваюць прафесіі кладаўшчыка, сталяра, укладчыка-ўпакоўшчыка, прадаўца, швачкі і малодшай сястры (брата) міласэр­насці.

Для юнакоў і дзяўчат з асаблівасцямі ў каледжы забяспечваюцца неабходныя меры падтрымкі. Перш за ўсё малая напаўняльнасць спецгруп, дзе яны вучацца (ад 6 да 12 чалавек). Немалаважны аспект — праяўленне ўвагі і разумення да іх з боку педагогаў, цярплівае тлумачэнне, шматразовае паўтарэнне, каб кожны мог засвоіць вучэбны матэрыял.

Чаму ўвогуле ўзнікла ідэя праекта прафесійнага самавызначэння асоб з АПФР? — разважае Ганна Бойка. — На практыцы мы сутыкнуліся з праблемай, што не ўсе нашы навучэнцы гатовы займацца прафесійнай дзейнасцю, якую яны выбралі. Паколькі іх выбар быў дзесьці выпадковым, прадыктаваны бацькамі, якія не заўсёды разуме­юць, якія працоўныя аперацыі іх дзіця здольна выконваць і якія прафесіі даступныя для яго. Бацькам у большай ступені патрэбна сацыялізацыя сына ці дачкі. Яны недаацэньваюць цяжкасці, у тым ліку псіхалагічныя, што дзіця адчувае падчас заняткаў, да якіх у яго няма схільнасцей і цікавасці, а выкладчыкі — пры рабоце з такім вучнем.

Выпускаць з каледжа непадрыхтаванага маладога чалавека, які без дапамогі іншых не можа выконваць практычныя заданні і ўвогуле не мае цікавасці да іх, не адчувае адказнасці за ўскладзеныя на яго абавязкі, мы не маем права. Наша задача — дапамагчы кожнаму выбраць прафесію ў залежнасці ад цікавасці, схільнасцей і псіхафізічных асаблівасцей.

У рамках гранта ў каледжы рэалізуюцца прафесійныя пробы для школьнікаў з АПФР па 10 прафесіях: тынкоўшчык, маляр, цясляр, сталяр, вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі, выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ, фларыст, швачка, абліцоўшчык-плітачнік і кветкавод. На працягу года прадугледжана фінансаванне гэтых мерапрыемстваў (41 базавая велічыня ў месяц). За атрыманыя сродкі закупляюцца неабходныя матэрыялы, расходнікі, інструменты і іншыя прыстасаванні. Плануецца запрасіць на прафпробы 80 сталічных старшакласнікаў. У выніку кожны ўдзельнік атрымае партфоліа з рэкамендацыямі і фотаздымкамі прафесійных проб.

— Бывае, дзіця само цягнецца да рабочых інструментаў і з лёгкасцю пачынае фарбаваць, пілаваць, шпакляваць так, што здзіўляе дарослых. А бывае, ніяк не можа вызначыцца, што яго больш прываблівае, не ўмее правільна трымаць інструмент, як бы педагог ні стараўся яго навучыць і зацікавіць. Для такіх вучняў можна прапанаваць курс па прысваенні адзінкавай кваліфікацыі, — гаворыць намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай рабоце Алена Вашкевіч. — Чым у большай колькасці прафесій юнакі і дзяўчаты паспрабуюць сябе, тым лепш. Гэта дазволіць ім зразумець, чым насамрэч яны хочуць займацца, і сарыентуе іх бацькоў у пытаннях паступлення.

Не абавязкова ў наш каледж рамесніцтва і дызайну, бо не ўсе з прадстаўленых падчас прафпроб спецыяльнасцей тут можна атрымаць. Галоўнае, каб дзеці мэтанакіравана ішлі туды, дзе змогуць вучыцца, а затым маглі працаваць па выбранай спецыяльнасці.

Выпускнікоў каледжа з АПФР працаўладкоўваюць, размяркоўваюць, напрыклад, у будаўнічыя і камунальныя прадпрыемствы, у арганізацыі, якія займаюцца вытворчасцю і продажам кветак, у мастацкія студыі і ганчарныя майстэрні і г.д. Установа супрацоўнічае па гэтых пытаннях са службамі занятасці.

Ганарацца педагогі і дасягненнямі сваіх вучняў. Напрыклад, фларыст Кацярына Ачапоўская ў мінулым годзе заняла 3-е месца ў нацыянальным чэмпіянаце па прафесійным майстэрстве сярод інвалідаў і асоб з абмежаванымі магчымасцямі здароўя “Абілімпікс” у Маскве. Дзяўчына сёння працуе ў кветкавым магазіне. Навучэнка Ксенія Мацвіенка заняла 1-е месца на гарадскім этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus — 2025 па кампетэнцыі “Рабочы зялёнага будаўніцтва”.

***

У адзін з чэрвеньскіх дзён каледж наведалі навучэнцы сярэдняй школы № 91 Мінска імя Хасэ Марці, у якой створаны ўмовы для навучання дзяцей з парушэннем слыху.

Юных гасцей сустрэла выкладчык каледжа загадчыца аддзялення прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Кацярына Студэнт.

— Прафесійныя пробы ла­дзяцца ў форме групавых заняткаў працягласцю 2—3 га­дзіны, — адзначае педагог. — Спачатку дзеці праходзяць псіхалагічнае тэсціраванне і гуляюць у спецыяльную камп’ютарную гульню, распрацаваную ў РІПА, на вызначэнне сваіх схільнасцей.

Кацярына Валер’еўна нагадала вучням пра тыпы прафесіі ў залежнасці ад характару ўзаема­дзеяння чалавека з навакольным светам. Гэта можа быць узаема­дзеянне чалавека і прыроды (садоўнік, фермер), чалавека і тэхнікі (механік, цясляр) і чалавека з мастацкім вобразам (мастак, дызайнер, ганчар).

— Псіхалагічна кожнаму з нас падыходзіць адзін ці два з гэтых тыпаў прафесіі, — працягвае Кацярына Студэнт. — Прапаную вам прайсці тэст “Мае інтарэсы, мой выбар”: чытаеце пытанні і выбіраеце адзін з трох варыянтаў адказу: “так”, “не”, “не ведаю”. Там, дзе будзе больш за ўсё адказаў “так”, і ёсць тып прафесіі, які найбольш вам падыходзіць.

Маладыя людзі адправіліся ў майстэрні — сталярную, малярную, фларыстычную, швейную, абліцавальную і г.д., дзе выканалі заданні педагогаў.

Майстар вытворчага навучання Арцём Грыгарук вядзе спецгрупы па сталярнай справе. Хлопчыкі вучыліся піла­ваць уручную і на станку, стваралі падстаўкі пад гарачае. Наступны прыпынак — малярная майстэрня, дзе пад кіраўніцтвам майстра вытворчага навучання Дзяніса Альгісавіча Арбачаўскаса юнакі наносілі на сцены пры дапамозе шпаталя шпаклёўку. Праца даволі цяжкая, бо шпаталь разам з растворам важыць амаль кілаграм. Майстар вытворчага навучання па прафесіі выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ Ксенія Абакунчык правяла невялікі майстар-клас па стварэнні паштоўкі з дэкаратыўнымі дэталямі. Школьнікі пабывалі ў керамічнай майстэрні, дзе майстар вытворчага навучання Паліна Ліц­він дапамагла ім зрабіць гліняныя талерачкі з выявай раслін. Гэта работа адна з самых далікатных, тактыльных.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва ўстановы