Кіраўнік па фізічным выхаванні Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа Станіслаў Талканіца пастаянна ў руху. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Вучэбныя заняткі, трэніроўкі, масавыя аздараўленчыя мерапрыемствы: педагог усюды паспявае. Энергічны, прыветлівы, ініцыятыўны — ён паспяхова фарміруе ў вучняў імкненне да фізкультуры і спорту.
Педагагічны шлях Станіслава Віктаравіча пачаўся з дзіцячага захаплення. Яму пашанцавала быць у ліку вучняў выдатнага настаўніка фізкультуры з Асіповіч Джана Курчэўскага.
— Джан Аляксеевіч далучыў да футбола, валейбола, лёгкай атлетыкі, навучыў мяне дысцыпліне, адказнасці, настойлівасці, даў своеасаблівую пуцёўку ў жыццё, стаў арыенцірам у прафесіі. Са сваімі навучэнцамі займаюся менавіта па яго прынцыпах, — падзяліўся Станіслаў Талканіца.

У педагогіцы Станіслаў Віктаравіч амаль тры дзесяцігоддзі. За гэты час выпрацаваў алгарытмы эфектыўнага навучання. Педагог перакананы: ключавое на занятках фізкультуры — матывацыя і зацікаўленасць:
— Для мяне важна, каб у групе панавала дынаміка, каб вучні адчувалі сябе камфортна, маглі ўнесці свой уклад у агульную атмасферу. Кожнага задзейнічаю ў занятках, максімальна раскрываючы яго патэнцыял. За пасіўнасцю часта хаваецца звычайная няўпэўненасць. Навучэнцы баяцца зрабіць нешта няправільна. Калі накіраваць іх у патрэбнае рэчышча, прыйдзе і цікавасць да фізкультуры.
Значны матывацыйны фактар — прыклад настаўніка. Канкрэтныя элементы ў розных відах спорту Станіслаў Віктаравіч нярэдка дэманструе навучэнцам ва ўласным выкананні.
— Такая нагляднасць спрыяе вучэбнай паспяховасці. А яшчэ — дапамагае знайсці кантакт і ўзаемаразуменне з вучнямі, даць ім неабходны стымул, — расказаў суразмоўнік.
Да арганізацыі заняткаў Станіслаў Талканіца падыходзіць вельмі творча. Шырока выкарыстоўвае спаборніцкі метад і гульнявыя тэхналогіі, робіць навучанне рознабаковым.
— Адна справа — забяспечыць дзяцей спартыўным інвентаром і гэтым абмежавацца. Зусім іншае — старанна прадумаць структуру заняткаў з улікам магчымасцей навучэнцаў. Трэба, каб дзеці не механічна выконвалі
заданні, а ўсведамлялі іх фізіялагічны сэнс, разумелі, як тое ці іншае практыкаванне ўплывае на фізічнае ўдасканаленне арганізма, — паведаміў Станіслаў Віктаравіч.

У нязменным прыярытэце для настаўніка — асоба вучняў. Далучаючы да спорту, ён выхоўвае дзяцей, дае ім каштоўныя жыццёвыя ўрокі, фарміруе ўнутраны духоўны стрыжань:
— Да ўсіх шукаю індывідуальны падыход. Разгледзець унікальнасць навучэнца, яго таленты, схільнасці лічу адной з асноўных сваіх задач. Распрацоўваю персаналізаваныя траекторыі навучання. У большасці вучні прыходзяць з пачатковым узроўнем фізічнай падрыхтоўкі. Вызначаю для іх спартыўны вектар, рыхтую адаптаваную праграму трэніровак. Упор раблю на фарміраванне сілы, хуткасці, умення пераадольваць цяжкасці. Стаўка таксама на канкурэнцыю і дэталёвы разбор памылак. У каледжы ёсць спецыялізаваны кабінет, абсталяваны мультыбордам, тэматычнымі стэндамі, метадычнай літаратурай.
Выкананне трэніровак здымаю на відэа, а пасля сумесна з навучэнцамі праглядаем ролікі. Уключаю ім падрабязныя майстар-класы ад знакамітых спартсменаў, указваю на недапрацоўкі ў тэхніцы.
Са здольнымі навучэнцамі Станіслаў Віктаравіч сустракаецца практычна штодзень. Трэніроўкі ладзіць у супрацоўніцтве са спартыўнымі клубамі горада.
— Ніколі не забываюся і пра маральную, псіхалагічную падтрымку. Падбадзёрваю словам, задаю станоўчы настрой, — адзначыў Станіслаў Талканіца.
Выбудаваная стратэгія прыносіць чаканыя вынікі. Навучэнцы Станіслава Віктаравіча штогод выходзяць у пераможцы і прызёры заключных стартаў зімовага і летняга мнагаборства “Здароўе”, спаборніцтваў “Абаронца Айчыны”, бліскуча праяўляюць сябе ў турнірах па гульнявых відах спорту. Звыш 10 гадоў запар каледж знаходзіцца ў лідарах абласной спартакіяды сярод устаноў прафесійнай адукацыі.

— Нашы вучні не проста заваёўваюць кубкі і медалі. Яны ставяць пэўныя рэкорды. Асаблівы мой гонар — Уладзіслаў Гурчанка, Аляксандр Каваленка, Лізавета Апатава, Андрэй Лішанкоў. Уладзіслаў і Андрэй — рэкардсмены ў падцягванні. Лізавета — алімпіядніца, пераможца розных спаборніцтваў. Мноства перамог і ў Аляксандра, прычым спартыўныя вышыні пакарыліся яму дзякуючы выключнай працавітасці, — пералічвае дасягненні выхаванцаў педагог.
Як кіраўнік фізічнага выхавання ён рэгулярна сустракаецца з навучэнцамі ў пазаўрочны час, праводзіць масавыя спартыўныя мерапрыемствы.
— У нас выдатная матэрыяльная база. Ёсць сучасныя спартыўная і трэнажорная залы, стадыён, цір, зала гімнастыкі. Добрая тэхнічная аснашчанасць дазваляе ўсяляк папулярызаваць спорт у маладзёжным асяроддзі. Традыцыяй у каледжы сталі лёгкаатлетычныя кросы, дні здароўя, спартландыі, таварыскія матчы, — дадае педагог.
Нягледзячы на салідны працоўны вопыт, Станіслаў Віктаравіч знаходзіцца ў бесперапынным прафесійным развіцці.
— Сапраўды неардынарны педагог. Актыўна выкарыстоўвае на занятках перадавыя адукацыйныя методыкі. Але галоўнае, умее захапіць дзяцей, павесці іх за сабой, — адгукаецца аб Станіславе Талканіцу дырэктар каледжа Віктар Бурака.

Гэтыя словы пацвярджаюцца на справе. На заняткі да Станіслава Віктаравіча навучэнцы заўсёды ідуць з радасцю і пазітывам. А яго выпускнікі застаюцца адданымі спорту, некаторыя звязалі са спартыўнай сферай будучыню.
— Для мяне гэта самы значны паказчык у працы. Атрымліваў ганаровыя граматы і дыпломы. Аднак найлепшая ўзнагарода — светлы след у душах вучняў. Гэта тое, што натхняе і заахвочвае выкладаць далей, — падкрэсліў Станіслаў Талканіца.
Дарэчы, Станіславу Віктаравічу ўжо 69 гадоў! Ён даўно на заслужаным адпачынку, але прафесія не адпускае. І педагог працягвае ісці наперад.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





