Прарэктар БДУ: «Уступная кампанія – 2023 арыентавана на спрашчэнне шляхоў паступлення матываванай моладзі»

- 10:06Интервью

Пра інавацыі сёлетняй уступнай кампаніі мы расказваем практычна ў кожным нумары нашага выдання. Яно і зразумела, бо лепш лішні раз паўтарыць усе нюансы, чым пасля кусаць локці, што ў нечым памыліўся. Такой жа думкі прытрымліваецца і прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі БДУ Канстанцін Казадаеў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Канстанцін Уладзіміравіч, на якія новаўвядзенні гэтага года варта звярнуць асаблівую ўвагу сёлетнім абіту­рыентам БДУ?

— Калі гаварыць пра прыёмную кампанію, то прасцей сказаць, што засталося ранейшым, бо змянілася практычна ўсё. Згодна з новым дзяржаўным класіфікатарам спе­цыяльнасцей і кваліфікацый, практычна ўсе спецыяльнасці былі перагледжаны. Як вы­нік, назвы каля 20 з 80 нашых спецыяльнасцей І ступені адукацыі так ці інакш зменены. Некаторыя спецыяльнасці сталі больш буйнымі альбо, наадварот, звузіліся, а некаторыя набылі новае гучанне. Напрыклад, спецыяльнасць “Камп’ютарная бяспека” ператварылася ў “Кібербяспеку”, і такіх прыкладаў шмат. Перакадзіровачная табліца найменняў нашых спецыяльнасцей размешчана на ўніверсітэцкім сайце https://abiturient.bsu.by.

Да таго ж раней была двухступеньчатая працэдура паступлення. Яна складалася з цэнтралізаванага тэсціравання, за якое адказ­ваў універсітэт, і непасрэдна самой прыёмнай кампаніі. Цяпер жа ў нас чатыры этапы, у якіх так ці інакш задзейнічана наша ўстанова. Першы сумяшчаецца з этапам выніковай атэстацыі выпускнікоў школ. БДУ — адзін з самых буйных пунктаў правя­дзення цэнтралізаванага экзамену: у нас гэты іспыт здадуць каля 1900 старшакласнікаў Фрунзенскага раёна сталіцы. Варта нагадаць: сертыфікаты ЦЭ ўдзельнічаюць у выніковай атэстацыі і з’яўляюцца падставай для паступлення ва УВА.

Другі этап — прыём на мэтавую форму навучання. Цяпер ён праводзіцца асобна і ў пачатку чэрвеня распачынае прыёмную кампанію. Прычым мы павінны за два тыдні, з 1 па 16 чэрвеня, паспець усё: і прыняць дакументы, і правесці ўступныя іспыты — вусныя экзамены па першым профільным прадмеце, і арганізаваць конкурс на мэтавыя месцы, і, адпаведна, залічыць мэтавікаў у студэнты.

Наступны этап адбудзецца ў другой палове чэрвеня — першай палове ліпеня. Гэта правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання. Яно, праўда, цяпер будзе скарочана як па колькасці саміх паступаючых, паколькі асноўная маса будзе здаваць ЦЭ, так і па колькасці сертыфікатаў, якія можа атрымаць абітурыент. Бо калі раней паступаючы мог мець, умоўна кажучы, адзін лішні сертыфікат па тэсціраванні, то цяпер у яго на руках будуць выключна вынікі двух ЦЭ і аднаго ЦТ, а таксама сярэдні бал атэстата, які папярэдне перавядуць у 100-бальную сістэму.

І чацвёрты этап — сама прыёмная кампанія. Асноўны этап прыёму дакументаў на бюджэтную форму пройдзе з 17 па 25 ліпеня, правядзенне ўступных экзаменаў адбу­дзецца з 26 ліпеня па 2 жніўня, залічэнне — да 11 жніўня.

— У пачатку мая стала вядома коль­касць месцаў для мэтавікаў. На якія спецыяльнасці БДУ абітурыенты мо­гуць узяць мэтавае накіраванне?

— У БДУ традыцыйна мінімальны мэтавы набор. Раней мы прымалі не больш за 50—60 мэтавікаў, гэта каля 5% ад нашых 2100 бюджэтных месцаў. У гэтым годзе мы чакаем невялікі прырост абітурыентаў-мэтавікаў, бо маем амаль 70 запытаў ад заказчыкаў кадраў на наступныя спецыяльнасці: “Журналістыка” (3), “Правазнаўства” (27), “Кібербяспека” (4), “Дзяржаўны аўдыт” (7), “Мытная справа” (12) і інш. Больш падрабязная інфармацыя размешчана тут.

Тут варта нагадаць механізм фарміра­вання такой заяўкі, бо ўніверсітэт за лічбы мэтавага набору не адказвае. Спачатку арганізацыя — заказчык кадраў павінна па­даць заяўку на мэтавіка ў свой вышэйстаячы кантралюючы орган. А ён у сваю чаргу вызначае, наколькі неабходны спецыяліст, якога заказваюць, і затым фарміруе заяўку і перадае яе ў Мінадукацыі.

Задача ж універсітэта — арганіза­ваць конкурс на мэтавае месца, і гэта таксама сёлетняе новаўвядзенне. За мэтавую заяў­ку нашым патэнцыяльным абітурыентам прыйдзецца пазмагацца. Прычым тут можа ўзнікнуць недарэчная сітуацыя: калі арганізацыя падала, скажам, заяўку на 10 месцаў і да нас прыйшлі 10 абітурыентаў, то конкурс не адбудзецца і гэтыя месцы мы будзем абавязаны вярнуць на агульны конкурс.

— Яшчэ адна асобная катэгорыя паступаючых — пераможцы алімпіяд і міжнародных спаборніцтваў, медалісты, ліцэісты і выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, якія маюць права паступаць без экзаменаў. Калі ім трэба падаваць дакументы?

— Уступная кампанія — 2023 арыентавана менавіта на спрашчэнне шляхоў паступ­лення для матываванай і таленавітай мола­дзі, і ў гэтым яе галоўная заслуга і сіла. Усе льготныя катэгорыі абітурыентаў будуць падаваць дакументы ў асноўны этап прыёмнай кампаніі.

Мы для сябе налічылі шэсць катэгорый, якія будуць мець права паступлення ў наш універсітэт без іспытаў. Сярод іх — пераможцы міжнародных алімпіяд і рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, а таксама медалісты, якія збіраюцца прыйсці на нашы педнапрамкі або на спецыяльнасці, запатрабаваныя эканомікай. Апошніх у нас каля 10, і гэта ў асноўным фізічны, радыёфізічны і філалагічны напрамкі.

Часта бывае так, што адораны старшакласнік — і алімпіяднік, і выдатнік, а хтосьці яшчэ і ліцэіст. Зразумела, што ён мае не адну льготную траекторыю паступлення і сам вырашае, якой скарыстацца. Да таго ж калі малады чалавек на працягу апошніх гадоў упарта працаваў, у адрозненне ад сваіх аднагодкаў, мэтанакіравана ішоў да паступ­лення ва ўніверсітэт, то будзе справядліва, калі ён падчас прыёмнай кампаніі зможа адчуваць сябе крыху больш упэўнена і спакойна, чым іншыя.

Уступная кампанія — 2023 арыентавана менавіта на спрашчэнне шляхоў паступлення для матываванай і таленавітай моладзі.

Калі гаварыць пра выпускнікоў ліцэяў БДУ, БРУ і ПДУ, якія ў атэстаце маюць не менш чым 8 балаў і дзявяткі па профільных прадметах, то і ў іх з’явілася эксклюзіўная магчымасць паступаць ва ўніверсітэты, да якіх адносяцца названыя ліцэі, без іспытаў. Прычым у гэтым выпадку яны могуць выбіраць любы напрамак, галоўнае — каб па профільных прадметах былі дзявяткі. Прааналізаваўшы сітуацыю па нашым ліцэі, мы прыйшлі да высновы: пад гэтую льготу так ці інакш падпадаюць больш за 75% яго выпускнікоў. А калі мы да іх дабавім яшчэ і алімпіяднікаў рознага ўзроўню, то атрымаем 80% ільготнікаў. Акрамя гэтага, некаторыя выпускнікі нашага ліцэя трапляюць пад некалькі льгот адразу: і як алімпіяднікі, і як ліцэісты, і як медалісты.

Зусім новая льготная катэгорыя — выпускнікі адукацыйных праграм Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, якія зноў жа без уступных экзаменаў змогуць паступаць на 17 спецыяльнасцей нашага ўніверсітэта. Хочацца адзначыць: працэдура тут не зусім простая, як здаецца на першы погляд. Справа ў тым, што выпускнік дзіцячага тэхнапарка не можа пайсці туды, куды ён хоча. Назіральны савет тэхнапарка прааналізуе яго схільнасці і вынікі навучання і затым дасць накіраванне ў тую УВА, дзе яму максімальна дапамогуць раскрыць свой патэнцыял. У гэтай праграме ўдзельнічае дастаткова шмат вядучых універсітэтаў краіны (БДУ, БДУІР, БНТУ, БДТУ) і некалькі рэгіянальных. Назіральны савет будзе імкнуцца максімальна задзейнічаць інфраструктуру краіны, каб не дапусціць таго, што ўсе выпускнікі тэхнапарка пайшлі ў адзін універсітэт.

Выпускнікі педкласаў — гэта таксама матываваная моладзь. У нас сёлета пашыраны пералік педагагічных спецыяльнасцей, на якія без экзаменаў будуць залічвацца пераможцы абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, медалісты і па рэкамендацыі выпускнікі педкласаў. У гэты пералік дабаўлены “Гісторыя”, “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны” і “Геаэкалогія”.

— Мне здаецца, паміж такімі абіту­рыентамі-льготнікамі складзецца свой конкурс…

— Так, я нядаўна сустракаўся з бацькамі выпускнікоў нашага ліцэя, і яны таксама задалі аналагічнае пытанне: што ж будзе, калі, умоўна кажучы, на 10 бюджэтных месцаў прыйдзе 11 ільготнікаў. Насамрэч такая сітуацыя нярэдкая для нашага ўніверсітэта, бо на шэраг спецыяльнасцей, асабліва шырока запатрабаваных, ільготнікаў паступае сапраўды шмат, часта іх прыходзіць нават больш, чым прапаноўваецца бюджэтных месцаў. Аднак і такі конкурс рэгламентуецца правіламі прыёмнай кампаніі. У іх сказана: пры роўнасці ўмоў для абітурыентаў уступае ў сілу артыкул, дзе распісаны парадак прыярытэтнасці. У маёй практыцы не было выпадкаў, калі мы не змаглі развесці двух адораных абітурыентаў. Думаю, такая праб­лема нават калі і ўзнікне, то будзе адзінкавай. У любым выпадку нам ёсць што прапанаваць кожнаму паступаючаму.

— Давайце складзём топ самых запатрабаваных спецыяльнасцей БДУ.

— Топ такіх спецыяльнасцей дастаткова добра вызначаны. Сярод іх гуманітарныя спецыяльнасці факультэта міжнародных адносін: “Лінгвакраіназнаўства”, “Сусветная эканоміка”, “Міжнароднае права”. Тут традыцыйна вельмі вялікія конкурсы, бо дастаткова мала бюджэтных месцаў. Прахадны бал на іх дасягае максімуму. Так, летась ён склаў 385 з 400 магчымых. Да ліку найбольш запатрабаваных адносяцца і спецыяльнасці эканамічнага факультэта, факультэта журналістыкі і факультэта сацыякультурных камунікацый, напрыклад, “Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя” і “Дызайн касцюма і тэкстылю”. Таксама гэта спецыяльнасці IT-блока факультэта прыкладной матэматыкі і інфарма­тыкі і спецыяльнасці хімічнага і біялагічнага факультэтаў, якія апошнім часам вельмі інавацыйныя, напрыклад, “Біятэхналогія” і “Біяінжынерыя і біяінфарматыка”.

— Штогод у БДУ адкрываюцца і новыя спецыяльнасці. З чым гэта звязана?

— Апошнім часам мы стараемся адкрываць міждысцыплінарныя спецыяльнасці на стыку некалькіх напрамкаў. У мінулым годзе гэта была “Эканамічная бяспека”, якая ахоплівае эканоміку, юрыспрудэнцыю, часткова абарону даных і інфарматызацыю. Сёлета на І ступені адукацыі дабавілася яшчэ адна вельмі цікавая спецыяльнасць “Дзяржаўны аўдыт” на эканамічным факультэце. Яна скіравана на аўдыт, эканоміку і таксама юрыспрудэнцыю, але крыху з іншага боку. У гэтым мы бачым патрэбу рынку і дзяржавы.

Увогуле, мы стараемся кожны год адкрываць адну-дзве новыя спецыяльнасці. На наступны год плануем адкрыццё спецыяльнасці на геаграфічным факультэце, выпускнікі якой будуць мець кампетэнцыі географа і перакладчыка. Вельмі часта спецыялістам па геакартаграфіі, геаарыентаваным рэчам, турызме патрэбна веданне замежных моў. Думаем, такая спецыяльнасць будзе папулярнай і ў абітурыентаў, і ў заказчыкаў кадраў.

— Канстанцін Уладзіміравіч, чаго параіце абітурыентам?

— Часу засталося зусім мала, і абітурыентам неабходна пастарацца кансаліда­ваць атрыманыя веды, сабрацца і паказаць мак­сімальна высокія балы на цэнтралізаваным экзамене. Затым варта чэрвень прысвяціць падрыхтоўцы да ЦТ. І калі яны сканцэнт­руюцца, то абавязкова паступяць на спе­цыяльнасць, якая будзе ім даспадобы.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА