Па выніках Гомельскага абласнога этапу алімпіяды 474 удзельнікі ўзнагароджаны дыпломамі. Самую вялікую колькасць атрымалі прадстаўнікі Савецкага (64 навучэнцы), Чыгуначнага (60) раёнаў Гомеля і Жлобінскага раёна (48).
На практыцы
Практычныя туры па біялогіі і хіміі прайшлі ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны, па інфарматыцы — у Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна.
Дыплом ІІ ступені па геаграфіі на абласной алімпіядзе атрымаў сёлетні выпускнік светлагорскай сярэдняй школы № 8 Яўген Каспярэц. І ўсё дзякуючы сумеснай і мэтанакіраванай рабоце з настаўніцай Святланай Мігай і раённым трэнерам Наталляй Нікіценка.
“Самае цяжкае — маляваць графікі. А самым цікавым для мяне быў мультымедыйны тур: у ім трэба шмат разважаць і адказваць на складаныя пытанні. Я не змагу скарыстацца льготай па паступленні ў рэгіянальную УВА, паколькі кірунак, які я выбраў, ёсць толькі ў БДУ — гэта геаінфармацыйныя сістэмы”, — адзначыў Яўген.
Вучань 10 класа сярэдняй школы № 5 Рагачова Раман Турлюн збіраецца паступаць на такую ж спецыяльнасць. У юнака 1-е месца ў абласной алімпіядзе па геаграфіі і ёсць яшчэ адзін год, каб падумаць над выбарам, паўдзельнічаць у інтэлектуальных спаборніцтвах, у тым ліку на рэспубліканскім узроўні. Хлопец адзначае: “Складаным быў практычны тур. Было мала часу, а заданні аб’ёмныя. Летась на рэспубліцы я ўзяў дыплом ІІ ступені. Сёлета хачу палепшыць вынік”.
Настаўніца Рамана Наталля Шаўцова кажа, што яе выхаванец — працаголік: “Яго не трэба ўгаворваць. Ён сам працуе, засыпае мяне пытаннямі. Я заўважыла яго здольнасці яшчэ ў 5 класе. Да 8-га вучыла вучыцца, а зараз ён вучыцца сам”.
За географаў ад Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі адказвае начальнік аддзела Ганна Мельнікава. Яна расказвае, што ад усіх раёнаў Гомельшчыны ў абласны цэнтр прыехалі 73 удзельнікі: “Заданні, якія мы атрымалі ад Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, ускрывалі ў прысутнасці школьнікаў. Такая сістэма працуе ўжо некалькі гадоў. Калі дзіця захварэла і не прыехала — лішнія работы гасяцца публічна, згашаныя адпраўляем назад”. Для максімальнай аб’ектыўнасці кожнай рабоце прысвойваецца нумар, і члены журы пры праверцы не ведаюць яе аўтара.
Стварэнне камфортных умоў — задача ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, на базе якіх праходзіць абласны этап прадметнай алімпіяды. “Географы” і “замежнікі” жылі і спаборнічалі на базе Гомельскага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа. Яго дырэктар Аляксандр Горленка гаворыць, што навучальная ўстанова традыцыйна з’яўляецца пляцоўкай для правядзення абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды: “Мы задзейнічаем два вучэбныя корпусы і два інтэрнаты. Сумесна з Гомельскім абласным інстытутам развіцця адукацыі імкнёмся стварыць дастойныя ўмовы для дзяцей”.
Удалы экспромт
Прайсці алімпіяднае выпрабаванне па замежных мовах сёлета вырашылі 146 чалавек.
У дзесяцікласніцы Ганны Тарасенка, вучаніцы Брылёўскай сярэдняй школы Гомельскага раёна, дыплом ІІ ступені. Школьніцу рыхтавала настаўніца нямецкай мовы Таццяна Базутава. Дзяўчына марыць стаць урачом, але ўпэўнена, што веданне замежнай мовы на высокім узроўні ёй у жыцці не перашкодзіць.
“Дзецям звычайна тлумачым, што на базе нямецкай мовы вельмі проста вывучыць любую з моў раманскай групы”, — адзначае Таццяна Паўлаўна.
Таццяна Баравікова, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава, з’яўляецца яшчэ і трэнерам жлобінскай каманды па англійскай мове. З раёна яна прывезла ў Гомель чатырох вучняў. Дзевяцікласнік сярэдняй школы № 13 Аляксей Гаеў заваяваў дыплом І ступені: “Мы актыўна працуем на перамогу. Самае галоўнае, каб настаўніку было цікава, — тады ён зможа падтрымаць цікавасць і ў дзіцяці. Пасля адборачнага раённага этапу збіраецца каманда настаўнікаў, і я як кіраўнік каманды з імі працую. Самае складанае — маўленне, бо гэта экспромт для ўдзельніка. Важна, каб дзеці не баяліся гаварыць, рэагавалі на ўсе пытанні журы. Вядома, многія камунікатыўныя тэмы абмяркоўваюцца на ўроках. Акрамя таго, нашы дзеці карыстаюцца ўсімі сучаснымі тэхналогіямі: вядуць перапіску з замежнымі сябрамі і маюць зносіны толькі на англійскай мове. Гэта вельмі дапамагае фарміраваць маўленчыя навыкі. Практыка паказвае, што менш хвалююцца тыя дзеці, якія ўдзельнічаюць у алімпіядзе пастаянна. Таму ўсім рэкамендацыя — пачынаць загадзя, каб да фіналу выйсці ў пераможцы без нерваў”.
Самыя высокія вынікі паказалі навучэнцы гомельскіх гімназій № 51 (37 дыпломаў) і № 14 (27) і Гомельскага абласнога ліцэя (30). Сярод лідараў таксама Рэчыцкі ліцэй (15) і Рэчыцкая гімназія (14), гімназія Светлагорска (13) і гімназія № 10 Гомеля (13). У прадстаўнікоў гомельскага гарадскога ліцэя № 1 — 11, гімназіі № 56 Гомеля і Мазырскага абласнога ліцэя — па 10 дыпломаў.
Адзін з такіх пераможцаў — Ян Мазурэнка (настаўніца Таццяна Шыбанава) — прадстаўляе Гомельскі абласны ліцэй. У дзесяцікласніка дыплом І ступені па англійскай мове і ўпэўненасць, што зараз ён вучыцца ў адной з самых прэстыжных устаноў адукацыі краіны: “Вядома, дыплом І ступені я планую заваяваць і на рэспубліцы. Прычым не толькі сёлета, але і ў выпускным класе, праз год. Збіраюся без іспытаў паступіць у БДУ на эканамічную кібернетыку ці штосьці падобнае”.
Усяго 10 удзельнікаў абласнога этапу прыехалі прадэманстраваць свае веды па кітайскай мове. У алімпіядзе ўдзельнічаюць тыя дзеці, якія вучаць кітайскую самастойна, хоць навучанне гэтай мове ўжо ў некаторых школах вобласці пачалося. Напрыклад, Алена Сарока з 2020 года вучыць малодшых школьнікаў у Мазырскай гімназіі імя Янкі Купалы: “Кітайская выкладаецца факультатыўна з 1 класа. А з 3-га вывучаем яе ўжо асобным прадметам, як замежную мову. Сёння многа жадаючых, таму важна іх зацікавіць. З малымі глядзім відэа і мультфільмы, выкарыстоўваем на занятках пальчыкавыя цацкі”.
Журы “кітайцаў” узначальваў асістэнт кафедры філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Юлія Лукашова. Яна пераконвае, што кітайская не такая складаная, як лічыцца: “Любую мову можна вывучыць. Так, многія гавораць, што кітайская мова як кітайская грамата, — але гэта стэрэатып. Насамрэч кітайская вельмі цікавая. У нашым універсітэце паўтара года назад адкрылі спецыяльнасць “Руская мова і літаратура. Кітайская мова”. Усе разумеюць, што супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем будзе ўмацоўвацца. Таму сёння дзеці і дарослыя хочуць вывучаць кітайскую мову. Усіх 10 удзельнікаў абласнога этапу алімпіяды можна смела браць на далейшае навучанне — вельмі добрая база ёсць ва ўсіх. Вядома, мы будзем запрашаць дзяцей вучыцца ў нашай УВА”.
Прарэктар Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко на закрыцці абласнога этапу алімпіяды нагадала: “Спрадвеку казалі: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Вашы таленты, веды, мэтанакіраванасць, маладосць патрэбны нашай краіне. Я жадаю вам быць такімі ж паспяховымі і ў дарослым жыцці. Не забывайце быць удзячнымі тым, хто мае дачыненне да вашага поспеху: бацькам, настаўнікам, сваёй роднай зямлі”.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.