Прыёмная кампанія ў ПТНУ:

- 9:25Выбар прафесіі

спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі складаюць каля 80%

Сёння, 15 чэрвеня, пачаўся прыём ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Аб асаблівасцях прыёму нашай газеце расказала кансультант упраўлення прафесійнай адукацыі галіновага міністэрства Таццяна Рыгораўна АРЦЕМ’ЕВА.

— Сёлета прыём будзе ажыццяўляцца 146 установамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі па 251 прафесіі. Акрамя таго, прыём для навучання па рабочых прафесіях будуць ажыццяўляць 49 устаноў адукацыі іншых узроўняў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У бягучым годзе адкрыта падрыхтоўка па запатрабаваных прафесіях рабочых (слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, вадзіцель аўтамабіля) ва ўстанове сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Клічаўскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж”, які падпарадкаваны Магілёўскаму аблвыканкаму.

Згодна з устаноўленымі кантрольнымі лічбамі прыёму, якія фарміраваліся з улікам выканання кантрольных лічбаў прыёму ў 2016 годзе, дэмаграфічнай сітуацыі, вынікаў працаўладкавання выпускнікоў і планаў аптымізацыі сеткі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сёлета для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі запланавана прыняць 29,9 тысячы чалавек, што складзе 93,6% да мінулагодняга прыёму (на 2 тысячы чалавек менш), у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 29,7 тысячы чалавек (93,5%). Пры гэтым для атрымання адукацыі на дзённай форме плануецца залічыць 27,8 тысячы чалавек (94% да мінулага года), у тым ліку на аснове агульнай базавай адукацыі — 16,9 тысячы чалавек, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — 10,2 тысячы чалавек, на аснове спецыяльнай адукацыі — 0,7 тысячы чалавек. Акрамя таго, прадугледжаны прыём 0,8 тысячы чалавек па завочнай і 1,3 тысячы чалавек па вячэрняй формах атрымання адукацыі.

Для аказання дапамогі абітурыентам, бацькам і грамадскасці ў атрыманні інфармацыі па прыёме ў перыяд з 1 чэрвеня па 16 жніўня ў Міністэрстве аду- кацыі будзе арганізавана работа гарачай лініі. Можаце звяртацца па тэлефоне: 8 (017) 222-43-12.

На дзённай форме атрымання адукацыі скарочана 1795 месцаў (6%), на завочнай — 214 месцаў (20,7%), на вячэрняй — 40 месцаў (2,9%).

На аснове вынікаў працаўладкавання выпускнікоў у 2016 годзе прадугледжана скарачэнне прыёму па профілях адукацыі “Мастацтва і дызайн”, “Камунікацыі. Права. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Тэхніка і тэхналогіі”, “Архітэктура і будаўніцтва”, “Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне”. У той жа час павялічаны прыём па профілі “Сельская і лясная гаспадарка. Садова-паркавае будаўніцтва”. У структуры прыёму захаваны тэндэнцыі мінулых гадоў: спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі складаюць каля 80%.

Для ўдасканалення структуры падрыхтоўкі з улікам зменлівай патрэбы рэгіянальных рынкаў працы ў 2017 годзе плануецца спыніць прыём па 216 незапатрабаваных прафесіях і адкрыць падрыхтоўку па 145 новых для асобных устаноў прафтэхадукацыі прафесіях. Сёлета ўпершыню будзе ажыццяўляцца набор па 5 новых прафесіях: электрамеханік па сродках аўтаматыкі і прыборах тэхналагічнага абсталявання (Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж электратэхнікі), рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў (Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі), аператар лічбавага друку (Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж паліграфіі імя Веры Харужай), кузаўшчык (Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 3 машынабудавання), вытворца тварагу (Слуцкі дзяржаўны каледж).

Умовы прыёму вызначаны Правіламі прыёму асоб для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі, зацверджанымі пастановай Урада Рэспублікі Беларусь ад 14.07.2011 № 953, і ў параўнанні з папярэднім годам не змяніліся.

На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі прымаюцца асобы, якія маюць агульную базавую, агульную сярэднюю або спецыяльную адукацыю. Залічэнне ажыццяўляецца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў дзённай форме ажыццяўляецца з 15 чэрвеня па 20 жніўня.

Калі да канца тэрміну прыёму дакументаў колькасць пададзеных заяў на асобныя спецыяльнасці меншая, чым запланаваная колькасць месцаў для прыёму, установа адукацыі па ўзгадненні з заснавальнікам можа прадоўжыць тэрмін прыёму дакументаў і залічэння ў склад навучэнцаў да поўнага ўкамплектавання груп, але не пазней як да 15 верасня бягучага года.Прыём дакументаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў вячэрняй форме — з 15 чэрвеня па 20 жніўня, а па спецыяльнасцях напрамку адукацыі “Сельская гаспадарка”— з 1 кастрычніка па 20 лістапада; у завочнай форме — з 1 па 10 кастрычніка.Прыём дакументаў ад замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія паступаюць для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на платнай аснове, — з 15 чэрвеня па 10 верасня.

Залічэнне паступаючых ва ўстановы прафтэхадукацыі ажыццяўляецца на падставе іх заяў (пры адсутнасці конкурсу) або па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыi цi атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі, або пасведчання аб спецыяльнай адукацыі. І толькі для асобных спецыяльнасцей профіляў адукацыі “Мастацтва і дызайн” і “Архітэктура і будаўніцтва” з мэтай выяўлення творчых здольнасцей прадугледжаны ўступныя выпрабаванні, вынікі якіх улічваюцца пры залічэнні.

Тэрміны правядзення ўступных іспытаў і залічэння для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі:

у дзённай форме атрымання адукацыі: першы паток — з 5 па 12 ліпеня, другі паток — з 21 па 24 жніўня, залічэнне ў склад навучэнцаў — па 25 жнiўня;

у вячэрняй форме атрымання адукацыi — з 21 па 24 жніўня, залічэнне ў склад навучэнцаў — да 25 жніўня, па спецыяльнасцях напрамку адукацыі “Сельская гаспадарка” — з 21 па 24 лістапада, залічэнне ў склад навучэнцаў — па 25 лістапада;

у завочнай форме атрымання адукацыі — залічэнне ў склад навучэнцаў з 11 па 13 кастрычніка.

Падрабязную інфармацыю можна атрымаць з Даведніка для паступаючых ва ўстановы адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у 2017 годзе, размешчаным на сайце Міністэрства адукацыі. Там жа размешчаны нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць парадак і правілы правядзення ўступнай кампаніі 2017 года.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.