Простыя рашэнні складаных задач прапанавалі школьнікі і студэнты з усіх рэгіёнаў Беларусі ў фінале медыяфоруму “Галасы маладых за ўстойлівае развіццё — 2022”.
Гэтая штогадовая сустрэча ўжо чатырнаццаты раз аб’яднала аўтараў медыяпраектаў, прысвечаных папулярызацыі ідэй і каштоўнасцей Мэт устойлівага развіцця. Маладыя людзі падзяліліся сваімі парадамі па вырашэнні актуальных праблем у відэароліках, на постэрах, у інфаграфіцы ў 6 намінацыях: “Простыя рашэнні”, “Клімат мяняецца, а ты?”, “Дзеці пра МУР”, “Прама ў цэль”, “Розныя, але роўныя” і ў новай намінацыі гэтага года “Культура памяці”.
“Назва нашага фестывалю сябе апраўдвае, бо моладзь любых узростаў задумваецца, што кожны з нас можа зрабіць для ўстойлівага развіцця”, — адзначыла Інеса Зубрыліна, начальнік каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ, і дадала, што сёлета да школьнікаў і студэнтаў далучыліся і прадстаўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі, і нават аздараўленчых лагераў.
Іван Русскіх, адзін з членаў журы, адзначыў: “Сёлетні медыяфестываль парадаваў і колькасцю работ (было пададзена 72), і разнастайнасцю кірункаў, і разнастайнасцю рашэнняў, і сваёй глыбінёй, і амаль прафесійным зваротам да грамадскасці. Тэма ўстойлівага развіцця складаная нават для дарослых людзей, якія ў яе не паглыблены спецыяльна, і тым больш для дзяцей, якія не заўсёды маюць такі кругагляд, каб у поўнай меры ацаніць усю праблематыку тэмы. Прытым што маладыя людзі паказалі вельмі добры ўзровень ведання праблем, з якімі вырашылі працаваць”.
Самымі разнастайнымі былі работы на тэму адмаўлення ад выкарыстання пластыку. Гэтая праблема разглядалася ў розных аспектах: шкода мікра- і звычайнага пластыку, замена аднаразовай тары для вадкасцей і сыпучых прадуктаў шматразовай, рэкамендацыі, звязаныя з разумным спажываннем і інш. Закранулі і агульнаэкалагічныя праблемы: эканомія рэсурсаў у цэлым, пошук для іх альтэрнатывы, зніжэнне выкарыстання транспарту на традыцыйных відах паліва.
Адна з лепшых работ была на тэму нанапластыку ад навучэнцаў сярэдняй школы № 8 Крычава — відэаролік “Нябачаная праблема”. Паводле праведзенага аўтарамі апытання, людзі амаль нічога не ведаюць пра нанапластык і яго шкоду, пра тое, што ён часта змяшчаецца ў прывычных для кожнага з нас рэчах — гелі для душу, зубной пасце, крэмах, выкарыстанне якіх забруджвае нанапластыкам навакольнае асяроддзе і павялічвае негатыўны ўплыў на ўласнае здароўе. А рашэнне навучэнцы прапанавалі вельмі простае — усяго толькі ўважліва чытаць склад на этыкетках і ігнараваць тыя прадукты, якія змяшчаюць нанапластык (ён можа мець розныя хімічныя назвы, але заўсёды пачынаецца з прыстаўкі “палі-”). Гэта свайго роду ціск грамадскасці на вытворцаў, каб тыя прапаноўвалі больш экалагічную альтэрнатыву.
Прыз сімпатый гледачоў (свайго роду гран-пры) атрымаў мультыплікацыйны відэаролік “Гісторыя аднаго пакета” ад Green Office БДПУ. Гэта вельмі лаканічная і эмацыянальная работа, якая можа лёгка данесці праблему назапашвання пластыкавага смецця да любога чалавека незалежна ад яго прафесіі, адукацыі, ведаў, узросту і г.д.
Цікавая ідэя была ў навучэнцаў гімназіі № 22 Мінска, якія папулярызуюць плогінг — прабежкі адначасова з уборкай пластыкавага смецця. Гэты рух актыўна заваёўвае папулярнасць ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Шырока была прадстаўлена і інклюзіўнасць, якая і сама па сабе з’яўляецца адной з Мэт устойлівага развіцця, а калі людзі з рознымі абмежаваннямі ўключаюцца ў рух па яе дасягненні — гэта ўжо комплексны падыход.
Журы фестывалю адзначыла, што прадстаўленыя медыяпрадукты ўжо гатовы да дэманстрацыі ў грамадскім транспарце, на тэлебачанні, у інтэрнэце, а плакаты можна хоць сёння раздрукоўваць і размяшчаць у метро, у магазінах, на інфармацыйных стэндах ці нават на білбордах, бо яны цікавыя з пункту гледжання дызайну, маюць дакладны пасыл, ідэю.
Аўтары лепшых маладзёжных медыяпрадуктаў атрымалі заслужаныя ўзнагароды і прызы ад намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая і рэктара БДПУ імя Максіма Танка Аляксандра Жука.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.





