Пунсовыя ветразі новай зары

- 11:47Адукацыйная прастора, Апошнія запісы

Для сёлетніх выпускнікоў Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці свята апошняга званка застанецца ў памяці на ўсё жыццё, бо такога апошняга званка на Мастоўшчыне, а можа, і на ўсёй Гродзеншчыне, яшчэ не было.

239 выпускнікоў з усіх школ Мастоўскага раёна сталі гледачамі і ўдзельнікамі грандыёзнага шоу “Апошні званок з “Настаўніцкай газетай”, якое адбылося на адкрытай канцэртнай пляцоўцы каля гарадскога стадыёна “Нёман” у цэнтры Мастоў. На ўрачыстасці прысутнічалі начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Аляксандр Яраш, начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму Мастоўскага райвыканкама Валянцін Ціхановіч.
Знайсці свой уласны шлях пажадаў усім выпускнікам рэдактар газеты Вадзім Кнышаў. Вадзім Аляксандравіч адзначыў, што настаўнікі Мастоўскага раёна і Гродзенскай вобласці — актыўныя чытачы і аўтары газеты. У Гродзенскай вобласці больш за 6000 падпісчыкаў “Настаўніцкай газеты”. У знак удзячнасці за супрацоўніцтва і сяброўства абласное ўпраўленне адукацыі і Мастоўскі раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму атрымалі падарункі ад “Настаўніцкай газеты”.
Падарункі і граматы самым актыўным выпускнікам уручыла таксама першы сакратар БРСМ Мастоўскага раёна Настасся Палуйчык. Сапраўды, школьнікі Мастоўшчыны актыўныя ў грамадскіх справах — удзельнічаюць у маладзёжнай ініцыятыве “Дэпутацкая прыёмная”, клубах ЮНЕСКА, дабрачыннай дзейнасці; матываваныя ў вучобе — 31 выпускнік 2015 года прэтэндуе на залаты і сярэбраны медалі, 5 выпускнікоў занялі высокія месцы на прадметных алімпіядах па матэматыцы, фізіцы, грамадазнаўстве і нямецкай мове, два дыпломы атрымалі на абласным конкурсе даследчых работ “Крыштальная альфа; дасягнулі вяршынь у спорце — па выніках 2014 года раён заняў 2 месца ў абласной спартакіядзе школьнікаў.
Такія поспехі вучняў — вынік напружанай і адказнай працы іх настаўнікаў. У гэтым годзе начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мастоўскага райвыканкама Валянцін Ціхановіч адзначаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”, дырэктару гімназіі № 1 Мастоў Людміле Лукічовай уручана Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу, выхавальнік ясляў-сада № 3 Мастоў Ірына Дзенісевіч узнагароджана граматай Міністэрства адукацыі. Праца настаўнікаў становіцца для многіх школьнікаў Мастоўшчыны прыкладам у выбары жыццёвага шляху. На базе сярэдняй школы № 5 Мастоў дзейнічае міжшкольны факультатыў “Прафесія — педагог”, на педагагічныя спецыяльнасці ўніверсітэтаў краіны паступілі больш за 20 працэнтаў выпускнікоў раёна. Па выніках штогадовага абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы аддзелаў адукацыі, спорту і турызму раённых выканаўчых камітэтаў Гродзенскай вобласці Мастоўскі раён заняў 1 месца.
Таму нядзіўна, што такімі гарачымі апладысментамі віталі ўдзельнікі свята класных кіраўнікоў. Вядучыя прадставілі ўсіх 20 настаўнікаў, якія сталі для выпускнікоў па-сапраўднаму блізкімі людзьмі, кіраўнікамі ў вучобе і дарадцамі ў жыцці.
— Такое свята было для ўсіх нас нечаканым, але вельмі прыемным падарункам, — падзялілася ўражаннямі класны кіраўнік выпускнікоў Курылавіцкай сярэдняй школы настаўніца хіміі Валянціна Ступчык. — Наперадзе ў нашых дзяцей адказны перыяд экзаменаў, цэнтралізаванага тэсціравання, таму “Апошні званок з “Настаўніцкай газетай” стаў прыемным эмацыянальным момантам, які дапаможа настроіцца на адказныя выпрабаванні. Выпускнікі і мы, настаўнікі, атрымалі пазітыўны настрой, адчуванне свята.
Святочны настрой стварала канцэртная праграма, вакальныя нумары якой прадставілі мясцовыя выканаўцы Юлія Кузняцова, Вікторыя Гурыновіч, Вольга Майсеенка, Кацярына Сакалова, Ірына Сідар, вакальная група тэатра-студыі “Вясёлка” Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці, Марыя Дубінко з Хойнікаў Гомельскай вобласці, пераможцы і фіналісты праекта “Настаўніцкай газеты” — конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца” Вольга Шамархан (Мінск), Карына Вайцяховіч (Гродна), Юлія Якута (а.г.Луцкаўляны Гродзенскага раёна), Вераніка Лашкова і Аляксей Цімашэнка (Наваполацк Віцебскай вобласці), Артур Міроненка (Касцюковічы Магілёўскай вобласці), Серафім Лазука (Талачын Віцебскай вобласці), Артур Казіміраў (Светлагорск Гомельскай вобласці). На сцэне таксама выступалі танцавальныя калектывы “Сузор’е” (Лунна Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці), “Кантрасты” (Шчучын Гродзенскай вобласці), “Эльфрыданс” (Горкі Магілёўскай вобласці), “Драйв” (Хойнікі Гомельскай вобласці), “Экшн” (Петрыкаў Гомельскай вобласці) і зоркі беларускай эстрады.
Спецыяльныя госці свята група “Дразды” спявала і “запальвала” пра кеды, але гэта не перашкодзіла выпускнікам — уладальнікам лакавых туфляў і высокіх абцасаў, а таксама элегантных гальштукаў-бабачак — танцаваць рок-н-рол разам. Як заўсёды элегантнай і непаўторнай была заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Іна Афанасьева, выступленне якой завяршала 4-гадзінны марафон спеваў, танцаў і добрага настрою.
Спадзяёмся, што пунсовыя ветразі новай зары, пра якія спявалі ў фінальнай песні ўдзельнікі канцэрта, абавязкова прынясуць шчасце на жыццёвым шляху сёлетніх выпускнікоў Мастоўшчыны.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.