Сярэдзіна красавіка традыцыйна прысвечана авіяцыі і касманаўтыцы. Многія хлопчыкі і дзяўчынкі мараць пакарыць нябесныя прасторы. На жаль, на касманаўтаў у нас не вучаць, затое можна стаць пілотам ці авіяцыйным спецыялістам у Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Дарэчы, у бягучым годзе туды ўпершыню запрашаюць выпускнікоў 9-х класаў.
У БДАА пачынаюць набор на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі выпускнікоў 9-х класаў па трох спецыяльнасцях. Пры паступленні на іх будзе ўлічвацца сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі.
Стаць тэхнікам-механікам можна на спецыяльнасці “Пад’ёмна-транспартныя, будаўнічыя, дарожныя машыны і абсталяванне”. Такія спецыялісты будуць займацца праектаваннем элементаў такіх машын, іх мантажом, наладкай, выпрабаваннем, рамонтам і тэхнічным абслугоўваннем пад‘ёмных машын, якія маюць дачыненне да забяспячення палётаў у аэрапортах.
Атрымаўшы спецыяльнасць “Тэхнічная эксплуатацыя авіяцыйнага абсталявання (радыёэлектроннае абсталяванне)”, навучэнцы будуць працаваць тэхнікамі. Ім давядзецца правяраць тэхнічны стан аўтаматычных сістэм і радыёэлектроннага абсталявання паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі, выяўляць і ўстараняць няспраўнасці і абслугоўваць аўтаномныя рэзервовыя крыніцы электрасілкавання аэрапортаў. “У полі зроку тых, хто атрымае такую спецыяльнасць, будзе ўсё, што звязана з электрыкай, радыёэлектронным абсталяваннем, яго абслугоўваннем і ліквідацыяй дэфектаў”, — патлумачыў адказны сакратар прыёмнай камісіі акадэміі Сяргей Стойка.
І трэцяя спецыяльнасць, на якую будуць набіраць выключна юнакоў, але як з базавай адукацыяй, так і з агульнай сярэдняй, — “Тэхнічная эксплуатацыя паветраных суднаў і рухавікоў”. У ліку прафесійных функцый такіх спецыялістаў будуць эксплуатацыя, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт паветраных суднаў і рухавікоў, правядзенне аналізу парушэнняў працаздольнасці авіяцыйнай тэхнікі, выкарыстанне дыягнастычнай апаратуры для тэхнічнага абслугоўвання і рамонту авіяцыйнай тэхнікі, а таксама выяўленне дэфектаў і ліквідацыя іх у час падрыхтоўкі самалёта да вылету.
Кваліфікацыя: “тэхнік-механік, тэхнік”.
Тэрмін навучання: 3 гады 6 месяцаў, 3 гады 10 месяцаў.
Прыём вядзецца па конкурсе атэстатаў.
“Гэта ўсё тэхнічныя спецыяльнасці, але іх унікальнасць у тым, што работа будзе вельмі цікавай, бо яна звязана непасрэдна з авіяцыйнай тэхнікай і паветранымі суднамі. Праўда, такім спецыялістам на працягу ўсёй прафесійнай дзейнасці давядзецца пастаянна вучыцца, бо ў аснове асноў — гарантаванне бяспекі палётаў. Дарэчы, нашы навучэнцы паглыблена вывучаюць англійскую мову, бо ўся дакументацыя вядзецца на ёй ды і самі самалёты замежнага паходжання”, — паведаміў Сяргей Алегавіч.
Па яго словах, сярэднюю спецыяльную адукацыю ў БДАА варта выбіраць яшчэ і таму, што ўжо праз 3 з паловай гады або 3 гады і 10 месяцаў можна пачаць працаваць і зарабляць, у той час як многія равеснікі ўсё яшчэ будуць залежаць ад бацькоў. “Адначасова нашы навучэнцы змогуць прадоўжыць навучанне на вышэйшай ступені. У нас ёсць інтэграваная завочная адукацыя, на якую паступаюць пасля атрымання ССА адразу на 3 курс факультэта грамадзянскай авіяцыі”, — дадаў адказны сакратар прыёмнай камісіі.
Выпускнікі акадэміі размяркоўваюцца ў такія вядучыя авіяцыйныя прадпрыемствы нашай краіны, як Нацыянальны аэрапорт Мінск, РУП “Белаэранавігацыя”, авіякампанія “Белавія”, Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі, авіякампанія “Гродна” і г.д.
Дарэчы, пазнаёміцца з акадэміяй авіяцыі і ўкладам жыцця курсантаў можна 30 красавіка і 28 мая падчас дня адкрытых дзвярэй. “Мы прапаноўваем сустрэцца з прадстаўнікамі ўсіх факультэтаў і ступеняў адукацыі, прафесарска-выкладчыцкім складам, кіраўніцтвам акадэміі і задаць хвалюючыя пытанні. Таксама будуць прадстаўлены інтэрактыўныя пляцоўкі і напрацоўкі навукова-даследчай лабараторыі. Да таго ж мы правядзём экскурсію па вучэбных карпусах і інтэрнатах, пакажам матэрыяльна-тэхнічную базу акадэміі і вучэбныя аэрадромы”, — анансаваў С.А.Стойка.
На пытанне, каго б хацелі бачыць сярод паступаючых, Сяргей Алегавіч адказаў: “Актыўных, ініцыятыўных, мэтанакіраваных і адказных, таму што авіяцыя — гэта пастаяннае навучанне, павышэнне кваліфікацыі і самаўдасканаленне. І, канечне, тых, хто любіць авіяцыю і марыць вучыцца ва ўнікальнай установе адукацыі”.
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота прадастаўлена БДАА.