Пуцёўка ў авіяцыю

- 11:31Абитуриент

Сярэдзіна красавіка традыцыйна прысвечана авіяцыі і касманаўтыцы. Многія хлопчыкі і дзяўчынкі мараць пакарыць нябесныя прасторы. На жаль, на касманаўтаў у нас не вучаць, затое можна стаць пілотам ці авіяцыйным спецыялістам у Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Дарэчы, у бягучым годзе туды ўпершыню запрашаюць выпускнікоў 9-х класаў.

У БДАА пачынаюць набор на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі выпускнікоў 9-х класаў па трох спецыяльнасцях. Пры паступленні на іх будзе ўлічвацца сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі.

Стаць тэхнікам-механікам можна на спецыяльнасці “Пад’ёмна-транспартныя, будаўнічыя, дарожныя машыны і абсталяванне”. Такія спецыялісты будуць займацца праектаваннем элементаў такіх машын, іх мантажом, наладкай, выпрабаваннем, рамонтам і тэхнічным абслугоўваннем пад‘ёмных машын, якія маюць дачыненне да забяспячення палётаў у аэра­портах.

Атрымаўшы спецыяль­насць “Тэхнічная эксплуатацыя авіяцыйнага абсталявання (радыёэлектроннае абсталяванне)”, навучэнцы будуць працаваць тэхнікамі. Ім давядзецца правяраць тэхнічны стан аўтаматычных сістэм і радыёэлектроннага абсталявання паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі, выяўляць і ўстара­няць няспраўнасці і абслугоўваць аўтаномныя рэзервовыя крыніцы электрасілкавання аэрапортаў. “У полі зроку тых, хто атрымае такую спецыяльнасць, будзе ўсё, што звязана з электрыкай, радыё­электронным абсталяваннем, яго абслугоўваннем і ліквідацыяй дэфектаў”, — патлумачыў адказны сакратар прыёмнай камісіі акадэміі Сяргей Стойка.

І трэцяя спецыяльнасць, на якую будуць набіраць выключна юнакоў, але як з базавай адукацыяй, так і з агульнай сярэдняй, — “Тэхнічная эксплуатацыя паветраных суднаў і рухавікоў”. У ліку прафесійных функцый такіх спецыялістаў будуць эксплуатацыя, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт паветраных суднаў і рухавікоў, правядзенне аналізу парушэнняў працаздольнасці авіяцыйнай тэхнікі, выкарыстанне дыягнастычнай апаратуры для тэхнічнага абслугоўвання і рамонту авіяцыйнай тэхнікі, а таксама выяўленне дэфектаў і ліквідацыя іх у час падрыхтоўкі самалёта да вылету.

Кваліфікацыя: “тэхнік-механік, тэхнік”.
Тэрмін навучання: 3 гады 6 месяцаў, 3 гады 10 месяцаў.
Прыём вядзецца па конкурсе атэстатаў.

“Гэта ўсё тэхнічныя спецыяльнасці, але іх унікальнасць у тым, што работа будзе вельмі цікавай, бо яна звязана непасрэдна з авіяцыйнай тэхнікай і паветранымі суднамі. Праўда, такім спецыялістам на працягу ўсёй прафесійнай дзейнасці давядзецца пастаянна вучыцца, бо ў аснове асноў — гарантаванне бяспекі палётаў. Дарэчы, нашы навучэнцы паглыблена вывучаюць англійскую мову, бо ўся дакументацыя вядзецца на ёй ды і самі самалёты замежнага паходжання”, — паведаміў Сяргей Алегавіч.

Па яго словах, сярэднюю спецыяльную адукацыю ў БДАА варта выбіраць яшчэ і таму, што ўжо праз 3 з паловай гады або 3 гады і 10 месяцаў можна па­чаць праца­ваць і зарабляць, у той час як многія равеснікі ўсё яшчэ бу­дуць залежаць ад бацькоў. “Адначасова нашы навучэнцы змогуць прадоўжыць навучанне на вышэйшай ступені. У нас ёсць інтэграваная завочная адукацыя, на якую паступаюць пасля атрымання ССА адразу на 3 курс факультэта грамадзянскай авіяцыі”, — дадаў адказны сакратар прыёмнай камісіі.

Выпускнікі акадэміі размяркоўваюцца ў такія вядучыя авіяцыйныя прадпрыемствы нашай краіны, як Нацыянальны аэрапорт Мінск, РУП “Белаэранавігацыя”, авіякампанія “Белавія”, Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі, авіякампанія “Гродна” і г.д.

Дарэчы, пазнаёміцца з ака­дэміяй авіяцыі і ўкладам жыцця курсантаў можна 30 красавіка і 28 мая падчас дня адкрытых ­дзвярэй. “Мы прапаноўваем сустрэцца з прадстаўнікамі ўсіх факультэтаў і ступеняў адукацыі, прафесарска-выкладчыцкім складам, кіраўніцтвам акадэміі і за­даць хвалюючыя пытанні. Таксама будуць прадстаўлены інтэрактыўныя пляцоўкі і напрацоўкі навукова-даследчай лабараторыі. Да таго ж мы правядзём экскурсію па вучэбных карпусах і інтэрнатах, пакажам матэрыяльна-тэхнічную базу акадэміі і вучэбныя аэрадромы”, — анансаваў С.А.Стойка.

На пытанне, каго б хацелі ба­чыць сярод паступаючых, Сяргей Алегавіч адказаў: “Актыўных, ініцыятыўных, мэтанакіраваных і адказных, таму што авіяцыя — гэта пастаяннае навучанне, павышэнне кваліфікацыі і самаўдасканаленне. І, канечне, тых, хто любіць авіяцыю і марыць вучыцца ва ўнікальнай установе адукацыі”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота прадастаўлена БДАА.