Яблыневы сад Міру і Памяці заклалі вучні Бярозаўшчыны

- 14:42Новости

Яблыневы сад з’явіўся ў аграгарадку Першамайская дзякуючы міжнароднаму праекту, прысвечанаму ўсім загінуўшым пры абароне Айчыны, і рэспубліканскаму праекту «Сад надзеі» па ініцыятыве грамадскіх аб’яднанняў Бярозаўскага раёна і пры актыўным удзеле педкалектыву і вучняў Першамайскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза І.І. Валасевіча.

Адкрываючы мерапрыемства, старшыня Бярозаўскага райвыканкама Вячаслаў Мятліцкі адзначыў яго важнасць у захаванні гістарычнай памяці і выказаў упэўненасць, што закладзены сад стане сімвалам дружбы, памяці і мірнай будучыні.

Да гэтых слоў далучыліся і ганаровыя госці: член папячыцельскага савета Міжнароднага цэнтра развіцця сацыяльна значных праектаў «Святыя лаўры Русі Праваслаўнай», віцэ-адмірал Ульян Байзерт, віцэ-консул Расійскай Федэрацыі, кіраўнік Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Брэсце Юлія Сяменчанка, сваяк Героя Савецкага Саюза І.І. Валасевіча Алег Здасюк і намеснік старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Яўген Скварцоў.

Усяго на прышкольнай тэрыторыі высадзілі 26 імянных яблынь сорту «Слава пераможцам»: 21 дрэва ў памяць пра камсамольцаў-падпольшчыкаў Блудзенскай падпольнай арганізацыі, якая актыўна дзейнічала ўжо з другога дня Вялікай Айчыннай вайны на станцыі Бяроза-Картузская, а таксама ў памяць пра Героя Савецкага Саюза І.І. Валасевіча, імя якога носіць школа; земляка В.І. Бердніка, які ўдзельнічаў у забеспячэнні першага ў свеце бесперасадачнага авіяпалёту з Масквы праз Паўночны полюс у Амерыку; І.В. Зубко, выпускніка школы, воіна-інтэрнацыяналіста, генерал-маёра, першага начальніка Галоўнага ўпраўлення кадравага забеспячэння Міністэрства абароны Беларусі; М.В. Сцяпанава — падпалкоўніка, лётчыка-снайпера, кавалера 4 баявых ордэнаў; А.А. Карповіча — заслужанага будаўніка БССР, кавалера ордэна Леніна.

Пры пасадцы дрэў у кожную лунку ўклалі трохвугольныя канверты з зямлёй з Пераслаўля-Залескага. Менавіта ў гэтым горадзе Яраслаўскай вобласці Расіі быў закладзены першы такі сад у памяць пра загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны 27 млн грамадзян СССР.

Акцыя праходзіла паралельна з аналагічным мерапрыемствам у горадзе Керчы. Яго і аг. Першамайская звязаў спецыяльны тэлемост па тэме ўвекавечання памяці герояў роднага краю і агульных герояў савецкага перыяду.

Дрэва — гэта сімвал жыцця і сувязі пакаленняў: ад нашых каранёў (дзядоў і прадзедаў) да лістоты (нашых будучых дзяцей). Кожнае пасаджанае дрэва звязвае моладзь і гераічных продкаў. Няхай яблыні растуць, квітнеюць і радуюць сваімі пладамі, а кожны з нас, праходзячы міма, будзе ў думках дзякаваць героям за магчымасць жыць у мірнай краіне.

Ала ІВАНОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Першамайскай сярэдняй школы імя І.І. Валасевіча
Бярозаўскага раёна
Фота прадастаўлены школай