На тэрыторыі Камунараўскай сярэдняй школы ўжо расце яблыневы сад, у рамках акцыі ён папоўніўся маладымі дрэвамі

- 17:10Новости

Па ўсёй краіне працягваюцца мерапрыемствы рэспубліканскай акцыі “Сад надзеі”. Педагогі і навучэнцы Камунараўскай сярэдняй школы Буда­-Кашалёўскага раёна далучыліся да карыснай справы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Захаванне і прымнажэнне зялёнага багацця аб’ядноўвае беларусаў і закладвае падмурак добрых традыцый не на адно пакаленне.

— Не першы год педагогі ўстановы адукацыі імкнуцца прыцягнуць навучэнцаў да дзейнасці па ахове навакольнага асяроддзя, да работы на карысць малой радзімы, — адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Камунараўскай сярэдняй школы Вольга Кашлачова. — Установа з даўніх часоў мае яблыневы сад плошчай 0,2 гектара. У рамках рэспубліканскай акцыі пабялілі 68 яблынь, апрацавалі 200 кустоў малін, на прышкольным участку пасадзілі 50 маладых пладова-ягадных кустоў і дрэў. Хлопцы і дзяўчаты з агракласаў актыўна ўключыліся ў пасадку. Прычым работа не абмяжоўвалася прышкольным участкам — для азелянення любімага аграгарадка дзеці разам з настаўнікамі высадзілі яшчэ каля 50 дрэў на тэрыторыі Камунар. Дарэчы, профільны клас сельскагаспадарчага напрамку адным з першых быў адкрыты ў нашым раёне, сярод моладзі гэты кірунак сёння папулярны.

Акрамя догляду раслін і дрэў, школьнікі рэалізуюць вырашчаную прадукцыю, тым самым развіваючы прадпрымальніцкія навыкі. У летні сезон чэргі сяльчан выстройваюцца за духмянай і салодкай малінай,  атрыманыя сродкі дапамагаюць школе развівацца ў аграрным напрамку, ідучы ў нагу з часам. Навучэнцы з энтузіязмам далучаюцца да ўдзелу ў конкурсах біялагічнай і аграрнай накіраванасці, даследчай, інавацыйнай дзейнасці, бізнес-праектах у сельскай гаспадарцы. А яшчэ прафарыентацыйная работа дапамагае дзецям знаёміцца з будучай прафесіяй. Сёння на заканадаўчым узроўні абітурыентам прадастаўлены шырокія магчымасці для паступлення на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, далейшай працоўнай дзейнасці.

— Наша задача — вырасціць маладых людзей, якія свядома прыйдуць у аграрную сферу, будуць разумець яе карысць і працаваць для працвітання пасёлка, раёна, дзяржавы. Сёння школьнікі знаёмяцца з будучай прафесіяй са школьнай парты. Усё гэта дапамагае нам выхаваць першакласных спецыялістаў, — падсумавала Вольга Пятроўна.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі