Экзамен па рускай мове як замежнай у МДЛУ — важны крок у прасоўванні адукацыйных паслуг Беларусі за мяжу

- 16:15Образование

Што гэта за экзамен, расказвае Ірына Камінская, дацэнт кафедры славянскіх моў, кандыдат педагагічных навук. Менавіта яна забяспечвае арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне тэсціравання па рус­кай мове як замежнай (ТРЯЗ) ва ўніверсітэце.

— Дык што ж такое ТРЯЗ, Ірына Сяргееўна?

— Летась Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт заключыў дагавор з Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэтам аб арганізацыі правядзення дзяржаўнага экзамену па рускай мове як замежнай (ТРЯЗ/TORFL). Яго часта называюць міжнародным, паколькі гэты экзамен узнік яшчэ ў 1994 годзе і ўваходзіць у еўрапейскую сістэму моўнага тэсціравання, з’яўляецца адным з самых аўтарытэтных і каціруемых у свеце. Сістэма ТРЯЗ уключае шэсць узроўняў.  

На базе МДЛУ мы правялі ўжо дзве экзаменацыйныя сесіі. Першы раз тэсціраваліся толькі навучэнцы нашага ўніверсітэта, а другі — студэнты іншых УВА і нават работнікі пасольстваў. Мы рады, што інфармацыя выйшла за межы сталіцы і сёння ўніверсітэт гатовы на час экзамену прадастаўляць інтэрнат іншагароднім кандыдатам.

— Як праходзіць экзамен?

— Экзамен доўжыцца два дні. Па структуры ён уключае пяць субтэстаў — пісьмо, гаварэнне, аўдзіраванне, чытанне, лексіку і граматыку, — для правядзення якіх прыязджаюць тэстары з Санкт-Пецярбурга. Летась і я атрымала сертыфікат школы тэстараў СПбДУ і падчас апошняй сесіі змагла паспрабаваць сябе ў ролі экзаменатара.

У змесце тэстаў для ўзроўняў А1, А2 і В1 няма нічога незвычайнага. У цэлым кандыдат, які валодае рускай мовай на адпаведным узроўні, можа паспяхова прайсці экзамен без спецыяльнай падрыхтоўкі. А вось прэтэндэнтам на больш высокія ўзроўні пажадана наведваць спецыяльныя курсы, дзе расказваюць пра спецыфічныя патрабаванні да выканання заданняў і сакрэты падрыхтоўкі да іх. Падчас шасцітыднёвага курса падрыхтоўкі кандыдаты даведваюцца пра ўсе патрабаванні да выканання экзаменацыйных заданняў, крытэрыі іх ацэнкі і атрымліваюць пастаянную зваротную сувязь ад выкладчыкаў, якія маюць значны вопыт у падрыхтоўцы да экзамену.

— Раскажыце, што дае сертыфікат на веданне рускай мовы?

— Наяўнасць сертыфіката аб праходжанні ТРЯЗ з’яўляецца адной з умоў паступлення замежных грамадзян у шэраг расійскіх УВА, а таксама дае магчымасць замежным абітурыентам атрымаць дадатковыя балы пры паступ­ленні на адукацыйныя праграмы расійскіх УВА на падставе конкурсу партфоліа. Многім гэты сертыфікат неабходны для работы на высокааплатных пасадах у Беларусі і Расіі. Серты­фікат прызнаецца на дзяржаўным узроўні ў многіх краінах свету — Бразіліі, В’етнаме, Грэцыі, Іспаніі (Каталоніі), Італіі, Польшчы, Румыніі, Турцыі, Чэхіі, Узбекістане. Папуляр­насць тэсціравання вельмі высокая і сярод грама­дзян КНР.

Аб вопыце праходжання экзамену па рус­кай мове на базе МДЛУ мы распыталі кандыдатаў з Іспаніі і Японіі.

Беніта Бланка (Іспанія) расказаў, што заўсёды марыў прыехаць у Беларусь і вырашыў сумясціць прыемнае з карысным:

“Я прыехаў таму, што мая сяброўка ў Мадрыдзе родам з Мінска і яна вельмі рэкамендавала наведаць яе радзіму. Я запісаўся на курсы ў МДЛУ яшчэ ў верасні і хачу сказаць, што яны ідэальныя.

Здаў экзамен, магчыма, толькі дзякуючы маёй выкладчыцы Вользе, я не мог яе падвесці! Мы разам трэніраваліся штодзень. Здаваў экзамен на сертыфікат В2 і думаў, што самае складанае — аўдзіраванне, але аказалася — гаварэнне. Экзамен прайшоў добра, хаця я нерваваўся, і сваёй мэты я дасягнуў”.

Сіянэ Нісімура (Японія) узяла акадэмічны водпуск ва ўніверсітэце і прыляцела ў Мінск, каб паглыбіцца ў вывучэнне рускай мовы: “Мне здаецца, ведаць рускую мову — гэта крута! Раней мне проста падабалася рускае вымаўленне, прыгожыя песні, фільмы. Цяпер я думаю, што хачу працаваць з рускай мовай… Каб вучыцца на выдатна, я вырашыла пры­­ехаць у Беларусь і рыхтавацца на курсах да экзамену. Больш за тое, у мяне тут з’явіліся сяб­ры, якія мне вельмі дапамагаюць у вывучэнні рускай мовы”.

Чжан Сяатун (Кітай) вучыцца ў магістратуры МДЛУ па спецыяльнасці “Тэарэтычная і прыкладная лінгвістыка”: “Я вывучала рускую мову ва ўніверсітэце ў Кітаі і даўно марыла паспрабаваць свае сілы ў ТРЯЗ. І вельмі ўзрадавалася, даведаўшыся, што экзамен можна здаваць у лінгвістычным універсітэце. Я выбрала ўзровень ТРЯЗ-3/С1, таму што гэта ўзровень прафесійных зносін на рускай мове, а я хачу звязаць сваю будучыню з русістыкай. Шчыра кажучы, было вельмі няпроста падрыхтавацца да экзамену, але мне дапамаглі курсы”.

Мізукі Такахасі (Японія) вырашыў выву­чыць рускую мову падчас работы на інспектарскім судне ў Ахоцкім моры: “Нам часта сустракаліся рускія судны. Я яшчэ тады пачаў вучыць мову самастойна. Мне заўсёды была цікавая славянская культура, традыцыі. Потым падарожнічаў па Расіі, зараз вандрую па Беларусі. Мой лепшы сябар з Беларусі, ён зараз працуе ў Японіі, і я вельмі рады, што прыехаў туды, дзе ён нарадзіўся. Планую пасля рускай вывучыць і беларускую мову! Цяпер здаваў тэст на ўзровень В1, каб уладкавацца на работу з рускай мовай. На экзамене самым складаным для мяне было пісьмо, а вось размоўная частка  мая любімая. Напрыклад, мы абмяркоўвалі дні нараджэння — у Японіі ў рэстаране за імянінніка плацяць госці, а ў Беларусі наадварот”.

Дадам, што замежнікі, якія вырашаюць вывучаць рускую мову, здаюцца мне людзьмі асаблівымі. Іх выбар ідзе ад сэрца. У кожнага з іх свой шлях, аднак, дзякуючы такім інтэрнацыянальным сувязям, развіваюцца не толькі яны, але і мы.

Ганна КЕРШЫС,
студэнтка 4 курса МДЛУ