Героі маёй сям’і: маларыцкія гімназісты правялі цікавае даследаванне

- 15:34Новости

Чацвёртакласнікі Маларыцкай раённай гімназіі падрыхтавалі на ХV раённы конкурс даследчых работ калектыўную работу пад кіраўніцтвам настаўніцы Ірыны Каламіец.

— Не раз на класных і інфармацыйных гадзінах заходзіла размова пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны: пра блакаду Ленінграда, подзвігі юных герояў-антыфашыстаў Валі Коцік, Зіны Партновай, Марата Казея, Алега Кашавога, Любові Шаўцовай, Сямёна Астапенкі… — гаворыць педагог. — Акрамя таго, чацвёртакласнікі знаёміліся з гісторыяй спаленых вёсак Хатынь, Ала і Дальва, а таксама з вогненнымі вёскамі Маларытчыны — Боркі і Забалацце. Штуршком да напісання конкурснай работы стала наведванне музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Азнаёміўшыся з яго экспазіцыямі, вучняў зацікавіла: ці няма сярод іх сваякоў тых, хто ваяваў і быў сведкам крывавых падзей, набліжаў Дзень Перамогі? Гімназісты з цікавасцю ўзяліся за агульную справу. Плёнам намаганняў стаў прыгожа аформлены фотаальбом «Сведкі Вялікай Айчыннай вайны — у маёй сям’і».

Юлія Пятрова ў ім расказвае пра сваю прабабулю Феню (Феадосію) Ігнатаўну Цімашук, якая нарадзілася ў 1928 г. у вялікай сям’і на хутары паблізу Іванава Брэсцкай вобласці: «Калі пачалася вайна, прабабулі было ўсяго 13 гадоў. Яе сям’я стала дапамагаць партызанам: пякла хлеб, давала прадукты харчавання, выконвала розныя заданні. Восенню 1942-га фашысты даведаліся пра сувязь сям’і з партызанамі і прыехалі на хутар, дзе жыла прабабуля. У гэты момант дома былі толькі яе бацькі і брат. Гітлераўцы расстралялі іх, а хутар спалілі».

Прабабуля Феня ў гэты час знаходзілася на заданні ў Іванаве – трэба было перадаць паведамленне сувязному, таму стараста вёскі, які таксама працаваў з партызанамі, адправіў яе працаваць у горад, дзе моладзь капала траншэю. Прабабуля непрыметна сустрэлася з сувязным і выканала даручэнне.

Вяртаючыся, яна ўбачыла слуп дыму ў баку ад іх хутара. Дзяўчынка адразу здагадалася, што гэта гарыць іх сядзіба. Неўзабаве на вуліцы паказаўся нямецкі матацыкл з каляскай. Фашысты спыніліся і спыталіся ў дзяўчыны, ці не ведае яна Феню Цімашук. Тая схітрыла і сказала, што ведае: «Феня працуе цяпер на чыгунцы, куды таксама прыгналі на работу маладых людзей». Калі немцы ад’ехалі, ёй удалося ўцячы. Пасля пакарання смерцю бацькоў братоў і сясцёр прабабулі аддалі ў партызанскі атрад, дзе яны і заставаліся да вызвалення.

У партызанскім атрадзе Феня працягвала выконваць розныя заданні. Аднойчы немцы яе арыштавалі і павезлі ў Пінск у гестапа. Там дзяўчыну катавалі, а затым адправілі з іншымі арыштаванымі ў канцлагер. На адным з прыпынкаў у Польшчы ёй удалося ўцячы. Яна пяшком прайшла ўсю Польшчу і дабралася да свайго атрада. Прабабулі часта даводзілася начаваць у адрынах, часам ёй дапамагалі мясцовыя жыхары. Калі вярнулася ў атрад, ніхто не мог паверыць, што Феня засталася жывой.

— Тата мне расказваў, што прабабуля не любіла ўспамінаць пра Вялікую Айчынную. Ёй было вельмі цяжка зноў і зноў вяртацца ў думках у перажытае ліхалецце. І толькі часам па маленькіх эпізодах яна расказвала ваенную гісторыю свайго жыцця. Для мяне прабабуля Феня — сапраўдны герой! — адзначыла Юлія Пятрова.

А вось што напісала пра свайго прапрадзядулю Пятра Салаўчука Серафіма Лямачка:

Ён нарадзіўся ў вёсцы Галёўка ў 1908 г. У прапрадзядулі было 3 дачкі і сын. Старэйшую Кацярыну, якой было 16 гадоў, немцы вывезлі ў Германію на катаржныя работы. Дадому яна не вярнулася.

У пачатку вайны Пётр Салаўчук звязаўся з партызанскім атрадам і ўдзельнічаў у барацьбе з гітлераўскімі захопнікамі. Аднойчы знайшоў у лесе параненага чырвонаармейца, якога потым хаваў у сваім доме, пакуль той не паправіўся. Затым партызаны пераправілі байца на фронт. Пасля вайны прапрадзядуля працаваў агентам па зборы падаткаў. 1 студзеня 1947 г. ён не вярнуўся з работы. Больш жывым яго не бачылі. Прапрадзядуля Пётр разам са сваімі калегамі загінуў ад рук фашысцкіх памагатых, якія забівалі савецкіх актывістаў.

Прапрадзядулю пахавалі ў брацкай магіле на гарадскіх могілках у Маларыце. У артыкуле «Ахвяры бандэраўскіх банд» з кнігі «Памяць» ёсць таксама імя і прозвішча Пятра Салаўчука.

Прапрадзядуля Пётр — прыклад для пераймання, герой! У тым, што жыву ў мірнай і прыгожай краіне, ёсць і яго заслуга.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара