Дырэктар аршанскага каледжа харчавання — пра эфектыўныя падыходы ў сістэме падрыхтоўкі кадраў

- 9:00Абитуриент, Главная, Образование

Разам са школы да вытворчасці: пра эфектыўныя падыходы ў сістэме прафарыентацыі і падрыхтоўкі кадраў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў дырэктар Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання Генадзь Сіняўскі.

— Генадзь Анатольевіч, што, па вашым меркаванні, у стагоддзе нейрасетак, робатаў і воблачных тэхналогій з’яўляецца асновай прафесійнай падрыхтоўкі?

— Практычны складнік, бо на першым плане сёння прафесійныя кампетэнцыі кожнага рабочага і спецыяліста. У мінулае адыходзіць час, калі прадпрыемствы амаль у адзін голас скардзіліся, што прафадукацыя адарвана ад рэальнасці і выпускнікоў даводзіцца перавучваць, а каледжы наракалі на недастатковасць канкрэтных запытаў на кадры для той ці іншай вытворчасці. Найважнейшым элементам падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў, які зводзіць да мінімуму дысбаланс паміж ведамі, уменнямі, навыкамі выпускнікоў і патрабаваннямі сучасных вытворцаў, выступае практыка. На працягу многіх гадоў наша ўстанова плённа ўзаемадзейнічае з заказчыкамі кадраў.

— Як гэта ажыццяўляецца?

— У нас паспяхова рэалізуецца комплексная сістэма падрыхтоўкі “школа — каледж — прадпрыемства”. Такім чынам, супрацоўніцтва пачынаецца не з першых заняткаў у каледжы, а на этапе праф­арыентацыі. Характэрны прыклад: у мінулым годзе нашы базавыя прад­прыемствы —“Савушкін-Орша”, Аршанскі мясакансервавы камбінат, “Орша-Сэрвіс”, Аршанскі хлебазавод ААТ “Віцебск­хлеб­прам” — арганізоўвалі экскурсіі для навучэнцаў усіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Аршанскага раёна. Школьнікам паказалі рабочыя месцы, азнаёмілі з прафесіямі, падрабязна расказалі, у якіх рабочых і спецыялістах маюць патрэбу прадпрыемствы, а таксама прадставілі ўстановы адукацыі, якія рыхтуюць кадры па адпаведных напрамках. Такі падыход вельмі эфектыўны: 45% нашых навучэнцаў новага набору паступілі менавіта ў выніку сумеснай прафарыентацыйнай работы, у тым ліку па дагаворах мэтавай падрыхтоўкі, заключаных з названымі прадпрыемствамі. Цікавасць да мэтавай падрыхтоўкі з году ў год расце як сярод навучэнцаў і іх бацькоў, так і сярод заказчыкаў кадраў. За апошнія 3 гады ў нас больш чым удвая павялічылася коль­касць мэтавікаў. Прычым мы разам з прад­прыемствамі зыходзім з таго, што гэтага недастаткова, таму сістэмна і планамерна працягваем работу ў гэтым напрамку.

— Напэўна, абітурыентаў прывабліваюць новыя спецыяльнасці?

— Адразу зробім папраўку: мы ніколі не імкнёмся прапаноўваць новыя спецыяльнасці, каб зрабіць штучны піяр на самім факце іх адкрыцця. Працуем толькі па запытах нашых заказчыкаў кадраў і на аснове дакладнага разліку. Калі з’явілася нешта новае, значыць усе выпускнікі атрыма­юць гарантаванае працаўладкаванне з дас­тойнай зарплатай, у пераважнай большасці выпадкаў з магчымасцю выбару месца работы.

Сёлета каледж упершыню ў вобласці пачаў падрыхтоўку машыністаў цестараздзелачных машын, аператараў лініі ў вытворчасці харчовай прадукцыі. Гэтыя кадры ўжо зараз чакаюць на прадпрыемствах.

— Чым адметная дзеючая ў каледжы сістэма практык?

— На сённяшні дзень паміж кале­джам і 23 арганізацыямі — заказчыкамі кадраў зак­лючаны дагаворы аб праходжанні вытворчай практыкі, падчас якой навучэнцы адаптуюцца да канкрэтных умоў вытворчасці і ў далейшым працаўладкоўваюцца. Пры паступленні да нас у рамках уводзін у прафесію знаёмім з асаблівасцямі прафесійнай дзейнасці. Гэта значыць, што навучэнцы ідуць на прадпрыемствы і ажыццяўляюць візуальны агляд месца, дзе яны будуць працаваць, даведваюцца, што павінны будуць рабіць і на якую зарплату могуць разліч­ваць. Бывае часам, што пасля ўбачанага некаторыя пакідаюць каледж з-за складаных умоў працы: работа ў тых жа мясных цэхах дастаткова спецыфічная. Але асноўная маса застаецца.

Вучэбная і вытворчая практыкі на ўзроўні ССА адбываюцца непасрэдна ў арганізацыях — заказчыках кадраў. На ўзроўні ПТА на пачатковым перыя­дзе вытворчага навучання па кваліфікацыях пекара, кухара, кандытара, слесара-рамонтніка, машыніста халадзільных установак максімальна выкарыстоўваем уласныя магчымасці, уключаючы добра абсталяваныя вучэбныя майстэрні і лабараторыі каледжа, а далей моладзь чака­юць практыкі на прадпрыемствах. Па мясным напрамку (кваліфікацыі “абвальшчык мяса”, “жылоўшчык мяса і субпрадуктаў”, “вытворца паўфабрыкатаў з мяса птушкі”, “саставіцель фаршу”, “фармоўшчык каўбасных вырабаў”) практыкантаў адразу адпраўляем на вытворчасць, бо мы не маем права, згодна з санітарнымі ўмовамі, адкрыць профільную лабараторыю. Сваю вучэбную базу нам прадастаўляюць партнёры.

У заключны перыяд на вытворчую практыку навучэнцы накіроўваюцца ў адпаведнасці з пісьмовымі запытамі прадпрыемстваў аб размеркаванні выпускнікоў. Дарэчы, звычайна заявак больш, чым навучэнцаў, па асобных кваліфікацыях назіраецца істотнае перавышэнне. Зразумела, мэтавікі вытворчыя практыкі праходзяць у той арганізацыі, з якой заключаны дагавор аб падрыхтоўцы.

— На практыцы можна добра падзарабіць?

— Сярэдні заробак практыканта вар’іруецца ў залежнасці ад спецыяльнасці. Па мясным профілі, напрыклад, даходзіць да 1500 рублёў — пагадзіцеся, нядрэнна.

Заказчыкі кадраў вельмі тонка падыходзяць да заахвочвання навучэнцаў. Возьмем Аршанскі мясакансервавы камбінат: трэцякурснікам, якіх пасля заканчэння каледжа там чакаюць па размеркаванні, прадпрыемства за практыку робіць дадатковую выплату ў памеры заробку. Гэта добра матывуе.

Яшчэ адзін прыклад: нашы кухары на практыцы замяшчаюць вакантныя рабочыя месцы, атрымліваюць вопыт і зарабляюць грошы. Працоўнай, сацыяльнай адаптацыі, набыццю прафесійных навыкаў і асобаснаму развіццю садзейнічае таксама занятасць у студэнцкіх атрадах, дзе нашы навучэнцы маюць магчымасць працаваць не толькі ў летні канікулярны перыяд, але і на працягу года ў свабодны ад вучэбных заняткаў час з улікам профілю іх падрыхтоўкі. Акрамя таго, Аршанскі мясакансервавы камбінат і “Савушкін-Орша” адкрылі для нас вячэрнія змены. Кожны навучэнец можа пасля 16.00 пайсці на этыкероўку слоікаў ці расфасоўку прадуктаў у скрыні. Некваліфікаваная праца, аднак яна запатрабавана на рынку. І для моладзі такім чынам вырашаецца надзённае пытанне кішэнных грошай, таму жадаючых працаваць многа.

— Як наладжана ўзаемадзеянне з прадпрыемствамі па іншых напрамках?

Мы заўсёды разам узгадняем пазіцыі, па якіх зацікаўленасць узаемная. Напрыклад, гэта карэкціроўка зместу вучэбных праграм у адпаведнасці са спецыфікай вытворчасці, сучаснымі тэхналогіямі, абсталяваннем і матэрыяламі, стварэнне вучэбна-метадычных комплексаў, распрацоўка пералікаў кваліфікацыйных (пробных) работ, складанне пытанняў для выпускных экзаменаў, праграм стажыроўкі педработнікаў. На базе нашых прадпрыемстваў кожныя тры гады выкладчыкі вучэбных прадметаў прафесійнага кампанента і майстры вытворчага навучання праходзяць стажыроўкі. Заказчыкі кадраў уваходзяць у склад камісій пры правядзенні дзяржаўнай выніковай атэстацыі, кваліфікацыйных экзаменаў, з’яўляюцца членамі журы конкурсаў і спаборніцтваў, якія праводзяцца ў каледжы і, што вельмі важна, аказваюць нам сур’ёзную спонсарскую дапамогу, за што мы ім вельмі ўдзячны.

Яшчэ адна ключавая кропка судакранання — конкурсы прафесійнага майстэрства. Мы ахвотна ў іх удзельнічаем па сваіх кампетэнцыях і часта перамагаем. У прыватнасці, па выніках галоўнага рэспуб­ліканскага конкурсу на ўзроўні вобласці трывала ўваходзім у тройку лідараў. Акрамя таго, каледж быў ініцыятарам і прымаў у сябе шэраг падобных спаборніцтваў, у тым ліку з міжнародным удзелам. А вось штогадовы конкурс па намінацыях “Лепшы абвальшчык мяса”, “Лепшы жылоўшчык мяса і субпрадуктаў” традыцыйна праводзіцца якраз на базе заказчыка кадраў — Аршанскага мясакансервавага камбіната. У прафесійным майстэрстве спаборнічаюць навучэнцы нашага і Мінскага механіка-тэхналагічнага каледжаў. Прыемна, што мы трымаем лідарства.

— Высокі ўзровень падрыхтоўкі ў каледжы прыцягвае ўвагу не толькі айчынных заказчыкаў кадраў. Як развіваецца супрацоўніцтва з Узбекістанам?

У мінулым годзе мы заключылі дагавор аб супрацоўніцтве з ІП ТАА Jizzax organic (Узбекістан). Замежнае прадпрыемства зацікавілася падрыхтоўкай, перападрыхтоўкай і павышэннем кваліфікацыі па спе­цыяльнасці “Перапрацоўка мяса” (кваліфікацыі “абвальшчык мяса”, “жылоўшчык мяса і субпрадуктаў”). Сёння ва Узбекістане назіраецца праблема: устаноў прафадукацыі па нашым профілі ўвогуле няма. Між тым многія вытворцы вырошчваюць буйную рагатую жывёлу і авечак. Толькі згаданы Jizzax organic мае шматтысячны статак на адкорме — патрэбны кваліфікаваныя кадры. Згодна з дагаворам, была рэалізавана праграма тэарэтычнага навучання работнікаў прадпрыемства ў анлайн-рэжыме, а затым для іх было арганізавана вытворчае навучанне на тэрыторыі Jizzax organic пад кіраўніцтвам нашага майстра вытворчага навучання. Такім чынам падрыхтавалі першую групу на платнай аснове, і яе ўдзельнікі зараз працуюць у поўную сілу. Пасведчанні ім мы ўрачыста ўручылі падчас ІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана, у якім я разам з намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Марынай Бабашынскай прымаў удзел у складзе дэлегацыі нашай краіны. Сёлета плануем прадоўжыць работу, рых­туемся прымаць партнёраў з Узбекістана на Віцебшчыне.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота з архіва каледжа