Як рэсурсны цэнтр спрыяе фарміраванню навуковага мыслення і развіццю творчых здольнасцей?

- 9:00Главная, Образование

Як рэсурсны цэнтр спрыяе фарміраванню навуковага мыслення, развіццю творчых здольнасцей, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказалі ў сярэдняй школе № 1 Новалукомля імя Ф.Ф.Дуброўскага.

Адзін з самых маладых беларускіх гарадоў будаваўся як горад энергетыкаў. Напэўна, у сем’ях большасці сённяшніх вучняў сярэдняй школы № 1 Новалукомля імя Ф.Ф.Дуб­роўскага ёсць людзі, работа якіх непасрэдна звязана з Лукомскай ДРЭС. Нямала за партамі і прадстаўнікоў працоўных дынастый у трэцім пакаленні, якія цвёрда нацэлены на атрыманне адпаведнай адукацыі, каб потым вярнуцца на малую радзіму і працягнуць сямейную справу. Штогод некалькі выпускнікоў школы паступаюць у каледжы і ўніверсітэты на профільныя спецыяльнасці па мэтавых накіраваннях.

Значная роля ў прафарыентацыі навучэнцаў і, безумоўна, распраўсюджванні ідэй энергаэфектыўнасці належыць рэсурснаму цэнтру “Энергазберажэнне — пачні з сябе”, які дзейнічае на базе ўстановы адукацыі.

— Год за годам мы назапашваем вопыт, укараняем новыя педагагічныя практыкі і паступова нарошчваем магутнасці, — адзначыла загадчык цэнтра настаўніца інфарматыкі і хіміі Лілія Мамойка. — У прыватнасці, у нас выбудавана сістэма ўзаемазвязаных мерапрыемстаў па фарміраванні ў вучняў грама­дзянскай пазіцыі і навыкаў рацыянальнага і эканомнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў, якая ахоплівае не толькі нашу школу, але і ўсе ўстановы адукацыі Чашніцкага раёна. Мацнеюць міжрэгіянальныя, міжнародныя кантакты. Напрыклад, летась мы арганізавалі рэгіянальную пляцоўку ўсерасійскай экалагічнай акцыі з міжнародным
удзелам “ЭкаТолк” для правя­дзення экадыктанта. У акцыі прынялі ўдзел як навучэнцы 13—17 гадоў, так і педагогі з катэгорыі 18+. Напярэдадні Міжнароднага дня энергазберажэння ў мінулым лістападзе мы ўпершыню ажыццявілі сваю акцыю — “Энергадыктант” з шасцю варыянтамі тэкстаў на рускай, беларускай, англійскай і нямецкай мовах, а таксама з мультымедыйным анлайн-тэстам па пытаннях энергазберажэння. Ініцыятыва аб’яднала 897 навучэнцаў, з якіх 103 пісалі дыктант анлайн.

У студзені на базе рэсурснага цэнтра адбылася прэзентацыя-­практыкум “Энергазберажэнне ў маім жыцці” для навучэнцаў 7—8 класаў устаноў адукацыі Новалукомля. Вясной у рамках тыдня эканоміі і беражлівасці на базе школы традыцыйна праводзяцца пасяджэнне відэаклуба “Будучыня планеты ў нашых руках”, папулярнае пазакласнае мерапрыемства “Да чаго дойдзе прагрэс?”, прысвечаная Сусветнаму дню водных рэсурсаў творчая майстэрня “Другое жыццё пластыку”, конкурс-выстава “Альтэрнатыўныя крыніцы энергіі” для юных інжынераў-канструктараў, акцыя “Га­дзіна Зямлі: дзень без мабільнага тэлефона”, інтэлектуальная гульня “Зорны час” для старшакласнікаў і бацькоў на тэму “Энерга­зберажэнне — важнае ўменне”.

— Як бачна, мы імкнёмся максімальна ахапіць мэтавыя аўдыторыі розных узростаў, выкарыстоўваем прывабныя для моладзі фарматы і асаблівае значэнне надаём педагагічнаму прыкладу, сацыяльнаму партнёрству і супрацоўніцтву з бацькамі, — падкрэсліла Лілія Мамойка.

Зваротная сувязь не прымушае сябе доўга чакаць. Тут узорам можа паслужыць маладзёжная ініцыятыва “Навучым малодшых братоў і сясцёр энергазберажэнню”. Старшакласнікі раздрукавалі размалёўкі па эканоміі ў побыце і падарылі іх навучэнцам малодшых класаў. Малюнкі, якія атрымаліся, дзеці прадставілі на выставе “Разам ярчэй!”.

Традыцыяй стаў удзел школьнікаў у сусветным конкурсе (выставе) вынаходстваў World invention competition and exhibition (WICE) у Малайзіі. Навучэнкі Ксенія Казінец (настаўніца Лідзія Краўцова, навуковы кіраўнік Іван Рускіх) і Алёна Джанаян (настаўніца Лілія Мамойка, навуковы кіраўнік Іван Рускіх) — уладальніцы залатых медалёў прэстыжнага міжнароднага форуму. Цяпер абедзве выпускніцы вучацца ў беларускіх універсітэтах і працягваюць займацца навукай, а ў роднай школе ім падрастае дастойная змена.

У цэлым навучэнцы гэтай установы адукацыі актыўна прапагандуюць у інтэрнэт-прасторы ідэі энергазберажэння, экалогіі, здаровага ладу жыцця, у тым ліку праз уласныя праекты. Тон вучням задаюць педагогі, якія паспяхова ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах па названым напрамку, пачынаючы з рэспубліканскіх “Энергамарафону” і “Зялёнай школы” да папулярнага ў раёне велапрабегу “Будзь у тэме — круці з усімі!”.

— Дарэчы, гэтая маштабная сумесная экалагічная акцыя падлеткаў і дарослых, ініцыіраваная рэсурсным цэнтрам, цяпер праходзіць пры садзейнічанні гарвыканкама, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, шэрага мясцовых прадпрыемстваў і БРСМ, — паведаміла Лілія Мамойка. — Мэта велапрабегу — не проста прыцягнуць увагу да здаровага ладу жыцця і пытанняў экалогіі, але і сваімі справамі дапамагчы нашаму гораду стаць чысцейшым і прыгажэйшым. Арганізаваны спецыяльныя прыпынкі для выканання заданняў “ЭкаЛікбез” (у гарадскім парку вядучы праводзіць віктарыну па біяразнастайнасці Беларусі, энергаэфектыўнасці і экалогіі), “#ЗаДело!” (на пляжнай зоне ўдзель­нікі збіраюць смецце ў фармаце спаборніцтва за вызначаны час), “Фотавернісаж” (на гарадской плошчы кожнай камандзе выдаецца па пяць лістовак, якія трэба раздаць прахожым і заадно высветліць меркаванні жыхароў горада аб экалагічных праблемах Новалукомля, пацікавіцца, што яны робяць і хацелі б зрабіць для паляпшэння экалагічнай сітуацыі).

Творчыя справаздачы падчас велапрабегу моладзь масава выкладвае ў сацыяльных сетках, дзе яны набіраюць вялікую колькасць праглядаў. Характэрная дэталь: перад стартам кожная сям’я ўдзельнікаў піша маркерам на сцяжку абяцанне, што яна пачне рабіць для экалогіі сёння, і прывязвае сцяжок да свайго веласіпеда.

Важным кірункам дзейнасці рэсурснага цэнтра з’яўляецца фарміраванне ў навучэнцаў інжынернага і навуковага мыслення. Маркерам паспяховасці тут могуць служыць дасягненні школьнікаў, іх яркія перамогі на абласных і рэспубліканскіх этапах конкурсаў і праектаў “Энергамарафон”, “Хвіліна для будучыні”, “Зялёная школа”, “100 ідэй для Беларусі”. Дасягаць высокіх вяршынь, упэўнена рабіць першыя крокі ў навуку моладзі дапамагае наладжанае школай узаема­дзеянне з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства, філіялам РІПА “Рэсурсны цэнтр “ЭкаТэхнаПарк — Волма”. Штогод вучні сярэдняй школы № 1 Новалукомля становяцца пераможцамі заключнага этапу Рэспуб­ліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара