Настаўніца пачатковых класаў Іна Малыха з сярэдняй школы № 5 Пружан імкнецца, каб падмурак ведаў, закладзены за першыя чатыры гады вучобы, атрымаўся грунтоўным і трывалым. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— За больш як 30 гадоў работы з малодшымі школьнікамі не раз мяняліся вучэбныя праграмы і патрабаванні да ацэньвання вучняў, ды і дзеці сталі іншымі, зацікавіць іх куды цяжэй, чым раней, — дзеліцца назіраннямі педагог. — Але без ведаў, атрыманых у пачатковай школе, нельга ўявіць далейшую адукацыю, асабліва без пісьменнасці. Заўсёды кажу вучням: калі вы пішаце з памылкамі, то не толькі паказваеце сваю непісьменнасць, але і праяўляеце непавагу да чалавека, які чытае вашы паведамленні. Адна справа — разумець гэта, і зусім іншая — навучыцца пісаць без памылак, нават на той мове, на якой большасць вучняў свабодна размаўляе з дзяцінства, бо ў кожнай мове шмат правіл, нюансаў і выключэнняў. Ды і, вывучыўшы правілы, далёка не ўсе ведаюць, дзе канкрэтна іх трэба прымяняць.
Вучыць чуць словы настаўніца пачынае ўжо з 1 класа. Яе надзейным памочнікам у гэтай рабоце стаў Гукарык — маленькі чалавечак з вялікімі вушамі, якія ўлоўліваюць усе гукі і самыя дробныя змяненні ў словах.
— Перш чым пачынаць пісаць словы, неабходна іх правільна вымаўляць і навучыцца ўслухоўвацца, — гаворыць Іна Малыха. — Пры вывучэнні кожнай новай літары хлопчыкі і дзяўчынкі разам з Гукарыкам прагаворваюць словы, вызначаюць пазіцыю новага гука ў пачатку, сярэдзіне ці канцы слова і пляскаюць у далоні, паказваючы яго месца там.
Такую ж работу педагог праводзіць па картках з карцінкамі і трыма квадрацікамі пад імі, якія абазначаюць пачатак, сярэдзіну і канец слова. Падобныя практыкаванні вучаць дзяцей уважліва адносіцца да іх гукавога складу.
— Затым пераходжу да складання гукавой схемы слова, — працягвае настаўніца. — У кожнага вучня ёсць канверт з наборам кружкоў-фішак чырвонага (галосныя гукі), сіняга і зялёнага (цвёрдыя і мяккія зычныя гукі) колеру, а таксама карткі са званочкамі і навушнікамі. Пачынаючы з простых складоў і маленькіх слоў, дзеці вучацца чуць і выстаўляць іх з дапамогай каляровых значкоў. Паступова словы становяцца даўжэйшымі і ўскладняюцца па структуры, але вучням падабаецца рашаць такія складаныя задачкі. Калі працуюць усе дзеці, то адразу бачна, хто ўважлівы, каму патрабуецца невялікая падказка, а з кім давядзецца яшчэ папрацаваць, каб вучань не прапускаў літары, правільна пісаў склады.
У 2 класе ўжо з’яўляюцца сапраўдныя правілы. Каб дзеці іх запомнілі надоўга, трэба іх здзівіць і зацікавіць. Тады, па меркаванні Іны Малыха, навучанне ператворыцца ў захапляльную гульню ці пазнавальнае падарожжа.
— Спачатку неабходна цікава растлумачыць правіла і скласці схему-апору, па якой дзеці з лёгкасцю ўспомняць і раскажуць гэтае правіла, — адзначае педагог. — Затым трэба выканаць шмат заданняў на замацаванне і аўтаматызацыю атрыманага навыку, прычым заданні павінны быць не аднатыпнымі, а незвычайнымі, цікавымі, каб школьнікі думалі, правяралі і пры гэтым не стамляліся.
Настаўніца аддае перавагу аўтарскай методыцы Святланы Барбушынай: разам з доктарам Грамацеем выхаванцы Іны Малыха хутка “вылечваюць” усе словы.
— Здавалася, што запомніць графічнае абазначэнне кожнай арфаграмы будзе складана (іх ужо 14), але дзеці добра памятаюць, які значок да якога правіла падыходзіць, — заўважае педагог. — Спачатку мы вылучалі арфаграмы на дошцы спецыяльнымі значкамі на магнітах і алоўкамі ў рабочых сшытках. Затым кожны вучань атрымаў канверт з наборам такіх “вітамінак”. Пасля гэтага ўжо можна было праводзіць арфаграфічную размінку, праверку дамашняга задання, падрыхтоўку да дыктанта і ў рэальным часе ўбачыць работу ўсяго класа. Як дзеці чуюць словы і як разумеюць арфаграмы, так яны і напішуць іх.
Выхаванцы настаўніцы пішуць трэніровачныя дыктанты з наборам “вітамінак”. Вучні ўжо прызвычаіліся спачатку слухаць словы, аналізаваць іх, а потым вызначаць від арфаграмы, паднімаць неабходны значок-“вітамінку” і толькі пасля гэтага пісаць словы ў сшытак.
Па словах Іны Малыха, пры рэгулярным выкарыстанні набораў доктара Грамацея дыктанты атрымліваюцца якаснымі і больш падобнымі да гульні-спаборніцтва: хто хутчэй і правільней вызначыць набор “вітамінак”. Паколькі ў словах даволі часта сустракаюцца некалькі відаў арфаграм, то падняць трэба некалькі значкоў. Навучанне па такой методыцы значна паляпшае ўзровень засваення матэрыялу.
Для сістэматызацыі ведаў па пэўнай тэме і для таго, каб хутка ўспомніць вывучанае раней, настаўніца вырабляе з дзецьмі вялікія падказкі (інтэлект-карты). На аркушы фармату А4 школьнікі паступова запісваюць і замалёўваюць тое, што вывучалі па вялікай тэме. Так, на тэму “Назоўнік” у 3 класе адводзіцца 8 гадзін. Кожны ўрок у падказцы з’яўляюцца адна-дзве новыя дарожкі, на якіх дзеці павінны адлюстраваць вывучанае на занятках: значэнне і пытанні назоўнікаў, род, лік, назоўнікі, якія ўжываюцца толькі ў адзіночным ці толькі ў множным ліку, род запазычаных назоўнікаў і інш. Новыя веды, набытыя на ўроку, застаюцца ў выглядзе кароткіх паметак на аркушах. Штораз адкрываючы гэтую падказку, дзеці зноў паўтараюць усё, што было пройдзена па пэўнай тэме. Паступова неабходнасць у такой падказцы знікае, паколькі вучні добра засвойваюць пройдзеную тэму.
Для трывалага засваення правіл Іна Малыха выкарыстоўвае графічныя схемы і незвычайныя вобразы, па якіх дзеці хутка ўспамінаюць. Акрамя таго, настаўніца актыўна прымяняе ў рабоце рэбусы, лагічныя заданні, фразеалагізмы, прыказкі і прымаўкі.
— Вучням падабаецца ўсё нестандартнае, — дадае педагог. — Дэвіз нашага класа — навучанне з захапленнем. Прыемна бачыць зацікаўленасць у дзіцячых вачах, назіраць за тым, як у вучняў усё атрымліваецца. Тады разумею, што прыкладзеныя намаганні не былі дарэмнымі і далі плён.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ