Як цяпер працуюць скарбы, назбіраныя ў народным музеі 4-й слонімскай школы імя П.І. Батава?

- 16:05Новости

Прадаўжэнне аповеду карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” пра тое, які магутны зарад патрыятызму атрымліваюць вучні 4-­й слонімскай школы імя П.І.Батава — у тым ліку і праз народны школьны музей баявой і працоўнай славы імя А.С.Жукоўскага.

Іна Мандрык (злева) і Марыя Зенава: “Вырашылі зрабіць стэнд па генацыдзе. Размесцім яго на другім паверсе: там у нас заўсёды найбольш людна”

Павінны скарбы працаваць!

У першай частцы нататак мы расказвалі, як быў створаны і якія традыцыі мае музей, названы ў гонар аднаго з яго стваральнікаў — краязнаўца-энтузіяста, публіцыста і патрыёта, настаўніка гісторыі Аляксандра Сямёнавіча Жукоўскага. Да таго ж хацелася ў ходзе знаёмства з экспазіцыяй даведацца: як выкарыстоўваецца ў выхаваўчым, адукацыйным працэсе ўсё тое, што старанна сабрана і з добрым густам упарадкавана, як уплываюць на свядомасць вучняў рэчы, фота­здымкі, дакументы, творы мастац­тва з мінулага праз 80 гадоў пасля вызвалення Беларусі?

Падчас размовы з кіраўніком музея Марыяй Зенавай, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, якая скончыла гэтую школу 25 гадоў назад, не раз акрэслівалася выснова: сабраныя скарбы павінны працаваць!

Іх можна параўнаць з радові­шчамі нафты. Яны ў нетрах ёсць, але, каб не заставаліся мёртвым грузам, іх трэба даследаваць і распрацоўваць, здабываць і выкарыстоўваць. Таму раскажам і пра іншыя кірункі дзейнасці музея, пра даследчыя работы, некаторых юных даследчыкаў, асобныя фрагменты экспазіцыі. Прытым звернем увагу на дакумент “Выпускники учреждения образования, посвятившие себя педагогической профессии” на сайце школы. Цікава, што сярод іх шмат і настаўнікаў гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, а пераважная большасць, відаць, працуе ва ўстановах адукацыі Слоніма і раёна. “Дзе нара­дзіўся — там і згадзіўся” — гэтая народная мудрасць, пэўна што, засвойваецца выпускнікамі 4-й школы належным чынам.

Актывісты, салдацкі медальён і спіс карнікаў

Мы згадалі ў папярэднім тэксце Кірыла Ерамейчыка з 11 класа: ён актыўны, дасведчаны экскурсавод музея, паспяхова займаецца даследчай работай. Марыя Зенава ў ліку тых, на каго заўсёды можа разлічваць, называе Міхаіла Утліка, Валерыю Герасімчык ды іншых. Як правіла, сябры савета музея штогод удзельнічаюць у трох пастаянных конкурсах, якія праводзяцца паэтапна ў горадзе, раёне, вобласці. Адзін з іх прысвечаны школьным экспазіцыям пра Вялікую Айчынную вайну: “Гэта творчыя даследчыя работы, якія мы дапамагаем вучням рыхта­ваць, — адзначае Марыя Зенава. — У нас уся трэцяя зала прысвечана гісторыі школы, адкрытай, дарэчы, у ­1945-м. І мы зрабілі прэзентацыю залы: на 15 слайдах пра яе расказалі. Гэта працуе і як своеасаблівая рэклама музея: праз конкурсныя матэрыялы пра нас больш даведаюцца. Здымаем і відэаролікі пра музей, асобныя экспанаты і герояў: чым цікавыя, чым багатыя. Размяшчаем на розных рэсурсах у інтэрнэце. Нехта паглядзіць — і на нас выходзіць, каб прыехаць, сустрэцца. Узгадняем час. А госці потым і на сваіх рэсурсах, калі нешта знялі, выкладваюць. Тады паступаюць званкі з іншых школ, і такім чынам інфармацыя пра музей распаўсюджваецца”.

Вядомасць народнага музея ў 4-й слонімскай школе выйшла за межы Беларусі. Марыя Зенава расказала, што гэтым летам чакаюць гасцей-кадэтаў з Петразаводска. Яшчэ раней былі наладжаны сувязі з 86-й школай Данецка: “Тое было да 2014 года, калі на чале музея была мая папярэдніца Аліна Канстанцінаўна Працак. Госці з Данецка прыяз­джалі да нас, каб ушанаваць па­мяць героя-земляка, які загінуў, вызваляючы Беларусь у 1944-м ля вёскі Вялікая Кракотка пад Слонімам. У вайну там ішоў цяжкі бой, а ў наш час вяліся раскопкі, былі знойдзены астанкі савецкіх воінаў, некалькі медальёнаў. Па адным з іх зрабілі запыт у Данецк, бо загінулы салдат Сяргей Осіпаў, як аказалася, родам адтуль. Да таго ж актывісты музея даведаліся, што імя героя няма на абеліску. Правялі даследчую работу па ім, іншых загінулых, і потым урачыста ўшанавалі іх памяць — дабавілі на абеліск імёны.

Яшчэ цікавы факт — ужо з апошніх гадоў.

Калі Генпракуратура Беларусі ў красавіку 2021 года ўзбудзіла крымінальную справу па фактах генацыду насельніцтва Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, то ў ходзе расследавання спатрэбіліся і матэрыялы са школьнага музея.

“Неабходна было высветліць дэталі пра былога паліцая, ён удзельнічаў у крывавых расправах над мірным насельніцтвам на тэрыторыі Слоніма і раёна. У нас захоўваецца спіс тых, хто чыніў зверствы, расстрэльваў людзей на Пятралевіцкай гары. І спіс карнікаў я прадаставіла па запыце з пракуратуры. Пазней даведалася: у вайну той паліцай выжыў, адступіў з фашыстамі на захад, а каб замесці сляды злачынстваў, змяніў нават імя і прозвішча. Жыў злачынец па новых дакументах і памёр у Вялікабрытаніі. Наколькі мне вядома, расследаванне па ім яшчэ вядзецца”.

Боль і памяць

Згаданую Пятралевіцкую гару ведаюць у Слоніме бадай што ўсе. Яна паблізу вёскі Пятралевічы. Там у ваенны час карнікі чынілі масавыя забойсты мірных жыхароў, найбольш забілі яўрэяў са Слонімскага гета. Вучні 4-й школы збіралі ўспаміны сведкаў пра жудасныя злачынствы, праводзілі архіўныя даследаванні, работы захоўваюцца ў музеі. Прычым тэрыторыя школы, як сведчаць экспанаты музея, размяшчаецца ў тым жа месцы горада, дзе ў вайну знаходзілася гета.

“Школа стаіць непадалёк чыгуначнага вакзала, а гета пачыналася ад вакзала і тут доўжылася — у бок цяперашняга парку, — патлумачыла Марыя Зенава. — У гарадскім парку ёсць мемарыяльны комплекс у памяць аб ахвярах гета. І ў нас у музеі сабраны адпаведныя матэрыялы: гэта балючая старонка гісторыі горада. У прыватнасці, экспануюцца макеты апазнавальных знакаў, якія абавязаны былі пад страхам смерці насіць на сваім адзенні яўрэі. Дарэчы, знакі зрабіў для музея Сяргей Міхайлавіч Новік-Пяюн, які сам у вайну быў вязнем лагера смерці. Жыў пасля вайны ў Слоніме, а родам быў з Нясвіжскага раёна, з вёскі Лявонавічы. Яго многія ведаюць як змагара за беларушчыну, беларускую мову ў Заходняй Беларусі, як паэта і аўтара песень заходнебеларускіх патрыётаў: “Зорачкі” ды іншых. Сяргей Міхайлавіч у нашу школу прыходзіў неаднойчы. Калі паглядзець на карту горада, то бачна: далей ад школы ў бок парку ста­яць даваенныя будынкі. У іх у вайну акупанты зрабілі так званы бойт­лагер. У ім працавалі пераважна яўрэі з гета, якія былі добрымі майстрамі: пад пільным наглядам узброеных салдат сартавалі, рамантавалі зброю”.

Рыхтуючыся да паездкі ў школу, я даведаўся: у Слонімскім гета было створана падполле. І якраз тыя людзі, хто працаваў са зброяй, змаглі наладзіць сувязь з партызанамі атрада імя Шчорса, выносіць з бойтлагера і перада­ваць ім патроны, невялікіх памераў зброю. А пазней некаторую частку яўрэяў са Слонімскага гета ўдалося вызва­ліць партызанам таго атрада, на чале якога быў афіцэр, даваенны настаўнік з Паволжжа Павел Пранягін. Яго фотаздымак ёсць у школьным музеі. Пра мужнага чалавека, які пасля вайны быў дырэктарам школы ў Верхнім Услоне пад Казанню, а потым па запрашэнні баявых сяброў вярнуўся-такі ў Беларусь і працаваў настаўнікам, дырэктарам школы ў Баранавіцкім раёне, асобна раскажам. У Слоніме ёсць вуліца імя Паўла Пранягіна, як і ў Брэсце: там ён пазней жыў, меў званні “Ганаровы жыхар Брэста” і “Праведнік народаў свету”.

Неверагодным чынам аказаліся звязанымі ў адзін тугі вузел Слонімскае гета, настаўнік Павел Пранягін, Пятралевіцкая гара і 4-я слонімская школа.

Знакі болю і памяці на Пятралевіцкай гары

Што да гары, то на ёй, казала Марыя Зенава, устаноўлены абеліск: “Нашы вучні там часта бываюць, і вам бы варта пабы­ваць. А расстрэльвалі там не толькі яўрэяў. За тыдзень да вызвалення Слоніма фашысты ўчынілі пры гары акт помсты: расстралялі жанчын, дзяцей, старых. Там адзінае месца ў вызваленым Слоніме, дзе праводзілася эксгумацыя пасля расстрэлаў, апазнанне, перапахаванне ахвяр. Было выяўлена: забівалі карнікі дарослых стрэлам у патыліцу ўноч з 3 на 4 ліпеня 1944 года. Горад вызвалены 10 ліпеня, эксгумацыю праводзілі 19-га. Удалося ўстанавіць імёны 102 чалавек, у ліку якіх былі цяжарныя жанчыны і немаўляты. А па раёне было не адно такое расстрэльнае месца”.

Будучы гісторык Раман Якута

Я пачуў параду Марыі Зенавай — і прайшоў пешшу ад 4-й школы да Пятралевіцкай гары: тым шляхам, якім вадзілі з гета калоны яўрэяў на расстрэл. І мне ўспомнілася, як гаварыла кіраўнік музея пры бюсце генерала Паўла Батава: “Ён быў незвычайны чалавек. Вельмі сціплы, хоць і генерал, і двойчы Герой Савецкага Саюза. Родам з вёскі Фелісава, што ў Рыбінскім раёне Яраслаўскай вобласці, сціплым і адкрытым заўсёды заставаўся, не выхваляўся аніколі сваімі заслугамі. У нас у музеі гэта перадаецца як эстафета: да Паўла Іванавіча можна было заўжды звярнуцца па дапамогу па музейных справах, і заўсёды ён быў гатовы падтры­маць слонімскіх краязнаўцаў”.

Настаўніца гісторыі Таццяна Свірэпік і Раман Якута

І так атрымалася, што пасля добрых слоў пра генерала Марыя Уладзіміраўна ўспомніла аднаго з экскурсаводаў музея: Раман Якута летась скончыў школу, паступіў вучыцца на гісторыка ў БДУ. Яна сказала, што юнак — асоба яркая і неардынарная. Параіла больш даведацца пра яго ў іншых настаўнікаў.

“Сапраўды, Раман — яскравы прыклад таго, які ўплыў мае работа ў сілавым полі музея на вучняў школы, — пагадзілася з калегай намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Іна Віктараўна Мандрык. — Ён быў пастаянным членам савета музея. Даследчай дзейнасцю займаўся, таксама на базе музея, з настаўніцай гісторыі Таццянай Уладзіміраўнай Свірэпік. Удзельнік алімпіяд па гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі. Быў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды і ўрэшце паступіў без конкурсу ў БДУ. Мяркую, гэта цалкам заслужана, бо ён чалавек-патрыёт, і я ведаю, што Раман у такім духу і сястру старэйшую выхоўвае, і нават маму”.

Сястра ж тая, Алена Браніславаўна Лапато, працуе ў 4-й школе настаўніцай хіміі. Праз некаторы час і яна падключылася да размовы. Расказала, што родам брат з вёскі Шулякі Зэльвенскага раёна. Калі бацькі не стала, яны з маці пераехалі ў Слонім, дзе Алена Браніславаўна ўжо працавала. “Раман з дзяцінства паглыбляўся ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, шмат кніг па гэтай тэматыцы мае дома, — расказала яна пра брата. — Яго дзед, Мікалай Раманавіч Якута, у 1944-м быў прызваны ў войска, 18-гадовым юнаком. Ваяваў, крыху не дайшоў да Берліна: паранілі, але дэмабілізавалі толькі ў верасні 45-га. І хоць Ромку гады два было, калі дзеда Мікалая не стала, памяць пра яго для ўнука — свяшчэнная. А калі брат пачаў вучыцца ў гэтай школе, то тут была вялікая канцэнтрацыя настаўнікаў-гісторыкаў. Я была класнай у 5 класе, дзе ён вучыўся, і мне далі тады ў падмогу Валянціну Станіславаўну Радзішэўскую, якая захапляецца краязнаўствам. Дык Рома хадзіў разам са мной па ўсіх музеях горада: працаваў гурток “Гістарычнае краязнаўства”. Яшчэ Аліна Канстанцінаўна Працак, якая загадвала музеем, Ромку брала ў свае праекты, у тым ліку для пастановак. Хлопчыкі ваенную форму апраналі, выступалі, рыхтавалі адметныя інтэрактыўныя экскурсіі”.

Цікавай атрымалася даследчая работа Рамана Якуты пра дзеда Мікалая Раманавіча, якую ён выканаў на конкурс пад кіраўніцтвам Таццяны Свірэпік. Пазней ён вельмі ўдала праявіў сябе як удзельнік алімпіяд па гісторыі.

“На тым найбольш канцэнтраваўся, — удакладняе сястра. — У 9 класе паспяхова выступіў, потым і ў 10, і ў 11 класах на рэспубліцы заняў 1-е месца”.

Свой вялізны творчы патэнцыял, з усмешкай сказала Алена Браніславаўна, брат адчувае з маленства: “Яшчэ ў 3 класе заяўляў на ўвесь аўтобус: бу­дзе прэзідэнтам. Ва­дзіцелі жартавалі: ну ніяк не менш, бо твае ж бацькі столькі ў цябе ўкладва­юць! А тады яны Ромку з вёскі ў горад вазілі на заняткі. У старшых класах ён дзяліўся думкамі пра тое, што хоча дапамагаць людзям. Задумваецца пра тое, каб з часам стаць дэпутатам. У яго актыўная грамадзянская пазіцыя. А чаму пайшоў у гісторыкі? Каб як мага большай колькасці людзей быць карысным”.

Шмат цікавага мне яшчэ расказалі: Раман глыбока даследуе свой радавод, піша вершы і спявае песні пад гітару, быў дэпутатам маладзёжнага парламента ў раёне… А яшчэ, заўважыла Іна Віктараўна, ёсць у яго педагагічны талент: “З Ромы можа быць добры настаўнік. Ён у нас у педкласе займаўся і ў дні самакіравання заўсёды прасіўся ў цяжэйшыя класы: дзе шустрыя, хуткія дзеці. Перажывала за 7 “Б” клас: ці бу­дуць яго слухаць? Аднойчы іду па калідоры — за дзвярыма цішыня мёртвая, і нехта нешта гаворыць. Адчыняю — дзеці ўсе з раскрытымі ратамі Рому слухаюць! А там часам і настаўнік не мог навесці парадак. Рома пазней казаў: “А я ім расказаў такое, пра што яны не ведалі”. Потым падрабязны аналіз урока зрабіў: каму, што, за што паставіў — кожную адзнаку пракаменціраваў. А гэта прафесійна! Так што і арганізатар, і прамоўца, і патрыёт, а яшчэ — псіхолаг і аналітык. Усё ў яго ёсць!”

На тым, парадаваўшыся за студэнта Рамана Якуту і ўсіх, дзякуючы каму ён па жыцці паспяхова рухаецца, і закончым тэкст. З вялікай надзеяй, што працяг у гэтай гісторыі абавязкова будзе, прычым з педагагічным напаўненнем.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва школы