Віктар Лугавы: менавіта геаграфія фарміруе ў хлопцаў і дзяўчат якасці і навыкі, якія заўсёды спатрэбяцца ў жыцці

- 9:00Главная, Образование

45 мінут на адным дыханні: настаўнік геаграфіі Калінкавіцкай гімназіі Віктар Лугавы за сваю прафесійную кар’еру падрыхтаваў 52 пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагогі гімназіі — творчая сям’я, дзе ўсе працуюць на перспектыву і вынік. Кожны дзень парог школы пераступа­юць выдатныя спецыялісты. У іх ліку Віктар Лугавы, настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, уладальнік нагруднага знака “Выдатнік адукацыі Рэс­публікі Беларусь”, ганаровых грамат упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама і Міністэрства адукацыі Беларусі, узнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі.

Калегі з натхненнем расказваюць пра яго, адзначаючы, што ён педагог ад Бога і сапраўды мэтанакіравана займаецца з дзецьмі, прыводзячы іх да высокіх вынікаў. Школьнікі таксама падбіраюць толькі самыя добрыя словы, гаворачы аб сваім настаўніку, і запэўніваюць: на ўроках яны працу­юць так, што дома можна дадаткова не рыхтавацца. Таксама дзеці паведамілі, што ў гімназіі ёсць цікавая традыцыя: на кожнай лінейцы Віктар Уладзіміравіч трымае вялізны капялюш у руках, кожны выпускнік дакранаецца да яго і загадвае запаветнае жаданне, якое, несумненна, здзейсніцца. Ёсць у гэтым нейкае чараўніцтва, якое ўласціва не толькі героям школы Хогвартса з сусвету Гары Потэра, але і калінкавіцкім гімназістам.

Месцам сустрэчы з педагогам невыпадкова была выбрана майстэрня-лабаранцкая: тут пануе адметная атмасфера, якую ствараюць не толькі геаграфічныя карты, але і шматлікія дыпломы пераможцаў алімпіяды. “Настаўніцкая” таксама была заўважана ў кабінеце, газетная паласа нагадвае пра асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу пры вывучэнні геаграфіі. Акрамя таго, на пісьмовым стале акуратна сабраны вучэбныя дапаможнікі, якія, дарэчы, Віктар Лугавы распрацаваў сам. Педагагічны стаж Віктара Уладзіміравіча складае больш за 39 гадоў. Адвучыўшыся ў Бранскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.Р.Пятроўскага, ён працаваў настаўнікам у Стараюрковіцкай сярэдняй школе Любанскага раёна, а затым у сярэдняй школе № 9 Калінкавіч (цяпер гімназіі).

— Сучасныя дзеці зусім не матываваны на вывучэнне геаграфіі, ды яшчэ і неверагодна загружаны. Праблема нашага часу, як мне здаецца, у тым, што літаратуры, вучэбных дапаможнікаў па геаграфіі вельмі шмат, таму я прывёў усе звесткі ў адзіную канцэпцыю, распрацаваўшы блокавую сістэму класіфікацыі геаграфічнага матэрыялу, — паказваючы свае напрацоўкі, расказвае Віктар Лугавы. — Усё самае важнае і патрэбнае сабраў і сістэматызаваў, дзіцяці трэба толькі чытаць і запамінаць.

Такіх самаробных атласаў — скарбонак, у якіх сабрана ўся інфармацыя па мацерыках, акіянах, рэльефе, кожнай краіне, — няма больш нідзе ў Беларусі. Уласная распрацоўка педагога дазваляе даваць больш ведаў вучням і эканоміць час.

Здавалася б, зусім нядаўна былі падведзены вынікі рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, а педагог і вучні ўжо рыхтуюцца да наступнага інтэлектуальнага спаборніцтва, разбіра­юць заданні і аналізуюць іх.

— Трэцяе месца на рэспубліцы заняў дзевяцікласнік Уладзіслаў Пеляхаты. Дарэчы, алімпіяда гэтага года была больш складанай, чым у мінулым, — адзначае педагог. — У сваіх выхаванцах перш за ўсё цаню мэтанакіраванасць, вынаходлівасць, кемлівасць, лагічнасць мыслення і здольнасць да прагназавання — без гэтага нельга дасягнуць выніку.

Настаўнік перакананы, што менавіта геаграфія фарміруе ў хлопцаў і дзяўчат якасці і навыкі, якія заўсёды спатрэбяцца ў жыцці. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што і ў гімназістаў расце цікавасць да прадмета, бо дзеці ведаюць, што ў тандэме з настаўнікам яны змогуць многага дасягнуць.

— Цярпенне і любоў да дзяцей — галоўныя прынцыпы ў рабоце, якіх прытрымліваюся вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў, — падкрэслівае суразмоўнік. — Лічу, што кожнае дзіця цудоўнае. Такія ж выдатныя вынікі мае выхаванцы дэманструюць на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Напрыклад, мой вучань Андрэй Малашчанка на алімпіядзе ўзяў 7 дып­ломаў, а ў скарбонцы дзевяцікласніка Уладзіслава Пеляхаты іх ужо 5, спадзяюся, што разам мы паб’ём рэкорд папярэдняга вундэркінда. А яшчэ ў адукацыйную траекторыю паспяхова ўкараняю прынцып “роўны вучыць роўнага”: навучэнцы актыўна перадаюць сваім сябрам і аднакласнікам веды, якія дапамогуць ім пры засваенні матэрыялу.

З павагай ставяцца да Віктара Уладзіміравіча і выпускнікі розных гадоў, якіх ён падтрымліваў і накіроўваў па жыцці. На юбілей алімпіяднікі парадавалі любімага настаўніка, запісаўшы віншавальны відэазварот, а як заўзятаму рыбаку падарылі вуду. Зараз рыбалка будзе такой жа выніковай і багатай на ўлоў, як і алімпіядны рух пад кіраўніцтвам легендарнага педагога Віктара Лугавога.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара