Надзейнае плячо. Аб 16 настаўніцкіх парах расказвае летапіс Свірскай сярэдняй школы

- 15:09Учительский дуэт

Калі муж і жонка — калегі, добра гэта ці дрэнна? Гэта цудоўна! Асабліва, калі яны настаўнікі і тым больш калі разам працуюць у такой установе адукацыі, як Свірская сярэдняя школа Мядзельскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Свірская школа ўнікальная. Яна, напэўна, адзіная ў Беларусі, дзе адначасова працавалі 9 настаўніцкіх пар, а ўсяго школьны летапіс гэтай установы расказвае пра 16 дружных, творчых, яркіх сямейных дуэтаў.

Сённяшнія педагогі з цеплынёй прыгадваюць рускіх філолагаў Антона Іванавіча і Ніну Сямёнаўну Шыкаўцоў, спартыўна-матэматычную пару Міхаіла Піліпавіча і Таццяны Іванаўны Бельскіх, настаўніка музыкі Ула­дзіміра Трафімавіча Шаўцова і яго верную спадарожніцу жыцця настаўніцу матэматыкі Зою Іванаўну…

Памяць пра кожную настаўніцкую сям’ю беражліва захоўваецца не толькі ва ўспамінах былых вучняў і калег, але і ў вялікім школьным летапісе, створаным па ініцыятыве сённяшняга дырэктара Веры Аляксееўны Шукела. Асобны раздзел летапісу яна прысвяціла сем’ям педагогаў, бо цудоўна ведае, што такое настаўніцкая сям’я і чаму пра яе варта часцей расказваць.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце А.Р. Рыбалт знаёміць са школьным летапісам

— Жыццё настаўніка насычанае, адметнае, паколькі большая яго частка звязана са школай. У школе — кнігі, сшыткі, педсаветы, пасяджэнні, розныя пытанні. А дома настаўнікаў чакаюць іх уласныя дзеці, якія таксама патрабуюць увагі, ласкі, павагі. А яшчэ дома чакае другая палавіна. І як цудоўна, калі муж і жонка працуюць у школе, калі твайму каханаму чалавеку блізкія праблемы і клопаты школы, калі ён заўсёды зразумее цябе, падтрымае, — падзялілася Вера Аляксееўна.

Нескладана здагадацца, што гэтыя словы педагог сказала пра сваю сям’ю. Менавіта такім чалавекам, якому блізкія праблемы і клопаты школы, хто разумее і падтрымлівае Веру Аляксееўну, з’яўляецца яе муж настаўнік фізічнай культуры і здароўя Юрый Раманавіч Шукела.

Вялікі плюс настаўніцкага сямейнага дуэта, на думку Веры Аляксееўны, у магчымасці абмяркоўваць рабочыя пытанні, дзяліцца вопытам, ведамі.

— Па-іншаму не атрымліваецца ў настаўніцкіх сем’ях. У нас тэма школы заўсёды на першым месцы: раніцай, днём, вечарам, на выхадных. Работа дырэктара няпростая, таму мне патрэбна дапамога, у першую чаргу маральная. Да таго ж школа ў нас невялікая, у ёй толькі два мужчыны-педагогі — мой муж і настаўнік працоўнага навучання. Ім рэгулярна даводзіцца вырашаць справы, у якіх патрэбна мужчынская рука. Мы з Юрыем Раманавічам любім школу, аднак перыядычна стараемся пераключыцца на штосьці іншае. І гэтым “іншым” і для мяне, і для мужа, і для сына Рамана з’яўляецца спорт, турызм. Яшчэ ў нас агульнае захапленне — пасека і вялікі сад на прысядзібным участку. Ёсць у мяне і хобі, якое чамусьці прынята лі­чыць нежаночым, — рыбалка, — паведаміла суразмоўніца.

Пасля гэтых слоў проста не мог не пацікавіцца любімым відам рыбнай лоўлі і самым вялікім уловам. Як аказалася, Вера Аляксееўна аддае перавагу звычайнай паплаўковай вудзе. Для яе рыбалка — гэта магчы­масць адпачыць у цішыні на беразе вадаёма. А які атрымаецца ўлоў, ужо няважна. Нават калі дрэнна клюе — не бяда. Хаця такія выпадкі ў багатым на рыбу возеры Свір здараюцца вельмі рэдка. На вуду часцей за ўсё трапляюцца акунь, лешч, краснапёрка, плотка, якія потым або сушацца, або ідуць на гатаванне смачнай юшкі.

Гавораць, у жыцці не бывае выпадковасцей. Цалкам згодны з гэтай думкай. Ёсць штосьці сімвалічнае ў тым, што нашы героі ўпершыню сустрэліся каля будынка Сырмежскай школы, у якой тады (а гэта быў 1996 год) пасля заканчэння БДПУ працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры Вера Аляксееўна. Юрый Раманавіч на той момант быў вадзіцелем аўтобуса і пра настаўніцкі шлях не марыў. Але захапляўся спортам, паспяхова ўдзель­нічаў у розных спаборніц­твах, хоць профільнай спартыўнай адукацыі не меў.

На педагагічную сцяжыну яго, можна сказаць, падштурхнула Вера Аляксееўна. Па яе прапанове Юрый Раманавіч паступіў у БДУФК і ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары. Свірская школа, думаю, таксама гэтаму факту рада, бо ў многім дзякуючы нашаму суразмоўніку спорт у ёй падняўся на новы ўзровень. Многія з дыпломаў, якія вы бачыце на фотаздымку, заваяваны юнымі свірскімі спартсменамі.

Каманда Свірскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам Ю.Р.Шукелы за больш чым 20 гадоў яго работы ў гэтай установе адукацыі станавілася пераможцам і прызёрам раённых і абласных спаборніцтваў па валейболе, пляжным валейболе, баскетболе, настольным тэнісе, у “Снежным снайперы”, “Шкаліядзе” і інш. Самым значным дасягненнем настаўнік лічыць 2-е месца каманды дзяўчат Мінскай вобласці ў фінальных спаборніцтвах па валейболе рэспубліканскай спартакіяды ў 2019 годзе.

Здзіўляе нават не колькасць дыпломаў, медалёў, кубкаў. Неверагодна тое, што гэтыя дасягненні мае школа, у якой усяго 84 вучні.

— Невялікая колькасць навучэнцаў у школе — гэта не перашкода, каб годна выступаць на высокім узроўні. Канечне, прасцей сабраць каманду, калі ў школе, скажам, некалькі соцень дзяцей, тады і выдатных вынікаў дасягнуць лягчэй. Але зрабіць так, каб і некалькі дзясяткаў дзяцей выдатна авалодалі майстэрствам гульні, цалкам пад сілу, — падзяліўся настаўнік.

Калі для Юрыя Раманавіча штуршком для атрымання прафесіі педагога стаў прыклад жонкі, то ў выпадку Веры Аляксееўны значную ролю адыграла прафарыентацыйная работа, якая праводзілася ў Свірскай школе ў гады яе вучнёўства.

— У той час яшчэ не было педагагічных класаў, але мы, старшакласнікі, наведвалі з класным кіраўніком розныя школы раёна, дзе нам расказвалі пра асаб­лівасці настаўніцкай работы, праводзілі майстар-класы. Дзякуючы такім экскурсіям, я і зацікавілася педагогікай. Да таго ж у маёй радні быў добры прыклад — цётка Вера Аляксандраўна Бар­дзілоўская, якая працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў адной з мінскіх школ, і яе муж Станіслаў Канстанцінавіч, выкладчык Універсітэта грамадзянс­кай абароны МНС. Дарэчы, гэта ён захапіў нас пчалярствам. З дзіцячых гадоў у мяне закладвалася павага да прафесіі педагога. Думаю, невыпадкова і мой муж — настаўнік, — адзначыла суразмоўніца.

Турыстычны сезон не за гарамі. Для сям’і Шукела гэта самы любімы перыяд года, паколькі і Веру Аляксееўну, і Юрыя Раманавіча аб’ядноўвае не толькі педагогіка, але і любоў да спорту, турызму. У ліпені па традыцыі Юрый Раманавіч разам з вучнямі адправіцца ў дзевяцідзённы паход на Блакітныя азёры. І па традыцыі побач з ім будзе жонка. Дарэчы, даволі рэдкая з’ява — дырэктар школы ды ў турыстычным паходзе з вучнямі.

— Мне важна падтры­маць мужа, арганізаваць побыт перасовачнага палатачнага лагера. Тут я адчуваю сябе ўжо не кіраўніком, а толькі памочніцай, — па­дзялілася Вера Аляксееўна.

Цудоўна, калі муж і жонка не проста калегі-настаўнікі, а падтрымліваюць адно аднаго, маюць агульныя захапленні. Гэта, напэўна, і ёсць адзін з галоўных сакрэтаў сямейнага шчасця, прычым не толькі для педагогаў.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара