Як творчая дзейнасць пашырае межы і дае магчымасці для самарэалізацыі, ведаюць у Крывіцкай сярэдняй школе

- 9:00Главная, Образование

Таленавіты настаўнік матывуе, бо на ўласным прыкладзе дэманструе, як творчая дзейнасць пашырае межы і дае магчымасці для самарэалізацыі. У Крывіцкай сярэдняй школе Салігорскага раёна працуе крэатыўны педагагічны калектыў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Выстава іх работ уражвае разнас­тайнасцю мастацкіх кірункаў і нестандартнымі рашэннямі. Таццяна Разнічэнка, педагог дадатковай адукацыі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, вучыць дзяцей не проста маля­ваць. Яна развівае творчае мысленне і мастацкі густ сваіх навучэнцаў. Таццяна Аляксандраўна валодае такім каштоўным навыкам, як уменне бачыць і развіваць індывідуальныя здольнасці сваіх выхаванцаў, якія з задавальненнем малююць на паперы, кардоне, шкле і тканіне. Яны спрабу­юць сябе ў розных тэхніках. І ўсё для таго, каб навучыцца адчуваць мастацтва, спазнаць яго стваральную сілу.

На занятках у Таццяны Аляксандраўны пануе атмасфера гармоніі і радасці. Дзеці малююць, ціхенька перагаворваюцца і ствараюць. Адбываецца пра­цэс нараджэння новых малюнкаў, на якіх дзіцячае светаўспрыманне разбіваецца на колеры і формы. Іх засяроджа­насць і ўвага да дэталей здзіўля­юць. Навучэнцаў паглынае працэс, у аснове якога даверлівыя і паважлівыя адносіны. Зразумела, што такая атмасфера раскрывае дзіця і дапамагае яму зразумець свае здоль­насці. А гэта ў сваю чаргу спрыяе з’яўленню геніяльных творчых рашэнняў, якія атрымліва­юць узнагароды на конкурсах і выставах. Педагог з дзецьмі — частыя іх удзельнікі.

Алена Клішэвіч — настаўнік-дэфектолаг, настаўніца працоўнага навучання, якая вельмі любіць шыць. Сярод яе вырабаў прадметы адзення, хатняга тэкстылю, вышыўка. Цяпер Алена Сяргееўна захапілася пэчваркам. Вучаніцы з задавальненнем падзяляюць творчыя інта­рэсы настаўніцы.

Наталля Герасіменя, настаўніца працоўнага навучання і педагог-псіхолаг, таксама вялікая рука­дзельніца. Больш за ўсё яна любіць вышываць крыжыкам. Вышытыя ёй карціны ўражваюць як навучэнцаў, так і гасцей школы. Безумоўна, словы захаплення матывуюць і вучняў узяцца за нітку з іголкай.

Сваю калекцыю лялек-мотанак і сувенірных лялек прадставіла супрацоўніца школы Святлана Смольская. Лялька-мотанка мае старадаўнюю гісторыю, але Святлану Іванаўну натхніла ўнучка, якая папрасіла бабулю зрабіць беларускую ляльку. А паколькі бабуля чалавек творчы (займаецца бісерам, шмат шые і г.д.), то на адной ляльцы спыніцца не змагла. Атрымалася цэлая калекцыя — на радасць унучцы і калегам з вучнямі.

Творчы кірунак школы дапаўняюць педагогі і дзеці, якія спява­юць, ставяць танцавальныя нумары, выразна чыта­юць мастацкія творы. І, зразумела, творчы настрой перадаецца ўсім настаўнікам навучальнай установы.

У выніку хтосьці з іх імкнецца праяўляць сябе, ствараючы, напрыклад, прыгожыя кветкавыя кампазіцыі на тэрыторыі школы, або напаўняючы вучэбныя кабінеты наглядным вучэбна-выхаваўчым зместам, або займаючыся актыўнай грамадскай работай з дзецьмі. У прыватнасці, піянеры Крывіцкай школы на чале з педагогам-арганізатарам Святланай Купцовай расказалі пра ўсе свае грамадска значныя справы. А іх робіцца нямала: развіваецца валанцёрская дзейнасць, праводзяцца розныя святы, конкурсы, каб ніхто не застаўся без увагі.

Сувязь пакаленняў

Сэрцам школы з’яўляецца гісторыка-краязнаўчы музей “Спадчына”. Пра яго ролю ў духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні вучняў расказаў дырэктар навучальнай установы Ігар Хаміцэвіч. Сярод асноўных раздзелаў экспазіцыі музея “Ішла вайна народная”, “Гісторыя калгаса”, “Гісторыя школы”, “Гісторыя вёскі Крывічы”. У яго фондзе больш за 800 экспанатаў — прылады працы, прадметы побыту, фота, архіўныя дакументы, асабіс­тыя рэчы. Гісторыя вёскі Крывічы сыходзіць сваімі каранямі ў глыбокае мінулае. Яна ўпершыню згадваецца ў архіўных дакументах з 1606 года.

“Адным з ключавых раздзелаў нашага музея з’яўляецца той, што прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне і яе героям. У гады вайны жыхары вёскі аказвалі актыўнае супраціўленне ворагу. Многія ішлі ў партызаны, ваявалі на розных франтах. Ёсць сярод іх тыя, чые імёны ўпісаны ў гісторыю. Адзін з іх — генерал-маёр Іван Цімафеевіч Русак. Вядомай стала і сям’я патрыётаў Жарскіх, у якой выхоўвалася чацвёра дзяцей. Усе яны аддалі свае жыцці ў барацьбе за Радзіму. А ў гонар Марыі Жарскай, былой партызанкі, наз­вана адна з вуліц Крывічоў. Акрамя таго, яе імя но­сіць школьная піянерская дружына”, — адзначыў дырэктар.

Ігар Адамавіч засяродзіў увагу і на галерэі настаўнікаў Крывіцкай школы, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Шанаванне іх памяці выхоўвае ў цяперашняга пакалення навучэнцаў пачуццё павагі да педагагічнай прафесіі.

Не меншую цікавасць у наведвальнікаў школьнага музея выклікаюць стэнды, якія расказва­юць пра герояў мірнага часу, людзей, якія сваёй самаадданай працай рабілі нашу краіну квітнеючай. Вучні заўсёды ўглядаюцца ў фота на гэтых стэндах, на якіх ёсць іх ро­дзічы, дзяду­лі і бабулі. Як адзначыла кіраўнік музея Валянціна Белая, калі дзеці знаходзяць знаёмы твар, то адразу напаўняюцца пачуццём гордасці.

“Менавіта з гордасці за сваіх родных, любові да роднай зямлі пачынаецца патрыятычнае выхаванне ў нашай школе”, — адзначыла Валянціна Міхайлаўна.

Дзейнасць школьнага музея ў гэтым працэсе займае цэнтральнае месца, бо менавіта тут аб’ядноўваюцца пакаленні і фарміруюцца асноўныя духоўна-маральныя якасці. Дарэчы, у гэтым годзе Крывіцкай сярэдняй школе споўніцца 140 гадоў. Зразумела, музей папоўніцца новымі экспанатамі. Прынамсі, пошукавая работа не спыняецца і культурна-адукацыйная дзейнасць развіваецца.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА