Для навучэнцаў Вендаражскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза М.Я.Раманькова Магілёўскага раёна патрыятызм — не пусты гук. Мясцовыя дзеці добра ведаюць, з чаго пачынаецца Радзіма і чаму трэба берагчы гістарычную памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Такое выхаванне моладзі — заслуга педагогаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Згодна з дзяржаўным школьным стандартам, наша галоўная задача — даць дзецям якасную адукацыю. Аднак сёння на першы план выходзіць і выхаванне. Гэтаму напрамку мы ўдзяляем асаблівую ўвагу. Імкнёмся прывіваць вучням правільныя жыццёвыя каштоўнасці, высокія духоўна-маральныя арыенціры, гадаваць іх сапраўднымі патрыётамі, — адзначыў дырэктар Вячаслаў Арлоўскі.
Асаблівы ўпор педагагічны калектыў робіць на далучэнне дзяцей да захавання праўды аб Вялікай Айчыннай вайне. Тут перакананы: у сучасных рэаліях, калі многія факты скажаюцца, а гісторыю ў літаральным сэнсе спрабуюць перапісаць, гэта набывае выключную значнасць.
— У ваенныя гады вендаражская зямля перажыла мноства кровапралітных баёў, выгадавала нямала дастойных абаронцаў Айчыны. Мы неверагодна ганарымся тым, што імя аднаго з іх носіць школа. Міхаіл Раманькоў удзельнічаў у партызанскім руху, пасля быў камандзірам разліку станковага кулямёта. За баявую адвагу ў 19 гадоў яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, — паведаміў Вячаслаў Валянцінавіч.
Асоба Міхаіла Раманькова для вучняў — прыклад сапраўднага патрыятызму. Хлопчыкі і дзяўчынкі дасканала ведаюць біяграфію і ўсе подзвігі героя, вывучылі яго жыццёвы шлях, наладзілі цесную сувязь з нашчадкамі, разам з педагогамі аформілі асобны тэматычны стэнд пры школьнай музейнай экспазіцыі.
— Міхаіл Яўгенавіч Раманькоў — гэта чалавек-легенда. У баях ён праяўляў надзвычайную мужнасць, не шкадуючы сябе, ваяваў за свабоду роднай зямлі. Памятаць пра гэта — наш святы абавязак, бо, дзякуючы гераізму савецкіх салдат, мы зараз жывём у мірнай, квітнеючай краіне, — лічыць вучань 7 класа Міхаіл Кажамяка.
Вендаражскія навучэнцы шануюць усіх землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Пяць гадоў назад у навучальнай установе рэалізавалі маштабны патрыятычны праект — узвялі ўласную сцяну памяці.
— Вайна закранула кожную беларускую сям’ю. Аднак сведак таго жудаснага часу становіцца ўсё менш. Каб зберагчы памяць пра іх, і было прынята рашэнне стварыць манумент, — растлумачыў Вячаслаў Арлоўскі.
Ініцыятыва захапіла дзяцей, педагогаў і ўсіх жыхароў аграгарадка. Памятны мемарыял будавалі талакой. Важную справу падтрымалі прадпрыемствы і грамадскія арганізацыі раёна, неабыякавыя грамадзяне. Агульнымі намаганнямі быў узведзены абеліск, які стаў сімвалам абароны ад забыцця імён салдат-герояў.
Усяго на мануменце размясціліся 80 фотаздымкаў і кароткіх біяграфій. Гэтыя невялікія звесткі для многіх сталі спосабам увекавечыць памяць аб сваіх родных.
— На абеліску знайшоў сваё месца і партрэт майго дзядулі Сцяпана Сцяпанавіча Яфіменкі. Ён пайшоў на фронт дабравольцам, не раз быў адзначаны ордэнамі і медалямі. Усе гэтыя сямейныя рэліквіі я перадала ў школьны музейны куток. Калі заходжу сюды і бачу дзядулевы ўзнагароды, на вачах заўсёды мімаволі выступаюць слёзы, а ўнутраны голас шэпча: “Я памятаю, я ганаруся”, — падзялілася намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Савельева.
Не забываюць і навучэнцы. Дзеці паднялі архівы, знайшлі праўдзівую інфармацыю аб продках, якія ваявалі, і цяпер радуюцца, што сямейная памяць будзе жыць. Школьнікі рэгулярна падыходзяць да мемарыяла, расказваюць адно аднаму пра сваіх дзядоў і прадзедаў, іх франтавыя дарогі і ўклад у перамогу.
Дзеці дасканала вывучаюць не толькі гераічныя ўчынкі савецкіх салдат, але і зверствы фашысцкіх захопнікаў. У перыяд акупацыі на тэрыторыі Вендаражскага сельскага Савета мела месца мноства фактаў генацыду мірнага насельніцтва. Самая жахлівая трагедыя звязана з вёскай Дубінкай.
— За дапамогу партызанам фашысты сагналі ўсіх жыхароў у калгаснае гумно, якое потым падпалілі. Дубінка паўтарыла лёс Хатыні. У агні загінулі 186 чалавек, большасць з іх — жанчыны і дзеці… Выратавацца ўдалося толькі Аляксандры Пятроўскай. Тады яна была трохгадовай дзяўчынкай, і мама змагла выштурхнуць яе з ахопленага полымем будынка. Аляксандра Ціханаўна ў дэталях памятае той дзень. А мы заўсёды слухаем яе з заміраннем сэрца: складана зразумець, як такое ўвогуле магло адбыцца, — расказала вучаніца 9 класа Валерыя Мякшанава.
Памяць пра бязвінна загінуўшых жыхароў Дубінкі ў навучальнай установе таксама берагуць. Вучні ўзялі шэфства над ветэранам, добраўпарадкоўваюць мемарыял, а яшчэ стварылі макет спаленай вёскі, які быў прызнаны лепшым на абласным творчым конкурсе.
— Работа была карпатлівай і аб’яднала ўсю школу. Тэхнічныя работнікі змайстравалі з мантажнай пены аснову, а пасля дзеці з пластыліну, кардону і іншых падручных матэрыялаў узнаўлялі даваеннае аблічча Дубінкі. Атрымалася вельмі жыццёва. На макеце раскінуліся дамы вяскоўцаў, яблыневы сад, возера, ферма. На вуліцы займаюцца гаспадаркай дарослыя, гуляюць дзеці. У адно імгненне з-за жорсткасці гітлераўцаў усяго гэтага не стала. І гэта не адзіны выпадак генацыду ў Вендаражскім краі. Навучэнцам неабходна ведаць гэтыя факты, каб дакладна ўсведамляць: падобнае ніколі не павінна паўтарыцца, — запэўніла Святлана Савельева.
Важна, што ваенную гісторыю вендаражскія школьнікі вывучаюць не толькі ў тэорыі, але і праз практычную дзейнасць. Ва ўстанове ёсць пошукавая група “Аўрора”. Пад кіраўніцтвам настаўніка хіміі і біялогіі Андрэя Турэмскага навучэнцы даследуюць базы даных, выязджаюць на раскопкі.
— Атрад узнік цалкам на цікавасці і энтузіязме вучняў. За школай замацавана добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў па ўсім сельсавеце. Неяк прапанаваў дзецям адправіцца ў знакавы паход. Мы прайшлі пешшу 22 кіламетры і наведалі 14 мемарыялаў. Гэтая вандроўка пакінула ў сэрцах дзяцей глыбокі след. Вынікамі падарожжа сталі даследчая работа, адзначаная на рэспубліканскім узроўні, і стварэнне пошукавай групы “Аўрора”, — заўважыў педагог.
Пошукавая група функцыянуе ва ўзаемадзеянні з вядомым у рэгіёне пошукавым клубам “ВІККРУ”. Хлопцы і дзяўчаты ўжо восем разоў былі задзейнічаны ў вахтах Памяці, актыўна дапамагалі вяртаць з небыцця імёны байцоў Чырвонай Арміі.
— Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне дазваляе адчуваць сувязь з нашымі вытокамі, таму праз розныя формы і метады работы перадаём гэтую памяць маладому пакаленню, — падкрэсліў дырэктар Вячаслаў Арлоўскі. — Робім усё магчымае, каб у будучыні дзеці, як і мы, казалі: “Пра тую страшную вайну мы не забудзем! Пра тых, хто цаной жыцця заваяваў перамогу, мы будзем памятаць вечна!”
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара