Педагогі і навучэнцы гімназіі № 1 Свіслачы па крупінках збіраюць інфармацыю пра падпольшчыцу Пашу Васіленка

- 11:32Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Гімназія № 1 Свіслачы носіць імя камсамолкі-падпольшчыцы Пашы Васіленка. Гісторыю жыцця мясцовай дзяўчыны, якая загінула, калі была не нашмат старэйшай за сённяшніх старшакласнікаў, тут ведае кожны вучань. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пошукавая работа захапіла ўсіх

— Гераічны лёс нашай зямлячкі пякучым болем адгукаецца ў сэрцы кожнага навучэнца, — падкрэсліла дырэктар гімназіі Святлана Фёдараўна Гірэй. — Была праведзена вялікая работа па даследаванні жыцця і ўвекавечанні яе памяці. Пачалося ўсё ў мінулым годзе з рэалізацыі праекта вучняў 4 “А” класа, якія вывучалі вуліцы роднага горада, названыя ў гонар герояў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Іх аказалася сем, у тым ліку імя П.Васіленка і М.Урбановіча, кіраўніка падпольнай арганізацыі, якую пасля яго расстрэлу ўзначаліла Паша. У гэтай рабоце вельмі дапамаглі траюрадная пляменніца Пашы Наталля Васільеўна Леванчук, сваякі з Калінінграда. Вельмі мала гістарычных звестак, нават разыходзяцца даты нараджэння і смерці, але мы прынялі за аснову інфармацыю сваякоў, а не кніжныя крыніцы. Атрымалі адказ з архіва пра тое, што Паша Васіленка ўзнагароджана медалём “За адвагу”. І сёння гімназія з гонарам носіць яе імя.

На працягу 2023 года навучэнцы і педагогі гімназіі таксама прымалі ўдзел у патрыятычных акцыях, правялі даследаванне “Героі Дабравольскага падполля”, падрыхтавалі прэзентацыю “Памяці героя вартыя”. Навучэнцы 5—10-х класаў прынялі ўдзел у працоўнай Вахце памяці “Подзвіг у камені і бронзе” па добраўпарадкаванні помнікаў ваеннай гісторыі на праваслаўных могілках Свіслачы. Вучні 7 класа наведалі магілу Пашы Васіленка ў аграгарадку Дабраволя.

Старшакласнікі старанна вывучалі матэрыял пра жыццё і подзвіг падпольшчыцы, а затым прадставілі яго на тэматычным стэндзе, стварылі відэапрэзентацыю “Жыццё як подзвіг”. Навучэнцы 6 класа на тэматычных інфармацыйных і класных гадзінах “Маленькія героі вялікай вайны”, “Каб памяталі”, “Іх імёны ў гісторыі Свіслацкага раёна” з кніг, газетных артыкулаў, інтэрнэт-крыніц даведваліся пра сваіх землякоў. Дзеці па крупінках збіралі пра іх інфармацыю. Вынікам гэтай работы стала афармленне ў бібліятэцы тэматычнай выставы “Памятаем! Ганарымся! Шануем!”. Там прадстаўлены матэрыялы пра падполле і партызанскі рух у Беларусі ў гады вайны. Але асабліва запамінальным для педагогаў і навучэнцаў стала наведванне сваячкі Пашы Васіленка Наталлі Васільеўны Леванчук, якая жыве ў Поразаве.

Уклад у вялікую справу

Сёння ва ўстанове адукацыі вядзецца работа па падрыхтоўцы да святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Валанцёрскі атрад арганізаваў правядзенне акцыі “Малы ўклад у вялікую справу” па навядзенні парадку на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Асілак”, помнікаў і месцаў пахавання загінуўшых воінаў і партызан.

Педагогі і навучэнцы беражліва даглядаюць яблыневы сад, які быў закладзены ў гонар 65-годдзя вызвалення Беларусі. Гэтай вясной чарговы раз зацвілі яблыні, пасаджаныя 15 гадоў назад дзецьмі разам з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.

З мэтай папаўнення экспазіцыі гімназічнага музея гісторыі адукацыі Свіслацкага раёна рэалізуецца праект “Педагогі-ветэраны Вялікай Айчыннай вайны”, у рамках якога настаўнікі, навучэнцы і бацькі збіраюць гістарычныя звесткі пра ўдзельнікаў вайны.

Адна з экспазіцый музея будзе прысвечана Пашы Васіленка. Гімназісты ўдзельнічаюць у рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае”. Вядзецца збор інфармацыі аб жыцці, подзвігах і ўзнагародах воінаў-землякоў. Таксама навучэнцы гімназіі правялі даследаванне, вынікам якога стала інтэрактыўная кніга памяці “Ветэран у маёй сям’і”. Звесткі ў ёй дапоўнілі навучэнцы і педагогі школы № 19 расійскага горада Ельца, а таксама гімназіі Шчучына.

На працягу 15 гадоў у гімназіі дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб “Заране”. Старшакласнікі займаюцца пошукава-даследчай работай і далучаюць да яе іншых гімназістаў.

— Абавязак педагогаў — не забываць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, выхоўваць моладзь на іх прыкладзе, — падкрэсліла дырэктар гімназіі.

Адважная падпольшчыца

Родам Праскоўя Васіленка (у сям’і яе звалі Паша) з вёскі Дабраволя, што на Свіслаччыне. У 1939 годзе ўступіла ў камсамол. У 1940-м скончыла школу трактарыстаў і першай у раёне сярод дзяўчат асвоіла нялёгкую мужчынскую прафесію. Браты Міхаіл і Уладзімір успаміналі, што Паша была вельмі стараннай, доўга сядзела за кнігамі, заўсёды дапамагала таварышам, была чулай і спагадлівай.

З першых дзён акупацыі яна змагалася з ворагам. Каб трактар не дастаўся фашыстам, яна і яе сябры закапалі яго ў зямлю. У Дабраволі была арганізавана падпольная камсамольская брыгада пад кіраўніцтвам Мішы Урбановіча. У яе ўвайшла і Паша Васіленка. Камсамольцы дапамагалі пакінутым у акружэнні байцам, дастаўлялі лекі і прадукты харчавання, збіралі зброю, распаўсюджвалі лістоўкі. Але пра іх дзейнасць даведаліся фашысты. У канцы ліпеня 1941 года кіраўнік падпольнага руху быў пакараны. Разам з Міхаілам ад рук ворага загінулі і іншыя падпольшчыкі.

Затым дабравольскую падпольную арганізацыю ўзначаліла Паша Васіленка. Каб не выклікаць падазрэння, Паша ўладкавалася працаваць кухарам у нямецкую сталовую, якая размяшчалася ў будынку сельскай школы. Там жа знаходзіўся варожы гарнізон. Ёй удавалася хаваць частку прадуктаў і перадаваць партызанам. Яна прыслухоўвалася да размоў гітлераўцаў і самую каштоўную інфармацыю перадавала ў дыслацыраваную ў лесе недалёка ад вёскі партызанскую групу. Шмат разоў Паша папярэджвала партызан аб карных аперацыях. Разам з дзяўчынай трымалі сувязь з партызанамі яе бацька, брат Аляксей і дзядзька Іван Васіленка.

Вечарамі адважная камсамолка з вузельчыкам у руцэ спяшалася на хутар Рэпішча. Па ўспамінах аднавяскоўцаў, там жылі тры савецкія лётчыкі, якія ўцяклі з палону. Іх сустрэў у лесе бацька Пашы і схаваў на хутары. Трэба было пераправіць лётчыкаў да партызан, але пакуль не было магчымасці. Дзяўчына, рызыкуючы жыццём, прабіралася на хутар пакарміць байцоў. Каб не выклікаць падазрэнняў, лётчыкаў наведвалі па чарзе то Паша, то яе брат Аляксей, бацька ці дзядзька Іван.

Аднойчы ў вёсцы з’явіліся двое незнаёмых. Яны выдавалі сябе за акружэнцаў і хацелі наладзіць сувязь з партызанамі. Аднойчы яны падышлі да хутара Рэпішча. Але лётчыкі загаварылі з імі па-нямецку. Незнаёмцы разгубіліся, падумалі, што нарваліся на такіх жа правакатараў. Не маючы зброі, савецкія афіцэры двое сутак жылі разам і па чарзе вартавалі незнаёмцаў, калі прыходзіла Паша. Нарэшце, Цімафею Іванавічу ўдалося звязацца з партызанскім атрадам імя Цімашэнкі. На хутар ён прывёў партызан, яны абяззброілі незнаёмцаў і разам з лётчыкамі павялі ў лес. Па дарозе правакатарам удалося збегчы. А праз некалькі дзён вёску акружылі немцы і арыштавалі сям’ю Васіленка. У адной машыне сядзеў адзін з уцекачоў, ён быў апрануты ў нямецкую форму. Два тыдні катавалі фашысты патрыётаў, але ні Паша, ні яе бацька не выдалі месцазнаходжанне партызан.

У адзін з лістападаўскіх дзён 1943 года нямецкія каты правялі патрыётаў праз усю вёску, на шыі ў іх віселі таблічкі “Мы дапамагалі партызанам”. Увечары Цімафея Іванавіча, яго брата Івана, Аляксея і Пашу Васіленка немцы павесілі ў цэнтры вёскі на дубе. Для застрашвання насельніцтва сагналі на пакаранне ўсіх жыхароў Дабраволі. Яны бачылі, як Паша ішла на шыбеніцу без ценю страху. Немцы некалькі дзён не давалі аднавяскоўцам здымаць павешаных, але аднойчы ноччу іх удалося пахаваць. Так загінулі, не схіліўшы галовы перад ворагам, дабравольскія патрыёты. З усёй вялікай сям’і засталіся ў жывых Міхаіл, Уладзімір і іх мама, але і яна неўзабаве памерла. Толькі пра лёс Паўла ніхто нічога не ведаў. Праз шмат гадоў Міхаіл адшукаў брацкую магілу, дзе быў пахаваны Павел Васіленка. Ён загінуў у 1944 годзе.

Прайшоў час, але подзвіг Пашы, яе братоў і бацькі не забыты. У 1965 годзе Паша Васіленка пасмяротна была ўзнагароджана медалём “За адвагу”. Яе імем названы вуліцы ў Свіслачы і вёсцы Дабраволя. Імя камсамолкі-падпольшчыцы ў 2023 годзе прысвоена гімназіі № 1 Свіслачы. Зараз вядзецца работа па стварэнні мемарыяльнай дошкі, якая будзе размешчана на фасадзе ўстановы адукацыі.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі