Усе дзеці родныя. Алена Даськова са Свіслацкага раёна выгадавала чацвёра сваіх дзяцей і ўжо 11 прыёмных

- 12:08Новости

У доме Алены Міхайлаўны Даськовай у вёсцы Ханявічы Свіслацкага раёна заўсёды гучыць дзіцячы гоман. Жанчына выгадавала чацвёра сваіх дзяцей і ўжо 11 прыёмных. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Як роднае, Алена Міхайлаўна прытуляе да сябе кожнае дзіця, якое апынулася ў цяжкім становішчы. А сын Мікалай падтрымаў жонку Паліну, якая таксама выгадавалася ў прыёмнай сям’і, і яны сталі прыёмнымі бацькамі. Вось так дзіўна пераплёўся лёс. Але што тут дзіўнага, калі ў гэтай сям’і заўсёды выхоўвалі дзяцей у любові і клопаце.

Алена Даськова са звычайнай савецкай сям’і. Нарадзілася ў Казахстане, бо бацькі ў 50-я гады мінулага стагоддзя паехалі падымаць цаліну, у іх было шасцёра дзяцей. У 1980 годзе вярнуліся ў родную Беларусь і дзяўчынка пайшла ў 7 клас Ханявіцкай школы. Пасля яе заканчэння хацела паступіць у Слонімскае медвучылішча, але не атрымалася. Спачатку працавала ў калгасе на свінагадоўчым комплексе, потым у цялятніку, усяго 20 гадоў. Выйшла замуж. У сям’і нарадзіліся тры сыны і дачка. Але лёс не быў да жанчыны міласцівы. Не стала мужа. Пахавала дваіх сыноў.

Органы апекі раёна прапанавалі Алене Даськовай узяць пад апеку дзіця, цёзку па проз­вішчы Антона, а хутка пасля гэтага і аформіць статус прыёмнай сям’і.

— Параілася з дзецьмі, яны сказалі, што расці ў сям’і лепш, чым у дзіцячым доме, і падтрымалі мяне, — расказвае жанчына. — Узяла на выхаванне васьмігадовага Антона. Праз нейкі час у сям’і з’явіўся чатырохгадовы Уладзік, такі разумны, усё яму было цікава. Затым двухгадовая Ліза, 5 гадоў у мяне была, пакуль яе апякункай не стала родная цётка. Так пакрыху і пайшло… Маргарыта, Каця, Юльяна, Дзіма, Ксюша, Рома. З месяца ў мяне Вова, цяпер яму 9 гадоў. Ён мне як родны, нават не ўяўляю жыцця без яго, ён застанецца ў мяне да 18 гадоў. Разам з Вовам яшчэ зусім нядаўна былі Максім, Карына і Ягор, у сакавіку яны вярнуліся да сваіх бацькоў.

Мінула 18 гадоў, як Алена Даськова ўзяла на выхаванне першае дзіця. Раз’ехаліся яе выхаванцы па ўсёй краіне. Хто вярнуўся да сваіх бацькоў, некаторых усынавілі ці ўзялі пад апеку родныя. Ці ўспамінаюць добрым словам дні, праведзеныя ва ўтульнай хаце з добрай жанчынай, якую ўсе яны звалі мамай? Маленькія, магчыма, і не памятаюць, але Алена Міхайлаўна стараецца адсачыць лёс кожнага, гаворыць, ёсць жа інтэрнэт, ды і многія не раз’ехаліся далёка.

— Калі ў сям’ю першым увайшоў Антон, мае дзеці спачатку раўнавалі, бо ён стаў называць мяне мамай, гаварылі нават, што я люблю Антона больш, чым іх, — успамінае жан­чына. — А я ім тлумачыла, што яму таксама хочацца мець маму. Я ўсіх аднолькава люблю, ніколі не дзяліла і не дзялю дзяцей на чужых і сваіх, яны ўсе мае. Каго б мне ні далі, яны ўсе мае. А вось аддаваць вельмі цяжка, прывязваюся да іх. Стараешся не прыкіпаць, але ўсё роўна прыкіпіш усім сэрцам. Вова з дзяцінства ў мяне, калі кладзецца спаць, гаворыць: “Мама, добрай ночы, салодкіх сноў”. І іншыя дзеці за ім паўтараюць. Ён у школу не пойдзе, не пацалаваўшы мяне, бывае, з паўдарогі вернецца, калі забыўся. Адпраўляю ў школу, дык яны мяне па чарзе цалуюць, сустракаю — зноў, як да роднай адносяцца, перажываюць за мяне, асабліва Вова. Дапамагаюць, што ім па сілах, у сваім пакоі прыбірацца — гэта іх абавязак.

Алена Даськова багатая на ўнукаў, у яе іх чацвёра. Двое жывуць у Ханявічах праз дом, адзін — у Гродне і самая малодшая — у Свіслачы. Як на святы ўсе збяруцца, хата гудзіць… І месца ўсім хапае.

Сын Мікалай падтрымаў жонку Паліну, калі яна таксама выказала жаданне выхоўваць дзяцей. На той час у сям’і ўжо была маленькая дачка. Хутка год, як Паліна працуе з дзецьмі. На выхаванні ў яе былі хлопчык і дзяўчынка, нядаўна іх усынавілі. Цяпер пад апекай трохгадовая Оля.

— Я сама з трох гадоў выхоўвалася ў прыёмнай сям’і, — расказала Паліна Даськова. — Магчыма, пайшла ў гэтую прафесію, бо разумею, наколькі цяжка такім дзецям без баць­коў. Вырашыла дапамагаць дзецям-сіротам, каб у іх таксама была добрая сям’я, дзе іх любяць, чакаюць дома, дзе пра іх клапоцяцца. Заўважыла: як бы ты ні адносіўся да гэтых дзяцей і ні ствараў ім добрыя ўмовы, яны ўсё роўна цягнуцца да біялагічных бацькоў.

Як пацвердзіла галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства аддзела адукацыі Свіслацкага райвыканкама Ніна Рудоміна, органы апекі імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб вярнуць дзяцей у сем’і. Але калі дзеткам з небяспечных сем’яў прыходзіцца чакаць, пакуль бацькі возьмуцца за розум, вельмі патрэбны добрыя апекуны.

— Алена Міхайлаўна Даськова ніколі не адмовілася ні ад аднаго дзіцяці, яе не трэба ўгаворваць, — расказала Н.В.Рудоміна. — Таму вялікі дзякуй Алене Міхайлаўне, вельмі цэнім яе за гэта.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара