Якім быць сучаснаму класнаму кіраўніку, расказаў настаўнік гісторыі Дзмітрый Даўгуненка

- 14:00Классный классный

Дзмітрый Даўгуненка скончыў гістарычны факультэт БДУ, магістратуру і прыйшоў працаваць настаўнікам гісторыі ў мінскую сярэднюю школу № 191 імя І.П.Паромчыка. Пазней яго прызначылі класным кіраўніком у адзін з 5­-х класаў, і вось ужо чацвёрты год ён займаецца гэтай працай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

За аснову свайго класнага кіраўніцтва Дзмітрый Мікалаевіч узяў вопыт сваіх калег і асабісты творчы запал.

Высокі статус

— Як вы ацэньваеце ролю класнага кіраўніка сёння? Ці маюць у ім патрэбу сучасныя дзеці?

Успамінаючы сваю школу, сваіх настаўнікаў, класных кіраўнікоў, магу яшчэ раз пацвер­дзіць высокі статус у грамадстве настаўніцтва, класнага кіраўніка, іх аўтарытэт і значнасць у адукацыі, у навучанні і выхаванні дзяцей, у фарміраванні ў іх адказнасці і дысцыпліны. Сёння гэтыя напрамкі застаюцца непахіснымі. Але ж змяненні, безумоўна, ёсць. Пад уплывам сучасных тэхналогій, інтэрнэту, усяго наваколля мяняецца наш менталітэт, мяняемся мы і нашы дзеці. Такія змены ўплываюць на развіццё педагагічнай дзейнасці. Ідзе пошук новых форм работы і ў класным кіраў­ніцтве. Нязменным застаецца тое, што сённяшняе дзіця мае патрэбу ў тым, каб тры­маць руку дарослага чалавека і ісці з ім побач. Паколькі дзеці значную частку свайго жыцця праводзяць у школе, то місія такой падтрымкі ўскладзена на педагога, перш за ўсё класнага кіраўніка. І не важна, у якім класе вучыцца дзіця, яму патрэбна апора класнага, які падкажа далейшыя дзеянні, крокі па жыцці, шляхі выйсця з нейкай сітуацыі, вырашыць узніклую праб­лему, акажа псіхалагічную дапамогу, падтрымае ў цяжкую хвіліну.

Класны кіраўнік выступае ў ролі вектара ва ўзаемадзеянні з кіраў­ніцтвам навучальнай установы, бацькамі, іншымі зацікаўленымі асобамі і структурамі. Класны кіраўнік — тая асоба, без якой дзейнасць навучальнай установы немагчыма ўявіць, асаб­ліва ў пачатковай школе, калі дзіця толькі-толькі прыйшло вучыцца, адарвана ад сям’і. Таму падтрымка тут вельмі важная. У старшых класах дзеці яшчэ недастаткова сталыя, яшчэ не дарослыя і не сфарміравалі сябе як асобу, не сталі самастойнымі. Ім таксама цяжка абысціся без падтрымкі дарослага, класнага кіраўніка, каб самастойна рухацца наперад.

— Як пачыналася ваша класнае кіраўніцтва? Што найбольш запомнілася?

— Дзяцей майго класа я вяду чацвёрты год, яны васьмікласнікі. Пачынаў з імі, калі яны перайшлі ў 5 клас. Мала таго, што класнае кіраўніцтва для мяне было ўпершыню, яшчэ і год выдаўся няўдалы. Гэта быў посткавідны перыяд. Некаторыя дзеці з-за пандэміі не наведвалі школу па 6—7 месяцаў, бо вучыліся дыстанцыйна, таму ў школу яны прыйшлі разбалансаваныя, неадаптаваныя да вучэбнага працэсу. Прыходзілася тра­ціць шмат часу, каб настроіць іх на дысцып­ліну, сабранасць, бо пераход ад пачатковай да старшай школы вельмі складаны. 7 клас лічу таксама няпростым. У гэтым узросце адбываецца актыўнае фізічнае і ра­зумовае развіццё, якое суправа­джаецца гарманальным усплёскам, зменлівасцю эмацыя­нальнага фону, агрэсіяй і, як кажуць, процістаяннем усяму свету. Трэба прыклад­ваць шмат сіл, каб рэгуляваць гэты стан школьніка, каб ён праходзіў найменш балюча. Не заўсёды гэта ўдаецца. Бывае, гэты перыяд праходзіць у лёгкай форме, а бывае, што ў імпульсіўна-актыўнай.

— Спраўляецеся?

Напрошваецца ў такі пе­рыяд прымяненне да дзіцяці больш жорсткага падыходу, хочацца настойліва дыктаваць яму, як сябе паводзіць, і не саступаць у сваім меркаванні. Але ж я праверыў на практыцы і аддаю перавагу гнуткай, камунікабельнай пазіцыі. Прымяняю індывідуальны падыход да кожнага вучня, улічваю пры гэтым асаблівасці яго развіцця, характэрныя якасці, якія ў большасці ўжо сфарміраваліся, і перш-наперш яго псіхалагічны склад. Калі дзіця — інтраверт, засяроджана на ўнутраным свеце, негаварлівае, не адкрытае да навакольных, то з ім цяжка нала­дзіць кантакт, прымусіць адказваць на ўроку. У такім выпадку трэба шукаць іншыя спосабы ўзаемадзеяння. Я, напрыклад, даю такому вучню заданне падрыхтаваць даклад на тую ці іншую тэму і зачытаць на ўроку перад класам. Часцей за ўсё гэта ў вучня атрымліваецца, я ўхваляю яго за выкананую работу. У адказ бачу, як ён расслабіўся, яго задаволены твар. У дзіцяці павышаецца самаацэнка, расце аўтарытэт сярод равеснікаў, яно адчувае сябе больш упэўненым і ў далейшай вучобе дасягае высокіх вынікаў. І такія рысы характару трэба закладваць, развіваць у дзіцяці менавіта ў гэтым узросце, да 13 гадоў.

У паважлівых адносінах

— Як бачна, вы ўмееце наладжваць кантакт з дзецьмі. Да кожнага знаходзіце аса­бісты падыход?

— Імкнуся да плённага ўзаема­дзення са сваімі выхаванцамі, але ж яны не заўсёды адназначна на гэта рэагуюць. Для аднаго вучня лічыцца нармальным, што настаўнік хоча мець з ім добрыя адносіны, а другі можа палічыць, што класны хоча яго “раскусіць”, даведацца пра яго таямніцы, таму не хоча паказаць, што ён такі прос­ты, адкрыты, і шукае шляхі, каб яшчэ больш закрыцца і быць недатыкальным. Лічу, што трэба балансаваць, улічваць асаблівасці асобы кожнага дзіцяці, і іншы раз лепш маў­чаць, чым гава­рыць. Вучань кінуў рэпліку, напрыклад, а ты ў адказ прамаўчаў. Такі падыход таксама выхоўвае, не дае маніпуляваць табой. Камусьці здасца, што маўчанне дэманструе сла­басць, маўляў, не маўчаць трэба, а даць адпор, даказаць сваю праўду. Але для мяне аптымальны выхад — умелае лавіраванне, прыняцце дзяцей такімі, якія яны ёсць. Да кожнага дзіцяці ёсць свая сцяжынка, трэба яе шукаць, памыляцца, але не здавацца, хаця лягчэй ісці агульнай пратаптанай дарогай. Таму лічу вельмі важным уменне знаходзіць падыход да кожнага, я гэтаму вучуся і спадзяюся, што ў мяне атрымліваецца.

— Ніколі не хацелася павы­сіць голас?

— Павысіць голас, раздражніцца — гэта паказаць перад дзецьмі сваю слабасць. Спакойны, лагодны тон размовы — мой асноўны прыём. Ён дае магчымасць умацоўваць адносіны, разважліва ставіцца да любой сітуацыі і нарошчваць да сябе павагу і давер. Я стаўлюся да сваіх выхаванцаў не як да дзяцей, а як да дарослых, паважаю іх як асобу і лічуся з іх памкненнямі. Яны гэта адчува­юць і вельмі шануюць. Асабліва гэта заўважна, калі звяртаюся да іх на вы. Магчыма, мяне хтосьці з калег не падтрымае, але я лічу, што гэта дзяцей не толькі падкупляе — гэта іх раскрывае. Такія паважлівыя адносіны выклікаюць у іх шчырасць і адкрытасць. Паважлівае стаўленне да дзяцей вядзе да такіх жа адносін з іх боку да класнага кіраўніка.

— Ці трэба захоўваць мяжу ў адносінах паміж дзецьмі і педагогам?

— Субардынацыя паміж настаўнікам, класным кіраўніком і дзіцем павінна быць захавана, як было спрадвеку. Заўсёды педагога ўспрымалі з вялікай павагай, кожнае яго слова было як закон. Але цяпер мы маем іншае пакаленне дзяцей. Грань паміж дзіцем і педагогам сціраецца. Некаторыя лічаць, што гэта нармальна, бо дасягаецца роўнасць у зносінах. Я не згодны.

Калі вучань не будзе адчу­ваць розніцу паміж ім і дарослым, то будзе сцірацца пачуццё павагі да старэйшага пакалення, што мы, на жаль, назіраем у рэчаіснасці: у быце, транспарце, калі састу­піць месца старэйшаму чалавеку стала ў маладзёжным асяроддзі ўжо дрэнным тонам. Не закладзём у школе паважлівае стаўленне да настаўніка, да дарослага чалавека — потым гэта будзе цяжка выправіць. Калі асоба дзіцяці на школьным этапе фарміруецца правільна, то ў далейшым вучань вырасце сапраўдным чалавекам і грамадзянінам. Нормы паводзін трэба абавязкова прагаворваць, вучыць ім, але не дапускаць панібрацтва.

Я займаюся лёгкай атлетыкай. Паміж мной і маім трэнерам М.М.Цыбульскім вялікая розніца ва ўзросце. Мы вельмі сябравалі, многа часу право­дзілі разам, было шмат таго, што нас аб’ядноўвала. У жыцці, спорце мы былі вельмі зродненыя. Але субардынацыя існавала. Я заўсёды помніў, што я вучань, а ён мой трэнер. Так было і калі я займаўся музыкай. Мой музычны кіраўнік Л.В.Ляліна мне шмат чаго адкрыла новага, навучыла бачыць прыгожае ў музыцы, наваколлі, у людзях. Яна была намнога старэйшая за мяне, але, не зважаючы на ўзрост, мы сталі блізкімі людзьмі. Аднак грань паміж намі існавала, якая падзяляла мяне, пачынаючага музыканта, і музыканта-прафесіянала. Бо найперш яна мой музычны кіраўнік, мой педагог. І такой пазіцыі прытрымліваюся да гэтага часу.

“Усё пачынаецца з любові”…

— Ці ўплывае на класнае кіраўніцтва той прадмет, які выкладаеце?

— Гісторыя — вельмі цікавы прадмет. Ён дазваляе развіваць логіку ў дзяцей, гаворку, дае шмат гістарычнай інфармацыі, дазваляе па-асабліваму паставіцца да мінулага. Сучасныя дзеці часта не ўмеюць выказ­ваць свае думкі, не мо­гуць выбраць тую інфармацыю, якая ім падаецца. А дэфіцыту інфармацыі сёння няма. Ёсць дэфіцыт яе аналізу, і дзеці не ўмеюць распаз­наць карысную, патрэбную. На ўроку гісторыі, класных гадзінах вучу дзяцей выбіраць галоўнае ў інфармацыйным полі, умець яго выказваць уголас, рас­казваць іншым. Я размаўляю з дзецьмі, выкарыстоўваючы прыёмы для развіцця мыслення на прыкладзе свайго прадмета. Ма­дэль дыялогу праз прадмет выбудоўваю і на пазакласных мерапрыемствах. Калі ў дзіцячым калектыве ўзнікае канф­ліктная сітуацыя і трэба нала­дзіць адносіны паміж тымі ці іншымі вучнямі, выкарыстоўваю прыклады гістарычных падзей, знаходжу прычыны праблемы, якая ўзнікла. Дзеці пачынаюць уключацца ў абмеркаванне, шукаць выйсце з сітуацыі. Я магу мець сваю пазіцыю, сваё меркаванне ў тым ці іншым выпадку, але мая задача — прывесці сітуацыю да кампрамісу. Пры гэтым бывае, што нельга адсту­паць і ісці на повадзе, нельга даваць сабой маніпуляваць, а трэба праявіць цвёрдасць характару, каб дзеці адчувалі тваю пазіцыю.

Разам мы наведваем славутыя месцы Мінска і яго наваколля, добраўпарадкоўваем помнікі на магілах герояў вайны. Гэта дазваляе сфарміраваць правільны светапогляд. Праводзім шэраг іншых акцый.

— Як супрацоўнічаеце з бацькамі?

— Зваротная сувязь наладжана па тэлефоне альбо ў чаце. Мы звязваемся, я даю інфармацыю, бацькі ў курсе ўсіх падзей. Право­дзім бацькоўскія сходы, створаны бацькоўскі камітэт: на яго пасяджэннях дзялюся дакладнай інфармацыяй, усё па сутнасці, каб не расцяг­ваць і берагчы час бацькоў. Большасці бацькоў, а гэта наш касцяк, не абыякавы лёс іх дзяцей, дзейнасць школы. Яны самі імкнуцца нала­дзіць зносіны з педагогамі, класным кіраўніком, а мы са свайго боку наведваем сем’і, наладжваем сяброўства. Разам з бацькамі праводзім сумесныя ўнутрышкольныя мерапрыемствы і тым самым набываем саюзнікаў сярод бацькоў, якія будуць умацоўваць разам з педагогамі аўтарытэт школы. Бацькі з задавальненнем наведваюць факультатыў па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні, актыўна ўдзельнічаюць у “Фестывалі сям’і”.

— Што для вас самае важнае ў класным кіраўніцтве?

— Актыўны рух, пастаянны асобасны рост, імкненне быць у цэнтры тых падзей, якія адбываюцца вакол. Класны кіраўнік павінен ісці ў нагу з часам, быць сучасным ва ўсіх сэнсах. Твой вобраз уплывае на вобраз тваіх дзяцей, і важна не толькі, як ты апрануты, а і як ты размаўляеш, як сябе паво­дзіш і г.д.

Дзеці імкнуцца пераймаць, таму трэба быць для іх прыкладам. Важна быць эрудзіраваным, выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі, чытаць літаратуру, цікавіцца навінкамі, вывучаць методыку навучання і выхавання, нарматыўную прававую базу. Класны кіраўнік не павінен адставаць ад дзяцей. Яны сёння ў тэме па многіх пытаннях, і тут важна быць у трэндзе, а зна­чыць, захоўваць лідарства.

Для мяне быць класным не абавязак, не нагрузка. Гэта неад’емная частка маёй педагагічнай працы. Безумоўна, мая работа патрабуе моцнага эмацыянальнага ўздыму, душэўных узрушэнняў. Гэтая работа, калі ты шчыра ёй аддадзены, не абмежавана рэгламентам, яна — тваё жыццё. Я доўга думаў над сваім прафесійным выбарам, а калі выбраў настаўніц­тва, вагаўся, ці змагу працаваць у школе. Зразумеў гэта канчаткова на прыкладзе свайго бацькі-педагога. Ён любіў дзяцей, а гэта і ёсць аснова асноў педагагічнай працы. Я таксама магу з упэўненасцю сказаць, што лейтматывам маёй працы з’яўляюцца словы “Усё пачынаецца з любові”. Яна мяне мацуе, бадзёрыць, дае сілы і натхненне дзеля маіх выхаванцаў.

 Ала КЛЮЙКО