Настаўніца Алена Святловіч з Воранаўскага раёна знаходзіць шлях да кожнага дзіцячага сэрца

- 13:08Классный классный

Калі шасцікласнікам Алены Іосіфаўны Святловіч з Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна прапанавалі сфатаграфавацца з класным кіраўніком, яны забыліся пра падрыхтоўку да наступнага ўрока і, абганяючы адно аднаго, імкнуліся апынуцца бліжэй да настаўніцы… Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Усяго адзін кадр падказаў тэму будучага матэрыялу. А дыялог педагога з вучнямі адразу пасля нядоўгай фотасесіі толькі пераканаў у тым, што сённяшняя гераіня публікацыі не іначай як “класны класны”.

Свой шлях у прафесію больш за трыццаць гадоў назад яна пачала настаўніцай пачатковых класаў і, кажучы педагагічным слэнгам, зайшла ўжо на трэці круг пасля пераходу ў старшае звяно школы. Сёння Алена Іосіфаўна вядзе дарогай ведаў дарагіх сэрцу шасцікласнікаў.

— Кожны новы круг — гэта бура эмоцый. Адных шкада адпускаць, другіх вельмі хвалююча набіраць, каб разам пачаць шлях удасканалення. Бо кожны новы набор не падобны да папярэдняга, і перад настаўнікам ён ставіць задачу пошуку новых падыходаў і методык работы, — пачынае размову Алена Іосіфаўна.

Яна адзначае, што на парозе старшай школы дзецям вельмі важна адчуць сябе дарослымі. З мінулага года своеасаблівым білетам у гэтую даросласць для яе вучняў стала шэфства над ветэранам педагагічнай працы Янінай Канстанцінаўнай Рахманавай.

— Усяму класу добра знаёмы яе адрас, бываем там не толькі з віншавальнай місіяй, але і для таго, каб дапамагчы, — знаёміць з вопытам пазакласнай работы суразмоўніца.

Практычна поўным складам яе клас задзейнічаны ў школьным узорным ансамб­лі танца “Радунскія салавейкі”. Частка дзяцей удзельнічае ў алімпіядным руху сярэдняга звяна, і кожны без выключэння праяўляе сябе ў піянерскім руху.

— Сама ўвесь час у руху і дзяцей на­цэльваю на адпаведныя адносіны да ўсяго, — тлумачыць Алена Іосіфаўна.

Дарэчы, некалькі гадоў назад яна абагульніла свой вопыт работы і прадставіла яго на абласным конкурсе творчых лабараторый класных кіраўнікоў “Разам да поспеху!”. Сярод педагогаў Прынямоння наша суразмоўніца стала лепшай.

У 2022 годзе разам са сваёй вучаніцай яна была запрошана на рэспубліканскае свята выпускнікоў у Маладзечне і ўзнагароджана падзячным лістом Міністэрства адукацыі.

З цікавасцю Алена Іосіфаўна ўдзельнічала са сваімі выхаванцамі ў абласным інавацыйным праекце “Класная сямейка”. Гэта былі сумесныя сходы з бацькамі і дзецьмі, трэнінгі з псіхолагам і абмеркаванне ўсімі ­ўдзель­нікамі дыялогу сацыяльна значных тэм і ролікаў у месенджарах і не толькі.

—  Інфармацыйныя тэхналогіі сучасныя дзеці заўсёды ўспрымаюць на ўра. Многае ва ўзаема­дзеянні з імі раб­лю з упорам на гэта. Так, у 2009 годзе пачалі здымаць першыя відэасюжэты для школьных навін. Кожны тыдзень да агульнашкольнай лінейкі мы рыхтавалі школьныя навіны, розныя тэматычныя праекты. Прыемна ўсведамляць сёння, што гэтае пачынанне стала адным з зыходных пунктаў стварэння ў нашай школе сучаснага медыяцэнтра, — па­дзялілася настаўніца.

Алена Іосіфаўна знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Яна прымала актыўны ўдзел у рэалізацыі чатырох інавацыйных праектаў, у метадычных выездах, педагагічных семінарах і фестывалях на ўзроўні раёна, вобласці і рэспублікі. Сёння яна з’яўляецца кіраўніком школьнага і раённага метадычных аб’яднанняў класных кіраўнікоў. З мінулага года добрай падмогай у гэтай справе для яе стаў распрацаваны ва ўстанове адукацыі сайт “Класны ўсенавуч”, дзе можна знайсці ўсё — ад нарматыўных дакументаў да цікавых распрацовак педагогаў Радунскай сярэдняй школы. Дарэчы, гэтая інтэрнэт-пляцоўка ў дапамогу класным кіраўнікам не так даўно заняла 3-е месца ў абласным конкурсе.

— На віртуальнай пляцоўцы прахо­дзяць своеасаблівыя дыстанцыйныя педсаветы, якія прадугледжваюць у тым ліку зваротную сувязь з удзельнікамі дыялогу, — тлумачыць Алена Іосіфаўна.

Яна ўпэўнена, што класнае кіраўніц­тва — гэта не толькі пра работу падчас інфармацыйных і класных гадзін. Настаўніца падарожнічае са сваімі вучнямі па Гродзенскай вобласці, арганізуе велапрагулкі разам з баць­камі і далучае хлопчыкаў і дзяўчынак да сумеснай праектнай дзейнасці.

Класны кіраўнік вельмі патрабавальная да сябе, а таксама да вучняў, калі справа тычыцца засваення яе прадмета.

— Праз час мае выпускнікі ўспаміна­юць урокі рускай мовы і літаратуры з падзякай. На нядаўнім вечары сустрэчы выпускнікоў было прыемна чуць ад іх “дзякуй, што былі такія строгія да нас”, — прызнаецца Алена Іосіфаўна.

У яе практыцы ёсць прыклады, калі вучань пайшоў па слядах настаўніка. Так, адна з выпускніц Кацярына Семся сёння працуе настаўніцай пачатковых класаў у Лідзе.

— Вельмі доўга яна сумнявалася, выбіраючы паміж журналістыкай і педагогікай. Добра памятаю яе званок на парозе прыёмнай камісіі. Яна патэлефанавала з пытаннем, адказ на якое для мяне быў відавочны: ісці ў педагогіку!

Яшчэ дзве выпускніцы Алены Іосіфаўны сёння вучацца на педагагічных спецыяльнас­цях. Абедзвюх на працягу доўгага часу настаўніца запэўнівала, што бачыць іх толькі ў педагогіцы.

— Эфектыўнасць работы класнага кіраўніка ацаніць вельмі складана. Тут няма ацэнкі ступені засваення матэрыялу, не маюць вырашальнага значэння нават балы ЦЭ і ЦТ. Галоўны экзаменатар тут — час. Толькі ўсведамленне таго, якімі людзь­мі сталі твае выпускнікі, становіцца падставай пахваліць сябе або не, — дзеліцца разважаннямі Алена Іосіфаўна.

Цяжка не пагадзіцца з гэтай думкай. Сувязь класнага кіраўніка з вучнямі не абрываецца ў дзень іх апошняга школьнага званка. Са слоў кіраўніцтва ўстановы адукацыі, выпускнікі нашай суразмоўніцы — заўсёды самая шматлікая каманда кожнага вечара сустрэчы выпускнікоў.

— Многія рэчы збоку бачацца больш выразна. Як кіраўнік магу сказаць, што Алена Іосіфаўна з той катэгорыі педагогаў, якія ў кожнае дзіця ўкладваюць душу, — падхоп­лівае размову дырэктар школы Святлана Пачобут.

На пытанне, ці ганарыцца наш класны класны сваімі вучнямі, Алена Іосіфаўна адказвае без ваганняў: “Канечне!” А на аналагічнае пытанне ў дачыненні да выпускнікоў з дрыжаннем у голасе прамаўляе:

— Іх тэлефонныя званкі для мяне — гэта проста ўсё!

 Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара