Лепшых дырэктараў школ вызначылі на Магілёўшчыне

- 16:10Новости

Актыўныя, творчыя, ініцыятыўныя… Такія дырэктары ўзначальваюць школы Магілёўшчыны. У гэтым можна было пераканацца на абласным фестывалі “Лідар адукацыі”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Правядзенне гэтага фестывалю ўжо стала добрай традыцыяй. Мерапрыемства заўсёды выклікае вялікую цікавасць у кіраўнікоў навучальных устаноў. Сёлета фэст аб’яднаў каля 100 удзельнікаў з розных куткоў рэгіёна, — паведаміў рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі старшыня журы Міхаіл Жудро.

 

Кожнае выступленне пераконвае: пасада дырэктара для канкурсантаў не проста работа, а лад жыцця

Спачатку канкурсанты праходзілі раённыя этапы. Потым іх чакаў адборачны тур, які вызначыў васьмёрку фіналістаў. Імі сталі дырэктар сярэдняй школы № 45 Магілёва Уладзімір Маціеўскі, дырэктар гімназіі № 1 Бабруйска Ганна Шаціла, дырэктар сярэдняй школы № 3 Клімавіч Уладзімір Шупранаў, дырэктар гімназіі Глуска Сяргей Сяргееў, дырэктар Александрыйскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна Кацярына Пятроўская, дырэктар сярэдняй школы № 4 Касцюковіч Віктар Сідарэнка, дырэктар сярэдняй школы № 1 Чавус Таццяна Пагадзіцкая і дырэктар Дараганаўскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Жанна Пінчук.

Лепшыя кіраўнікі публічна абаранялі інавацыйны праект і прадстаўлялі сваю формулу поспеху. Кожнае выступленне было шчырым і крэатыўным. Канкурсанты ўспаміналі свой шлях у педагогіку, разважалі аб тым, якімі якасцямі і рысамі характару павінен валодаць лідар, дзяліліся жыццёвымі прынцыпамі.

Прагучала шмат цікавых меркаванняў. Напрыклад, дырэктар сярэдняй школы № 45 Магілёва Уладзімір Маціеўскі параўнаў кіраўніка навучальнай установы з дырыжорам.

— Дырэктару, як дырыжору, трэба ўлічваць здольнасці ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу, умець спрагназаваць, накіра­ваць, размеркаваць персанальныя абавязкі. Важна таксама правільна арганізаваць калектыў. Нашы педагогі працуюць добрасумленна і заўзята, таму школе сёння ёсць чым ганарыцца. У нас выбудавана выдатнае прадметна-развіццёвае асяроддзе для раскрыцця патэнцыялу дзяцей. Вучні рэгулярна праяўляюць сябе ў алімпіядным руху, творчасці, спорце. У гэтым годзе шасцёра навучэнцаў сталі пераможнамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, дзе­вяць вучняў і два настаўнікі з’яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Але самае важнае, што выпускнікі выхо­дзяць са школы дастойнымі грамадзянамі і патрыётамі, — паведаміў Уладзімір Маціеўскі.

Пераможца фестывалю дырэктар гімназіі № 1 Бабруйска Ганна Шаціла

Меркавання аб тым, што галоўнае для кіраўніка — калектыў аднадумцаў, прытрымліваецца і дырэктар гімназіі № 1 Бабруйска Ганна Шаціла. Яна ўпэўнена: згуртаванасць і адзінства поглядаў многае вырашаюць.

— Як лідар заўсёды бяру на сябе адказнасць, праяўляю асабістую ініцыятыву, вяду за сабой. Аднак працуем з калектывам камандай, разам ставім мэты і крочым да іх рэалізацыі. Дзякуючы ўзаемаразуменню, дасягненні ў гімназіі ёсць па ўсіх напрамках дзейнасці. Прычым асаблівая мая гордасць — педагогі. За апошні час яны істотна павысілі сваё прафесійнае майстэрства, на конкурсе “Настаўнік года” пастаянна ёсць лаўрэаты як на абласным, так і на рэспубліканскім узроўні. Праяўляюць сябе і маладыя кадры, рэгулярнымі сталі іх перамогі ў рэгіянальным фестывалі “Прызванне — педагог”, — расказала Ганна Шаціла.

Паспяхова функцыянуе сёння і сярэдняя школа № 1 Чавус. Установа — адукацыйна-асветніцкі цэнтр горада, вучні перамагаюць у алімпіядах, творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. У гэтым вялікая заслуга дырэктара Таццяны Пагадзіцкай.

— Складнікі поспеху даволі простыя: якасць, камфорт і камандная работа. Педагогаў лічу сваёй асноўнай падтрымкай і сэр­цам школы. Для навучання дзяцей у нас створаны камфортныя і бяспечныя ўмовы. Гэта дазваляе паказваць высокую ­якасць адукацыі. Школа на працягу шэрага гадоў на перадавых пазіцыях у раёне. Але ў творчым пошуку мы не спыняемся, развіваемся, укараняем перадавыя адукацыйныя інструменты і практыкі, бо перакананы, што будучыня — не нейкае эфемернае паняцце, а нашы дзеці, якія хутка будуць ствараць новыя рэаліі, — адзначыла Таццяна Пагадзіцкая.

Не менш цікавыя думкі выказ­валі і астатнія фіналісты. Яны запэўнівалі прысутных у тым, што пасада дырэктара для іх не проста работа, а лад жыцця.

— Усе канкурсанты сапраўды лідары адукацыі. Яны паказалі сябе выключнымі прафесіяналамі, здольнымі эфектыўна вырашаць задачы, якія стаяць перад сучаснай сістэмай адукацыі. Прадэманстраваны вопыт бу­дзе акумуляваны і распаўсю­джаны, каб такія мадэлі кіравання ўкараняліся ў іншых навучальных установах, — падкрэсліў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Лашкевіч.

Што да вынікаў фестывалю, то пераможцам назвалі дырэктара гімназіі № 1 Бабруйска Ганну Шаціла. Дыпломы лаўрэатаў атрымалі дырэктар сярэдняй школы № 45 Магілёва Уладзімір Маціеўскі, дырэктар сярэдняй школы № 1 Чавус Таццяна Пага­дзіцкая, дырэктар гімназіі Глуска Сяргей Сяргееў і дырэктар сярэдняй школы № 3 Клімавіч Ула­дзімір Шупранаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара