Святаслаў Буяк: каб выхаваць патрыёта, трэба пачынаць з малога — таго кавалачка зямлі, дзе чалавек нарадзіўся і вырас

- 14:03Уроки мужества

Члены ваенна­-патрыятычнага клуба “Мужнасць”, які дзейнічае ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна, рыхтуюцца прыняць удзел у Вахце Памяці ў межах рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае”, якая пройдзе 9 мая ў раённым цэнтры. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Паказальныя выступленні клубаўцаў, падчас якіх праводзіцца агляд строю і песні, сталі тут добрай традыцыяй. Аднак сёлетняе мерапрыемства для вучняў больш адказнае і хвалюючае — краіна адзначае свята Перамогі і 80-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму генеральнай рэпетыцыяй для сцяганосных груп стане ўдзел у мітынгу-рэквіеме на плошчы роднага пасёлка, дзе ўстаноўлены помнік воіну-вызваліцелю.

Члены клуба прынялі актыўны ўдзел у правядзенні адзінага ўрока, прысвечанага Дню Перамогі. Яны расказвалі аб падзеях вайны, подзвігах салдат, партызан і падпольшчыкаў, аб тых, хто быў загнаны ў фашысцкае рабства, закатаваны ў гета і канцлагерах. Вучні разважалі пра гераічную спадчыну нашага народа як неабходны складнік гістарычнай памяці, пра адказнасць за мір на Зямлі, важнасць захавання паважлівых адносін да мінулага.

— Вельмі важна, што напярэдадні свята школьнікі могуць дакрануцца да гісторыі. Беларусь помніць і ўшаноўвае подзвіг загінуўшых і жывых, вядомых і безы­менных беларусаў — салдат Вялікай Айчыннай вайны, партызан і падпольшчыкаў, тых, хто працаваў у тыле. Беларусь цэніць Вялікую Перамогу, якая аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў, колькі б часу ні прайшло. Мы верныя гэтай памяці, якая захоўваецца ў кожным доме, у кожнай сям’і, — адзначае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Галіна Хілімончык.

Да святкавання Дня Перамогі ў школе быў арганізаваны цыкл мерапрыемстваў: конкурс інсцэніраванай патрыятычнай песні “Песня ў салдацкім шынялі”, выстава творчых работ “Аб той вайне, аб той Перамозе” ў межах міні-праекта “Няхай памяць сэрца гаворыць”. Навучэнцы ўстановы прынялі ўдзел у чэленджы “80 дзякуй”, у раённым інтэрнэт-праекце “Марафон Вялікай Перамогі”, дзе сабралі інфармацыю пра земляка — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Іосіфа Філідовіча, знялі відэатрэйлер пра героя.

Ігар Данільчык, дырэктар школы: Галоўнае — вырасціць дастойнага чалавека, грамадзяніна, якому неабыякавы лёс краіны. Не ўсе выхаванцы клуба звяжуць сваё жыццё з ваеннай справай, але патрыётамі можна быць у любым месцы, на любой пасадзе. Клуб дае ім адпаведную падрыхтоўку, закладвае разуменне многіх важных рэчаў.

На ўсіх мерапрыемствах клубаўцы ў першых радах. У склад клуба ўваходзяць 15 навучэнцаў 9—11-х класаў. А ўзначальвае яго кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Святаслаў Буяк.

Дзейнасць клуба накіравана на фарміраванне патрыятычнай свядомасці вучняў, гатоўнасці да службы ва Узброеных Сілах, прафарыентацыю. Школьнікі вывучаюць і даследуюць гісторыю малой радзімы на аснове мясцовага краязнаўчага матэрыя­лу (дарэчы, у школе дзейнічаюць тры музеі: гісторыка-краязнаўчы, краязнаўчы і музей лесу), займаюцца пошукам і ўвекавечваннем імён загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, наладжваннем кантактаў з роднымі ўдзельнікаў ваенных падзей, добраўпарадкаваннем тэрыторый мемарыяльных комп­лексаў, абеліскаў, помнікаў, магіл, аказаннем шэфскай дапамогі ветэранам і інш.

— У клуб ідуць перш за ўсё для самаразвіцця — адчуць сябе сапраўднымі абаронцамі сваёй краіны і сям’і, асвоіць прыёмы абароны і аказання медыцынскай дапамогі. На занятках дзеці вучацца нормам паво­дзін, дысцыпліне, адказнасці і ўпэўненасці ў сваіх сілах. Ствараюцца спрыяльныя ўмовы для іх сацыялізацыі і выяўлення лідарскага патэнцыялу. Некаторых школьнікаў у клуб прыводзіць непадробленая цікавасць: яны хочуць больш даведацца пра воінскія будні і зразумець, ці варта звязваць з гэтай сферай дзейнасці сваю будучыню. Юнакі і дзяўча­ты займаюцца прыкладнымі відамі спорту, знаёмяцца са службай і побытам у воінскіх часцях, з грамадзянскімі прафесіямі. Нала­джана цеснае ўзаемадзенне з вайсковымі часцямі Гродна, Баранавіч, — расказвае Святаслаў Буяк.

Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні праводзіць практыкумы, майстар-класы па ўдасканаленні дзеянняў удзельнікаў сцяганосных груп. Дарэчы, журналісты падчас рабочай паездкі мелі магчымасць убачыць паказальныя выступленні клубаўцаў па страявой падрыхтоўцы. Старшакласнікі радавалі вока ваеннай выпраўкай, спецыяльнай формай, пашытай, дарэчы, пры падтрымцы райвыканкама, цвёрда чаканілі крок.

Асаблівы след у душы клубаўцаў пакідаюць урокі мужнасці, якія звычайна праводзяцца ў школьным музеі “Шляхамі продкаў”. Так, вялікі эмацыянальны водгук выклікалі ўрок, які праводзіўся ў межах дэкады “Афганістан у лёсах нашых землякоў”, і ўрок “Дзеці вайны” да Міжнароднага дня вызвалення вязняў канцлагераў.

З вялікай цікавасцю школьнікі ажыццяўляюць пошукавую і даследчую работу. Зусім нядаўна яны займаліся зборам матэрыялаў пра выпускнікоў школы — афіцэраў Узброеных Сіл нашай краіны, а ў межах акцыі “Іх імёны на нашым абеліску” шукалі інфармацыю пра ваеннаслужачых, пахаваных у брацкай магіле.

Дае плён і работа па падрыхтоўцы навучэнцаў да конкурсаў і злётаў ваенна-пат­рыятычных клубаў. Так, у адкрытым рэгіянальным злёце ваенна-патрыятычных класаў і клубаў “Эстафета мужнасці — 2023” вучні заваявалі дыплом ІІІ ступені. Дыпломам ІІІ ступені адзначаны навучэнцы і на ваенна-спартыўным злёце ў межах абласнога героіка-патрыятычнага праекта “Памяці героя верныя”.

Святаслаў Буяк упэўнены: каб выхаваць патрыёта, трэба пачынаць з малога — таго кавалачка зямлі, дзе чалавек нарадзіўся і вырас, з яго гісторыі, з помнікаў і мемарыя­лаў, якія знаходзяцца побач. І на канкрэтных прыкладах, у тым ліку і на асабістым, выхоўваць моладзь. Калі ветэран, які жыве побач, або відавочца тых альбо іншых па­дзей асабіста раскажа пра тое, што перажыў, дзеці ўспрымуць гэта зусім па-іншаму. Такія простыя ісціны больш зразумелыя школьнікам.

Вынікам работы, якая праводзіцца ва ўстанове, з’яўляецца паступленне вучняў на ваенныя факультэты УВА, а таксама адкрыццё на базе школы раённага рэсурснага цэнтра “Традыцыйныя і сучасныя формы грамадзянскага і ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў”. Святаслаў Буяк ахвотна дзеліцца са сваімі калегамі вопытам работы па рэалізацыі праекта “Шматвектар­насць грамадзяніна і патрыёта”, у межах якога распрацаваны электронны рэсурс “Адкрытая віртуальная тэрыторыя ПРО_Беларусь”. Святаслаў Уладзіміравіч плануе стварыць для кіраўнікоў па ваенна-патрыя­тычным выхаванні інфармацыйны партал “Ваенрук”, які ахопіць усе напрамкі работы гэтай катэгорыі педагогаў і дазволіць дэманстраваць найбольш эфектыўныя практыкі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА