Дырэктар Бараўлянскай гімназіі: кіраўнік не павінен спыняцца ў сваім развіцці, ён павінен  паказваць прык­лад іншым

- 15:01Интервью

На працягу апошніх пяці гадоў Бараўлянская гімназія прызнаецца лепшай у Мінскім раёне. Пра ўнікальнае адукацыйнае асяроддзе, значнасць профільных класаў і інавацыі карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала дырэктар установы адукацыі Валянціна Вінічэнка.

— Валянціна Іванаўна, пачнём са знаёмства з вамі. Якім быў ваш шлях у педагогіку?

— У педагогіку я прыйшла таму, што ў мяне быў перад вачамі выдатны прыклад старэйшай сястры. Калі я вучылася ў школе, яна ўжо працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Гле­дзячы на яе, мне хацелася быць такой жа: вучыць дзяцей, выхоўваць у іх павагу да сваёй Радзімы, гісторыі, асобы чалавека.

Нікога не здзівіла, калі пасля школы я паступіла ў Лоеўскае педагагічнае вучылішча, скончыўшы
якое па размеркаванні прыйшла ў Бараўлянскую сярэднюю школу. У ёй працавала 18 гадоў настаўніцай пачатковых класаў, а пасля зай­мала пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. У гэты ж перыяд скончыла сённяшні гістарычны факультэт БДПУ. Дырэктар Бараўлянскай сярэдняй школы Уладзімір Георгіевіч Маркін стаў для мяне ўзорам кіраўніка. Менавіта ў яго я вучылася стылю кіраўніцтва, паважліваму стаўленню да калег і вучняў, уменню ўзаемадзейнічаць з бацькамі.

У 2012 годзе мяне прызначылі дырэктарам Дубаўлянскай ся­рэд­няй школы, а са студзеня 2014 года ўзначальваю Бараўлянскую гімназію.

— За час работы на паса­дзе кіраўніка вам удалося са­браць у гімназіі каманду прафесіяналаў. На ваш погляд, поспехі педагогаў уплыва­юць на матывацыю навучэнцаў?

— Сёння калектыў Бараўлянскай гімназіі — гэта не проста каманда прафесіяналаў. Гэта каманда аднадумцаў. Я ганаруся кожным педагогам, які ў нас працуе, і з упэўненасцю магу сказаць, што нам удалося сабраць лепшых настаўнікаў. Поспехі педагогаў аказваюць толькі станоўчы ўплыў на матывацыю дзяцей.

Настаўнік, які любіць свой прадмет і выкладае яго з цікавасцю і энтузіязмам, паказвае прыклад і падштурхоўвае навучэнцаў да інтэлектуальнай актыўнасці.

Калі педагог стварае спрыяльную атмасферу ў класе, то тым самым дапамагае навучэнцам спраўляцца з эмацыянальным стрэсам.

Што тычыцца выніковасці работы калектыву і поспехаў навучэнцаў, то найбольш яскрава пра гэта раскажуць вынікі ўдзелу ў прадметных алімпіядах і турнірах. Так, сёлета на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды ў нас было 18 дыпломаў: 5 — І, 8 — ІІ і 5 дыпломаў ІІІ ступені. З заключ­нага этапу нашы разумнікі прывезлі 5 дыпломаў. Дыпломы II і ІІІ ступеней у алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры заваявалі навучэнкі Ганны
Пацэль. Вучні настаўніцы біялогіі Алены Пілецкай, настаўніцы геаграфіі Ірыны Каурынай і настаўніцы матэматыкі Алы Шабан прывезлі ў гімназію з заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды дыпломы ІІІ ступені. На V Міжнародным турніры юных матэматыкаў каманда, якую рыхтавала Ала Браніславаўна Шабан, заваявала сярэбраны медаль, а падчас XII абласнога міні-турніру юных матэматыкаў “Праектуй. Даследуй. Вырашай” яе вучні атрымалі дыплом II ступені.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры І.П. Емяльянава

На абласным конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў гімназістаў, якіх рыхтавалі Жанна Макарава і  Арына Гаўрыленка, дып­лом I ступені. На Пляханаўскай алімпія­дзе школьнікаў па англійскай мове нашы вучні сталі абсалютнымі пераможцамі, а з рэспубліканскага турніру “Мастацтва палемікі” прывезлі 2-е месца.

Мы ганарымся, што за гады існавання гімназіі навучэнцы заваявалі 770 дыпломаў прадметных алімпіяд рознага ўзроўню, з якіх 641 — на другім этапе, 129 — на трэцім і 37 дыпломаў на заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, а таксама 2 дыпломы на міжнароднай алімпіядзе.

За 30 гадоў работы гімназіі 186 яе выпускнікоў атрымалі медалі: 44 сярэбраныя і 142 залатыя. Дзейнасць адміністрацыі і педагагічнага калектыву накіравана на павышэнне якасці і эфектыўнасці адукацыйнага працэсу, фарміраванне інтэлектуальнага, маральнага і творчага патэнцыялу асобы, здольнай да самаразвіцця і самарэалізацыі. Мы з педагогамі імкнёмся да таго, каб стварыць умовы для развіцця індывідуальных здольнасцей кожнага навучэнца. Арганізацыя адукацыйнай дзейнасці будуецца на прынцыпова новых матывацыйных механізмах і ў мэтах самаразвіцця асобы вучня і педагога.

— На якіх прынцыпах ва ўстанове будуецца метадычная работа?

— У гімназіі створана шмат­узроўневая сістэма работы, якая дазваляе выбудоўваць індывідуальную траекторыю для кожнага педагога, маладога спецыяліста. Сабраць настаўнікаў усіх разам, каб чамусьці навучыць, складана. А стварыць прадукт і даць педагогам час на навучанне — магчыма і рэальна.

Галоўнай адметнасцю метадычнай работы ў гімназіі з’яўляецца дакладнае планаванне праз дыягностыку цяжкасцей. Бараўлянская гімназія імкнецца да таго, каб ісці ў нагу з часам, і сёння я магу сказаць, што ў нас гэта атрымліваецца.

— Сярод профільных кірункаў у гімназіі значыцца мытны. Што вывучаюць у такім класе? Якія перавагі будуць у тых, хто з пераліку профіляў выбера менавіта гэты?

— Мытны клас быў адкрыты ў гімназіі ў 2021 годзе на падставе дагавора аб супрацоўніцтве з Мінскай цэнтральнай мытняй. Што тычыцца зместу падрыхтоўкі, то навучэнцы вывучаюць на павышаным узроўні матэматыку і англійскую мову, а ў свабодны ад вучобы час для іх арганізоўваюцца экскурсіі ва УВА — на факультэт міжнародных адносін БДУ (кафедра “Мытная справа”), у Дзяржаўны інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў мытных органаў, мытную лабараторыю.

Нашы вучні знаёмяцца з выкладчыкамі кафедры кіналогіі, наведваюць мытню аэрапорта. Але, напэўна, найбольш прыемны бонус — гэта магчымасць паступіць па мэтавым накіраванні ў БДУІР на спецыяльнасці, звязаныя з праграмаваннем.

— Якое значэнне ў развіцці гімназіі належыць інавацыйным праектам?

— Без прафесійнага развіцця і самаўдасканалення няма добрага настаўніка, таму мы стараемся пастаянна ўдзельнічаць у інавацыйных праектах. Школа павінна ісці ў нагу з часам. Менавіта інавацыйная і праектная дзейнасць заклікана павысіць эфектыўнасць адукацыйнага працэсу, раскрыць унікальныя здольнасці кожнага дзіцяці, сфарміраваць у яго навыкі, якія адпавядаюць актуальным запытам грамадства.

На працягу апошніх гадоў у гімназіі былі рэалізаваны 3 рэспубліканскія інавацыйныя праекты. Сёння мы працуем над чацвёртым — “Укараненне мадэлі ваенна-патрыятычнага выхавання вучняў у адкрытай адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі”.

Мэта праекта заключаецца ў стварэнні арганізацыйна-педагагічных умоў, якія забяспечва­юць эфектыўнасць ваенна-патрыятычнага выхавання ў працэсе ўзаема­дзеяння з сацыяльнымі інстытутамі, дзяржаўнымі грамадскімі аб’яднаннямі, сацыяльнымі парт­нёрамі, праз стварэнне і ўкараненне праграм аб’яднанняў па інтарэсах ваенна-патрыятычнага кірунку.

— Як педагогі гімназіі будуюць узаемаадносіны з бацькамі навучэнцаў?

— Супрацоўніцтва з бацькамі — гэта адзін з самых складаных напрамкаў педагагічнай дзейнасці. З самага пачатку навучання дзіцяці ў школе педагогі і бацькі павінны стаць адзіным калектывам. Важна, каб бацькі былі не проста назіральнікамі, а актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Мы працуем, кіруючыся дэвізам “Дзейнічаем разам”. І сям’я, і мы, педагогі, вучымся ра­зам з дзецьмі, працуем, адпачываем і, безумоўна, сумесна вырашаем праблемы, якія тычацца выхавання і вучэбнага працэсу.

На мой погляд, кіраўніку ўстановы адукацыі ва ўзаемадзеянні з бацькамі і педагогамі адводзіцца ключавая роля. Дырэктар павінен быць неабыякавым і ўважлівым да кожнага супрацоўніка, бачыць у кожным прафесіянала. А калі ў яго нешта не атрымліваецца, абавязкова дапамагчы. Тое ж тычыцца і ўзаемадзеяння з сям’ёй. Мы павінны ўмець чуць адно аднаго, бо робім адну справу — імкнёмся выхаваць дзіця і даць яму тыя веды, якія неабходны для яго далейшага станаўлення як асобы.

Сёння ў школе неабходна будаваць работу такім чынам, каб калектыў установы адукацыі працаваў як адзінае цэлае, імкнуўся да дасягнення адзінай мэты. Толькі кансалідацыя намаганняў кіраўніка, педагогаў, навучэнцаў і бацькоў дазволіць не проста падтрымліваць існуючы ўзровень эфектыўнасці ўстановы адукацыі, але і рухацца наперад, развівацца, дасягаць поспехаў, быць лепшымі.

— Валянціна Іванаўна, якімі рысамі характару, лідарскімі якасцямі павінен валодаць кіраўнік, каб аб’яднаць вакол сябе каманду высакакласных настаўнікаў, натх­няць іх?

— У першую чаргу, добры дырэктар, як і добры настаўнік, павінен шчыра любіць тое, чым займаецца. Важна стварыць атмасферу даверу, узаемаразумення і ўзаемападтрымкі, захапіць калег адной ідэяй і мэтай, а яна ў нас насамрэч адна.

Што тычыцца ўменняў, якімі павінен валодаць кіраўнік, каб павесці за сабой каманду, то важна ўмець размяркоўваць абавязкі. Дырэктар установы адукацыі павінен расстаўляць прыярытэты такім чынам, каб на першым месцы былі клопат аб сваім калектыве, гімназіі, яе навучэнцах. Ганаруся тым, што калегі прыхо­дзяць да мяне па параду і дапамогу, калі гэта ім патрэбна. А каб дапамога была эфектыўнай, кіраўнік не павінен спыняцца ў сваім развіцці, ён павінен  паказваць прык­лад іншым.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА