Фітаторый, пялеты з макулатуры, разумныя кармушкі, ферамагнітнае ўгнаенне. Вучні сярэдняй школы № 1 Клічава імя П.А.Крываноса працуюць з адметнымі экалагічнымі праектамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Распрацоўкі маюць практычную накіраванасць, многія паспяхова ўкараняюцца ў дзейнасць установы адукацыі. У 1-й клічаўскай школе навучэнцаў актыўна далучаюць да даследчай дзейнасці. Летась тут стварылі музей-лабараторыю “Эксперыментус” — спецыяльную прастору для дасканалага знаёмства дзяцей са светам навукі.
— Ініцыятарам узнікнення лабараторыі стала маладая творчая настаўніца матэматыкі і фізікі Анастасія Альшэўская. Яна змагла захапіць вучняў даследаваннямі, матываваць іх на вынаходніцтва і здзяйсненне ўласных маленькіх навуковых адкрыццяў. Разам з навучэнцамі педагог тэматычна аформіла адно з вучэбных памяшканняў. Пасля кабінет быў аснашчаны неабходным абсталяваннем і тэхнікай. Зараз у дзяцей ёсць месца для рэалізацыі самых смелых ідэй, — расказала дырэктар Наталля Кніга.
Усяго за год лабараторыя “Эксперыментус” на справе пацвердзіла сваю патрэбнасць і значнасць. Пад кіраўніцтвам Анастасіі Альшэўскай хлопчыкі і дзяўчынкі распрацавалі шэраг адметных праектаў.
— Пачатковымі даследчымі крокамі вучняў было правядзенне доследаў і эксперыментаў, стварэнне розных інжынерных канструкцый. Але паступова дзеці сталі імкнуцца да распрацовак, якія прыносяць рэальную карысць. Так даследаванні набылі экалагічны напрамак. Сумесна з навучэнцамі мы задаліся канкрэтнай мэтай — зрабіць школу і яе тэрыторыю больш разумнай, зялёнай, камфортнай, — падзялілася Анастасія Васільеўна.

У аснове шматлікіх распрацовак — паўторнае выкарыстанне другаснай сыравіны. Напрыклад, з макулатуры вучні наладзілі выпуск пялетаў для атрымання цеплавой энергіі. Дзевяцікласнікі Арцём Базылёў і Максім Мацюшонак зрабілі ўстаноўку, пры дапамозе якой у дамашніх умовах можна пераўтвараць горы старой паперы ў экалагічна чыстае паліва.
— Праект узнік спантанна. Мая бабуля жыве ў хаце, якая абаграваецца печкай. Калі аднойчы яна папрасіла мяне прынесці дроў, нечакана задумаўся: а ці можна замяніць драўніну на лягчэйшае і больш экалагічнае паліва? Вырашылі паспрабаваць выкарыстоўваць макулатуру. Зрабілі прыстасаванне для перапрацоўкі паперы ў паліўныя пялеты. Узялі аўтамабільны дамкрат, дадаткова абсталявалі яго металічнай трубой і прэсам. Выдаткі на вытворчасць мінімальныя, а па энергетычнай каштоўнасці пялеты з макулатуры нічым не саступаюць драўняным. Важкі плюс — захаванне лясоў, бо для вырабу нашых пялет не трэба ссякаць дрэвы. Спадзяемся, што праектам зацікавяцца прадпрыемствы, — паведаміў Арцём Базылёў.
Юныя эколагі змаглі істотна палепшыць працэс догляду школьнай тэрыторыі. Навучэнцы сканструявалі сістэму аўтаномнага кропельнага паліву зялёных зон. Прылада збірае дажджавую ваду, дазваляючы ажыццяўляць паліў эканомна і эфектыўна.
Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама збудавалі ўтульныя хаткі-атэлі для насякомых і разумныя птушыныя кармушкі. Абсталяваўшы звычайную пластыкавую бутэльку трубой і датчыкам, дзеці зрабілі клопат аб птушках цалкам аўтаматычным.
З карысцю вучні навучыліся выкарыстоўваць і арганічныя адходы са сталовай. Лупіны ад яблыкаў, бульбы і бананаў тут не адпраўляюць ў вядро для смецця. Навучэнкі 9 класа Эвеліна Козыр і Насця Леваш дэталёва вывучылі прынцыпы біяэнергетыкі і навучыліся ператвараць рэшткі прадуктаў у біябатарэйкі, рэсурсу якіх хапае для асвятлення школьнага фітаторыя.
Дарэчы, фітаторый — яшчэ адзін характэрны праект даследчыкаў-пачаткоўцаў. Пад куратарствам педагога дзеці стварылі ў рэкрэацыях вертыкальныя градкі з раслінамі і аптэчны агарод, высадзілі кветкі, зрабілі фотазону з тапіярыем.
— Наяўнасць фітаторыя станоўча паўплывала на матывацыю навучэнцаў. Цяпер у дзяцей ёсць дадатковая пляцоўка для практычнага назірання за ходам экалагічных даследаванняў, — патлумачыла Анастасія Альшэўская.
Сёння вучні працуюць над сапраўднымі ноу-хау. Дзевяцікласніца Паліна Скрыпко падрабязна даследавала вермікультываванне і жыццядзейнасць каліфарнійскіх чарвякоў. З іх экстракту дзяўчына стварыла раназажыўляльную мазь. Праект быў адзначаны на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, у перспектыве навучэнка мае намер запатэнтаваць распрацоўку.
Не менш унікальны праект у дзевяцікласніцы Весты Юркавец. Яна прыдумала ўгнаенне на аснове ферамагнітнай вадкасці. Дзякуючы ўласцівасцям гэтай вадкасці, любое ўгнаенне ператвараецца ў магніт і дапамагае больш вынікова змагацца з захворваннямі раслін.

Усе свае распрацоўкі навучэнцы сярэдняй школы № 1 Клічава актыўна прэзентуюць. І праекты высока ацэньваюць. Так, нямала ўзнагарод атрымала даследаванне дзевяцікласніцы Віталіны Мацюшонак. З кукурузнага крухмалу і сідэратаў дзяўчына вырабіла біяраскладальныя шклянкі для расады. Матэрыял не забруджвае глебу і напаўняе расліну карыснымі для росту рэчывамі.
— Мае шклянкі — альтэрнатыва пластыкавым. Падтрымка ідэі натхніла рухацца далей у гэтым кірунку. Нядаўна стварыла мульчыруючую біяраскладальную плёнку, якая можа замяніць шкодны аграспанбонд, — запэўніла навучэнка.
Распрацоўка Віталіны атрымала дыпломы айчынных конкурсаў “ТэхнаІнтэлект” і “Таленты ХХІ стагоддзя”, была заўважана на міжнародных аглядах. Неаднаразова адзначаліся на прэстыжных конкурсах і канферэнцыях праекты іншых вучняў. Важна, што дзеці не спыняюцца ў сваіх даследаваннях. У найбліжэйшых планах — працяг эксперыментаў з другаснай сыравінай. Хутка ў школьных калідорах з’явяцца інтэрактыўныя панэлі і цікавыя арт-аб’екты з пластыкавых накрывак.
— Ініцыятывы Анастасіі Альшэўскай і яе выхаванцаў заўсёды заахвочваем. Ідэі вучняў не проста робяць школу прыгажэйшай. Даследаванні фарміруюць у дзяцей навыкі крытычнага мыслення. Хлопцы і дзяўчаты вучацца працаваць у камандзе, свядома падыходзяць да прафесійнага самавызначэння, — падкрэсліла Наталля Кніга. — Адбываецца і станаўленне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, пачуцця адказнасці за будучыню навукі і грамадства. Школьнікі растуць упэўненымі ў сабе лідарамі, гатовымі ўнесці асабісты ўклад у развіццё роднай краіны.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





