«Пять дзетак – хіба гэта шмат?». Узнагароджаная ордэнам Маці настаўніца Алена Хандрыка – аб матуліным шчасці

- 10:09Главная, Образование

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 309, ордэнам Маці ўзнагароджаны 227 беларусак. У іх ліку — настаўніца пачатковых класаў Русіноўскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Алена Хандрыка, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Яна з усмешкай прызнаецца: у дзяцінстве марыла стаць актрысай. Але пасля заканчэння школы вырашыла паслухацца парады маці, якая была ўпэўнена: з яе атрымаецца выдатная настаўніца, якую дзеці будуць любіць за вясёлы нораў і дабрыню. Скончыла Баранавіцкі дзяржаўны вышэйшы педагагічны каледж, потым Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”.

На 5 курсе ўніверсітэта Алена Хандрыка выйшла замуж, маладая пара пераехала жыць у аграгарадок Русіно. І яна, і муж Алег выраслі ў мнагадзетных сем’ях і марылі таксама стварыць вялікую сям’ю. Адзін за адным нарадзіліся трое першых дзетак — дачка Вольга і сыны Аляксей і Павел. Калі Алена Канстанцінаўна пасля трэцяга дэкрэта прыйшла працаваць у Русіноўскую школу настаўніцай пачатковых класаў, упэўнілася: маці мела рацыю, калі бачыла ў ёй патэнцыял педагога.

— Мне вельмі падабаецца мая работа. Вучні пачатковых класаў такія шчырыя, адкрытыя да ўсяго новага. Гэта вельмі натхняе, хочацца ўсё для іх зрабіць. Падабаецца зацікаўліваць іх новымі формамі работы, імправізаваць, бачыць, як яны крок за крокам узнімаюцца па лесвіцы ведаў. Заўсёды хвалю іх нават за маленькія поспехі, падбадзёрваю, — расказ­вае яна.

Адпрацаваўшы чатыры гады, Алена Канстанцінаўна пайшла ў чацвёрты, а  потым у пяты дэкрэтны водпуск, у якім знаходзіцца і зараз. Старэйшым дзецям 15, 13 і 10 гадоў, малодшым сынам Івану і Дзянісу — 3 і 1,5. Сям’я ў іх дружная, працавітая, таленавітая. Вольга скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, Аляксей і Павел таксама вучацца ў ёй зараз. Як і бацька, сыны любяць спорт, асабліва футбол і валейбол.

Жыве сям’я ў кватэры, а два гады назад дзякуючы дзяржпадтрымцы набылі дом. Зараз абсталёўва­юць яго пад свае патрэбы, робяць рамонт і з энтузіязмам рыхтуюцца да наваселля. Трое дзетак-школьнікаў бясплатна харчуюцца ў школе, маюць ільготу па аплаце за пад­ручнікі, а да пачатку навучальнага года атрымліваюць матэрыяльную дапамогу. Ужо неаднойчы за дзяржаўны кошт аздараўліваліся ў дзіцячых санаторыях.

Мнагадзетная маці падкрэслівае, што ніколі не ўяўляла сваё жыццё без дзяцей. Лічыць, што ёй вельмі пашанцавала сустрэць на сваім жыццёвым шляху чалавека, які падарыў ёй гэтае шчасце. Муж Алег — надзейны, клапатлівы, чулы, за ім сям’я як за каменнай сцяной. 

— Мне вельмі прыемна атры­маць ордэн Маці, гэта гонар для нашай сям’і. Хаця пяць дзетак — хіба гэта шмат? Вось калі іх 10 — тады бацькі сапраўды героі! — з усмешкай адзначае яна.

З нагоды Дня маці Алена Хандрыка жадае ўсім жанчынам, якія спазналі шчасце мацярынства, здароўя, унут­ранай гармоніі і радасці. Яна лічыць: трэба вельмі  цаніць тое, што ёсць дзіцячыя рукі, якія з любоўю цябе абдымаюць!

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара