Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду аб ходзе сельскагаспадарчых работ у краіне.
Распарадзіцца па-гаспадарску
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што больш як тыдзень назад даручаў ураду сумесна з аблвыканкамамі актывізаваць работу ў аграпрамысловым комплексе і перш за ўсё павялічыць тэмпы сяўбы азімых. “Гэта пытанне нумар адзін. Яго адкладваць нельга, таму што азімыя позна сеяць нельга — яны проста загінуць. Я прасіў працаваць не проста светлавы дзень, але там, дзе гэта магчыма — і ноччу”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што з-за неспрыяльных умоў надвор’я запаволіліся тэмпы ўборкі іншых сельскагаспадарчых культур. “Дзесяць дзён назад мы мелі ўсяго толькі палову, а можа, і менш, работ, якія трэба выканаць восенню, — канстатаваў ён. — Акрамя азімай сяўбы, трэба яшчэ апрацаваць глебу і перш за ўсё ўзараць. Гэта самы цяжкі від работы ў сельскай гаспадарцы на палях”.
Таксама неабходна якасна ўбраць кукурузу, у першую чаргу на зерне, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Гэта дасць магчымасць кампенсаваць дэфіцыт збожжавых. Працягваюцца работы і па ўборцы яравога рапсу. “Гэта таксама зерне і корм пасля таго, як мы атрымаем алей”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
“Гэта значыць работ непачаты край. Я яшчэ не сказаў пра бульбу, цукровыя буракі, пладовыя, ягаднікі і гэтак далей. Таму была аб’яўлена, можна сказаць, трывога. І я хацеў бы сёння пачуць даклады аб канкрэтных выніках праведзенай работы”, — сказаў Прэзідэнт.
Папярэднія вынікі ўборкі збожжавых культур у асноўным падведзены. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што тут ніякіх праблем не было: заказ выкананы. “Што непакоіць сёння (і гэта важнае пытанне, адказ на якое я хацеў бы пачуць): як, чым будзем карміць у зімова-стойлавы перыяд жывёлу? Накормім — будзе мяса, малако. Дрэнна накормім — будзе менш мяса, малака, карова выйдзе з зімоўкі аслабленай. Ведаеце наступствы. Таму пытанне нумар адзін: як, дзе і за кошт чаго будзем карміць жывёлу”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
“Трэба па-гаспадарску распарадзіцца атрыманым ураджаем, вырабіць і выгадна прадаць прадукцыю ва ўмовах гістарычна высокіх цэн на сусветным рынку харчавання, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Таксама неабходна ўбраць кукурузу якасна і без страт. Першыя намалоты паказваюць, што па гэтай культуры мы павінны сабраць большы ўраджай і часткова кампенсаваць недабор збожжавых”.
Прэзідэнт пацікавіўся, што тармозіць завяршэнне работ па асенняй сяўбе і нарыхтоўцы сіласных кармоў, якія пытанні засталіся нявырашанымі, што яшчэ дадаткова патрэбна аграрыям.
“Размова аб завяршэнні сяўбы сёння не ідзе. Я спадзяюся, што да канца дня (5 кастрычніка. — Заўвага аўт.) у вас будзе 90 працэнтаў і тыя хвасты, якія ў вас застануцца, вы ліквідуеце на працягу аднаго-двух дзён. Але далей цягнуць з азімай сяўбой нельга, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Яшчэ раз хачу папярэдзіць аграрыяў і перш за ўсё губернатараў: наперадзе вашы справаздачы па падзяжы, захаванасці жывёлы. Гэта пытанне ўжо генеральнага пракурора. Не думайце, што пра гэта забыта. Мы не можам дзясяткі тысяч галоў губіць штогод, таму што гэта грошы”.
Акрамя таго, звярнуў увагу Прэзідэнт, наперадзе зімовы перыяд, нельга адкладваць неабходныя работы на потым.
“Вельмі прашу захоўваць тэхналагічную дысцыпліну. І наогул без дысцыпліны нікуды. Таму адсюль мае жорсткія патрабаванні”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Пастаўка цукру — без перабояў
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што нядаўна з’явіліся паведамленні аб перабоях з пастаўкамі цукру ў магазіны. Гэтай інфармацыі Прэзідэнт здзівіўся: “З чаго раптам? Запасы на складах велізарныя, перапрацоўку пачалі. І раптам нешта там абвалілася. Глядзіце, мужыкі, яшчэ раз абваліцца — гэты абвал будзе ад гандлёвых сетак да ўрада”, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.
“Я разумею, калі нейкае няшчасце і чагосьці не хапае. Бачыце, “не паспелі завезці, лагістыка падвяла”. Гэта што, у Вялікабрытаніі? Дзе вадзіцеляў не хапае, каб паліва завезці на запраўку. Дык я не Джонсан (прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан. — Заўвага БелТА), я ж ведаю, адкуль ногі растуць. Таму глядзіце, каб у нас ні па цэнаўтварэнні, ні па пастаўках у магазіны для насельніцтва не было перабояў з таварамі”, — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Яблыневыя сады — універсітэтам і школам
“У нас школьнікі ўжо нават у вёсцы не ведаюць, што такое зямля, глеба. Яны ўжо не ўмеюць працаваць. А раней у кожнага былі падсобныя гаспадаркі, у кожнай школе. Дзеці нарыхтоўвалі сабе на ўсю зіму да наступнага ўраджаю і моркву, і буракі, і капусту — тое, што трэба да стала”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
За ўніверсітэтамі і школамі маглі быць замацаваны сады з пладовымі культурамі, сказаў кіраўнік дзяржавы. “Гектараў 15—20. І яны ўбяруць гэта. Мы забудзем, што такое польскі яблык, сваіх яблыкаў будзе дастаткова. Элементарна, здаецца, але не робім”, — канстатаваў Прэзідэнт.
Расходы на АПК у 2021 годзе — больш за Br2 млрд
Расходы кансалідаванага бюджэту на АПК у 2021 годзе склалі больш за Br2 млрд. Аб гэтым паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Субоцін на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы аб ходзе сельскагаспадарчых работ у краіне.
Паводле слоў віцэ-прэм’ера, у бягучым годзе ўрад захаваў аб’ёмы льготнага крэдытавання для арганізацый аграпрамысловага комплексу, дадаткова былі прадастаўлены крэдыты на закупкі збожжа. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту прафінансавана закупка 50 збожжаўборачных і 50 кормаўборачных камбайнаў. Усяго прадпрыемствы закупілі ў гэтым годзе 460 камбайнаў, больш за 650 трактароў і 2,5 тысячы адзінак іншай тэхнікі.
“Расходы кансалідаванага бюджэту на АПК у гэтым годзе склалі больш за Br2 млрд з ростам у 1,4 разу ў параўнанні з 2020 годам”, — сказаў Аляксандр Субоцін.
Экспарт прадукцыі з прыростам
Беларусь за студзень — жнівень экспартавала прадукцыі на $4,1 млрд. Аб гэтым сказаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко.
“Па выніках работы за 8 месяцаў экспарт беларускай прадукцыі склаў $4,1 млрд з прыростам да ўзроўню мінулага года $400 млн (тэмп росту 110,8 працэнта)”, — паведаміў міністр.
Іван Крупко адзначыў, што цяпер у краіне працягваецца ўборка бульбы і агародніны. У мінулым годзе Беларусь экспартавала 650 тысяч тон гэтай прадукцыі. Сёлета пастаўкі захаваюцца прыблізна на такім жа ўзроўні.
У прыватнасці, паводле слоў міністра, на 40 працэнтаў выраслі пастаўкі прадуктаў харчавання ва Украіну. На рынак Еўрапейскага саюза Беларусь таксама стала адгружаць на 40 працэнтаў больш прадукцыі. Напалову павялічыліся пастаўкі ў Кітай.
Сяўба завяршаецца
Па аператыўнай інфармацыі Мінсельгасхарча на 6 кастрычніка, сяўба азімых збожжавых у Беларусі праведзена на 89,7 працэнта запланаваных плошчаў.
Паводле даных на раніцу серады, пасеяна 1,306 млн га азімых збожжавых пры плане 1,456 млн га. У Брэсцкай вобласці сяўба завершана. У Мінскай вобласці пасеяна 313,2 тысячы га (91 працэнт), у Віцебскай — 194,6 тысячы га (84,2 працэнта), у Гродзенскай — 182,8 тысячы га (92,8 працэнта), у Гомельскай — 180,6 тысячы га (75,8 працэнта), у Магілёўскай — 200 тысяч га (95 працэнтаў).
Збожжавыя і зернебабовыя культуры (з кукурузай) убраны з 2,14 млн га (90,7 працэнта запланаванай плошчы). Намалочана 6,58 млн т збожжа. Па намалоце лідзіруе Мінская вобласць — больш як 1,6 млн т. Далей ідуць Брэсцкая — больш за 1,2 млн т, Гродзенская — больш за 1,1 млн т. У Магілёўскай вобласці намалочана 868,5 тысячы т, Гомельскай — 831,7 тысячы т, Віцебскай — 788,9 тысячы т.
Па матэрыялах БелТА падрыхтавала Вераніка КЛЮТЧЭНЯ.