“Радыёмікс”, які жыве на “Пазітыве” і вітамінах здароўя

- 15:47Адукацыйная прастора, Рознае
Агульнавядома, што школа дае веды, якія могуць спатрэбіцца ў будучыні. А вось наколькі ахвотна дзеці будуць хадзіць у школу, у многім залежыць ад настаўнікаў. Толькі дзякуючы павазе і шчырым адносінам навучэнцы будуць паслухмяна сядзець на ўроках, хадзіць на заняткі ў гурткі і з такой жа ахвотай прымаць удзел у пазаўрочным жыцці класа. А якую яшчэ карысць можна вынесці са сцен роднай школы?
Адказ на гэтае пытанне дакладна ведае Алена Францаўна Ляшковіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы Маладзечна Мінскай вобласці. Дзеля таго, каб зблізіцца з вучнямі і згуртаваць класны калектыў, настаўніца разгарнула ў межах школы цэлую бізнес-кампанію. Такім чынам, Алена Францаўна пачала займацца і эканамічным выхаваннем сваіх вучняў.

— Алена Францаўна, вы як класны кіраўнік паспяваеце вельмі многа. Асабліва ўражваюць вынікі створанай вамі бізнес-кампаніі “Пазітыў”. У чым сакрэт поспеху?
— Бізнес-кампанія “Пазітыў” пачала сваю дзейнасць 4 лютага 2013 года. На той момант школьныя бізнес-кампаніі (ШБК) пачалі дзейнічаць ва ўсіх сярэдніх навучальных установах Маладзечна і Маладзечанскага раёна. Назва “Пазітыў” — гэта прагноз на поспех і яркія эмоцыі, якія можна атрымаць, набыўшы нашу прадукцыю. Так, па сутнасці, і атрымалася. На 31 жніўня 2013 года наша ШБК была прызнана самай рэнтабельнай у раёне. Першымі ўдзельнікамі кампаніі сталі тры вучні 11 класа і два дзевяцікласнікі. Зараз у кампаніі працуюць 5 вучняў 9 класа. Работа ў дзяцей цікавая, творчая. Дарэчы, для таго, каб трапіць у “Пазітыў”, мы праводзілі кастынг. У выніку адабралі 5 чалавек, а гэта таксама калектыў! У кожнага ёсць свае абавязкі (з улікам асабістых даных і здольнасцей). Але самае галоўнае — гэта камандны дух. Толькі разам мы змаглі дасягнуць такога выніку. Навучэнцы не толькі атрымліваюць новыя эканамічныя веды, але і вывучаюць попыт, вучацца прапаноўваць свае паслугі, працаваць у камп’ютарных праграмах, складаць рэкламныя праспекты і, што немалаважна, валодаць сабой.

— Ці існуюць якія-небудзь сакрэты, на аснове якіх настаўнік можа пабудаваць дружалюбныя адносіны са сваімі вучнямі?
— Такіх прыёмаў існуе вялікае мноства. І ўсе яны апісаны ў педагагічнай літаратуры. Але самае галоўнае — гэта як мага больш часу праводзіць са сваімі дзецьмі. Гэта дазваляе і настаўніку лепш спазнаць вучняў, і дзецям дае магчымасць раскрыцца з розных бакоў. Для класнага кіраўніка вельмі важна не запісваць нікога ў любімчыкі. Неабходна ў кожным з дзяцей умець разгледзець патэнцыял, ведаць не толькі моцныя, але і слабыя бакі, каб у патрэбны час і падтрымаць, і дапамагчы. Гэтым сакрэтам, а таксама любові да рускай мовы і літаратуры я навучылася ў майго класнага кіраўніка Алены Уладзіміраўны Сіман.

— Якімі якасцямі павінен валодаць класны кіраўнік? Што трэба рабіць, каб яму давяралі? І што рабілі вы, каб зблізіцца з вучнямі?
— Жывая цікавасць да сваіх выхаванцаў, да іх асобы заўжды павінны прысутнічаць не толькі ў таго настаўніка, якому пашанцавала стаць класным кіраўніком, але і ва ўсім педагагічным калектыве. Дзеці, па сваёй сутнасці, асобы вельмі адкрытыя, і яны, у большасці выпадкаў, з самага пачатку настроены на сяброўства. І тут самае галоўнае — не згубіць гэты давер, не спужаць дзіця. Яшчэ адным не менш значным момантам ва ўсёй выхаваўчай рабоце з’яўляецца тое, наколькі сам класны кіраўнік давярае вучням. Калі дзеці бачаць, што ніякіх сакрэтаў у настаўніка няма, калі класны кіраўнік не ставіць сябе вышэй за вучняў, а знаходзіцца з імі на адным узроўні, сумненняў наконт таго, ці варта давяраць гэтаму чалавеку, не ўзнікае.

— Сёння на класнага кіраўніка ўскладзена адна з галоўных функцый устаноў адукацыі — выхаваўчая. Магчыма, у вас ёсць сакрэты, якія дапамагаюць дасягнуць балансу ва ўзаемаадносінах дзяцей адно з адным?
— Працэс выхавання — рэч даволі тонкая і складаная. Таму вельмі важна памятаць сябе дзіцем. Варта заўжды прыгадваць тое, наколькі важна для нас было зрабіць усё самім і па-свойму. Настаўнік, безумоўна, ведае, што і якім чынам павінны рабіць яго вучні. Але калі даць дзіцяці шанс паспрабаваць свае сілы самастойна, магчыма, атрымаецца не ўсё, не зусім хутка і якасна, як хацелася б. Але гэта ўжо будзе вопыт вучня, а мы павінны быць побач і падтрымліваць, падказваць у патрэбны момант. Усё будзе атрымлівацца правільна: і на дзіця не ціснем, і знаходзімся побач з ім. Гэта, паверце, дарагога каштуе. Ва ўсе часы дзеці былі аднолькавымі. Гледзячы на навучэнцаў, я прыгадваю аднакласнікаў і тое, наколькі цікавым было наша школьнае жыццё. І калі адчуваеш сябе на месцы вучняў, гэта найбольш поўна дапамагае знайсці правільны выхад з сітуацыі, падабраць правільныя словы і адшукаць рашэнне.

— Ведаю, што падчас класных гадзін вы праводзілі доследы, арганізоўвалі цікавыя праекты.
— Так, доследы мы праводзілі падчас арганізацыі праекта “Здаровае харчаванне. Даказаць аксіёму”. Гэта быў вельмі цікавы і карысны дослед не толькі для вучняў, але і для бацькоў, якія прымалі ўдзел у эксперыменце. Такім чынам, дзеці праводзілі дослед па вывучэнні ўздзеяння некаторых прадуктаў харчавання на арганізм чалавека. Для першага эксперымента мы ўзялі тры ёмістасці. У адну налілі мінеральную ваду, другая была напоўнена квасам, а ў трэцяй знаходзілася папулярная кoкa-кола. І ў кожную з вадкасцей мы паклалі абалонку курынага яйка. На 2 тыдні ўсе ёмістасці паставілі ў шафу, каб не было спакусы раней часу праверыць, што ж такога там адбылося. Дзецям было цікава, ці насамрэч абалонкі растворацца ў модных газіраваных напоях. І вось напрыканцы снежня мы вырашылі праверыць, што ў нас атрымалася. Вы проста не ўяўляеце, як былі здзіўлены дзеці, калі ўбачылі знявечаную абалонку, якая мела непрыемны пах. Акрамя гэтага, навучэнцы ўстанавілі яшчэ адну заканамернасць. Тая ёмістасць, якая была напоўнена квасам, была пакрыта цвіллю. Крыху пазней цвіль з’явілася і ў той пасудзіне, куды была наліта мінеральная вада. А вось кoкa-кoлa зусім не змянілася, хоць абалонка курынага яйка, змешчаная ў ёй, была найбольш пашкоджанай. Высновы дзяцей былі відавочнымі: газіраваныя напоі маюць у сваёй аснове такі хімічны склад, які, зыходзячы з вынікаў эксперымента, згубна ўздзейнічае на арганізм чалавека. Пасля доследаў з напоямі мае вучні прапанавалі праверыць на ядомасць яшчэ адзін любімы ласунак з кіёска — кірыешкі. Аказваецца, гэты прадукт, зроблены быццам бы з сапраўднага хлеба, добра гарыць і мае даволі спецыфічны пах. А гэта значыць, як заўважылі дзеці, толькі адно: гэты хімічны ўзор трэба неадкладна знішчыць.
А для таго, каб падтрымаць жыццёвы тонус і перанесці эпідэмію грыпу з мінімальнымі стратамі, а таксама прадоўжыць тэму здаровага і правільнага харчавання, мы вырасцілі на сваім падаконніку вітамінны процівірусны комплекс — часночна-цыбульнае дрэва! Так што кожны жадаючы можа зайсці ў клас і паспрабаваць на смак вітамін здароўя.
Акрамя гэтага, у нашым класе былі арганізаваны і праведзены экалагічны праект “Калі я хачу жыць на Зямлі”, у рамках якога адбыўся рэйд-эксперымент “Шпікі”, экалагічныя вечары “Марская стыхія”, “Чароўны свет прыгажосці” і тэатральныя замалёўкі.

— Алена Францаўна, разам са сваімі вучнямі вы заснавалі школьную радыёстанцыю “Радыёмікс”. Раскажыце, калі ласка, пра гэта больш падрабязна.
— У нашай школе ўжо вельмі даўно выдаецца газета “Вялікі перапынак”. Узнікненне радыёстанцыі — гэта наша з дзецьмі даўняя мара. А мары, як вядома, трэба здзяйсняць. І вось крыху больш як шэсць гадоў назад, акурат да Дня настаўніка, быў падрыхтаваны пілотны выпуск. Чаму “Радыёмікс”? Таму што хацелася стварыць кактэйль, напоўнены цікавай інфармацыяй і прыемнай музыкай. Навіны для выпускаў дзеці шукалі самі. Безумоўна, мы стараемся працаваць у розных жанрах. Са школьнага прыёмніка на перапынках гучаць інтэрв’ю на актуальныя тэмы, агучваюцца афішы школьных мерапрыемстваў, гарадскіх свят, расказваецца пра вядомых асоб. Ёсць у нас і “Стол заказаў”, у якім можна пакінуць віншаванні, а таксама перадаць прывітанні. Былі ў нас і незвычайныя выпускі: “Ражджаство з класічнай музыкай”, паэтычны выпуск “Усё пачынаецца з кахання”, выпуск-акцыя “За здаровы лад жыцця”, навагодняя шоу-праграма “Спяваем разам з Дзедам Марозам”. Не абыходзяцца выпускі і без конкурсаў, апытання і анкетавання на школьныя тэмы. У ролі вядучых сябе паспрабавала нямала чалавек. Многія зрабілі высновы, што ім больш цікава пісаць сцэнарыі або збіраць навіны. А вось для таго, каб сядзець за мікшарам, трэба мець талент. Падабраць тэму размовы, зацікавіць слухачоў і прыгожа размаўляць — гэта вельмі адказная справа.

— Ці ўзнікалі ў межах вашага класа праблемы ўзаемаадносін дзяцей і бацькоў? Наколькі актыўна задзейнічаны бацькі ў школьным жыцці сваіх дзяцей?
— З бацькамі, як і з вучнямі, мне пашанцавала. Я заўжды адчувала падтрымку. А гэта значыць, што мост даверу паміж намі быў узведзены. Няма сэнсу спрачацца, што кожная мама і тата жадаюць бачыць сваіх дзяцей паспяховымі асобамі. Бацькам хочацца, каб іх дзіця рэалізавала сябе ў жыцці, было ўпэўнена ў сваіх сілах, умела наладжваць зносіны з людзьмі. Як класны кіраўнік я бачу дзяцей у адной сітуацыі, бацькі дома бачаць іх у іншых умовах, з іншым настроем. І ўвесь сэнс пазакласных мерапрыемстваў з удзелам бацькоў у тым, што яны бачаць дзяцей іншымі, назіраюць за іх узаемаадносінамі з аднакласнікамі, а значыць, могуць уявіць, як будзе сын ці дачка паводзіць сябе ў грамадстве, наколькі адкрытымі, камунікабельнымі яны з’яўляюцца. Узаемадапамога і паразуменне паміж бацькамі і настаўнікамі — гэта ключ да поспеху. І самае галоўнае — гэта быць адкрытым да дыялогу. А часам важна проста шчыра пагаварыць з такім жа дарослым чалавекам, які разам з табой перажывае за агульны вынік.

 

Наталля ДУБІК.